Пасольства Швецыі ў Беларусі распачынае новы анлайн-праект “Шведскія казкі беларускім дзеткам” на сваім новым YouTube канале Embassy of Sweden in Minsk.

За апошнія дзесяць год пасольства ўдзельнічала ў стварэнні дзясяткаў цікавых праектаў паводле сусветна вядомых шведскіх казак пра карову Маму Му і яе сябра Крумкача, Пэтсана і коціка Фіндуса, Біла і Болу, Віту Белую Крэску і іншых.

“Са спектаклямі і чытаннямі для дзетак мы аб’ездзілі амаль усю краіну, наведалі школы і інтэрнаты, рэабілітацыйныя ўстановы і бібліятэкі, дзіцячыя садкі і клубы. І вось настаў момант, калі мы гатовыя падзяліцца ўсім гэтым багаццем з тымі, хто ўжо стаў аматарам шведскай дзіцячай літаратуры, і з тымі, хто толькі пачынае ёй цікавіцца”, — паведамляе прэсвая служба шведскага пасольства.

Пасол Крысціна Юханесан ласкава пагадзілася распачаць праект чытаннем казкі Юі Вісландэр "Мама Му чытае" ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч на беларускую мову.

У хуткім часе канал папоўніцца не толькі запісамі чытанняў новых казак, але і спектаклямі, песнямі, кулінарнымі майстар-класамі і шмат чым іншым.

Падтрымку гэтай ідэі аказвае кампанія ІКЕА ў Беларусі.









X