Тэатр эстрады ў Дзень усіх закаханых парадуе гледачоў прэм'ерай унікальнага шоў —мюзікла-прытчы «Ты і я» на беларускай мове. Новая метафарычная пастаноўка навеяная сюжэтамі і вобразамі карцін Марка Шагала.

Па словах аўтара і рэжысёра праекта Уладзіславы Арцюкоўскай, гледачы пагрузяцца ў дзіўную гісторыю сну і явы. Здзівяць публіку арыгінальнай пастаноўкай у стылі мадэрн, якая распавядае прытчу пра каханне. Меладычнасць беларускай мовы дазваляе стварыць неверагоднае музычнае рашэнне мюзікла, міксуючы такія напрамкі як фольк-мадэрн і рок.

Па сюжэце два персанажа Ён і Яна цягнуцца адзін да аднаго як дзве супрацьлегласці, і якія б сілы ні перашкаджалі ім, як бы ні падзялялі іх час і лёс, яны не могуць адзін без аднаго. Таму што Ён — гэта карані, а Яна — гэта галінкі аднаго дрэва, дрэва жыцця.

Цікавым і новым выглядае сцэнічнае афармленне. Уся сцэна будзе быццам абсыпаная пяском. А сцэнічную прастору ўяўляе сабой нібы празрысты, «шкляны» пакой. Белая вопратка персанажаў і дэкарацыі ў стылі мадэрн будуць своеасаблівым экранам для відэапраекцый.

Галоўныя ролі сыграюць маладыя беларускія артысты, пераможцы розных фестываляў і конкурсаў: Аляксей Грос, Вераніка Грыгаровіч, Аляксандр Саванец, Вольга Калеснікава, Мікіта Касцюкевіч, Інга Кісялёва. Цудоўныя нумары будуць і ад балета тэатра «Fusion».

Аўтар музыкі новай пастаноўкі — кампазітар і спявак Аляксандр Сухараў.

Прэм'еру мюзікла-прытчы «Ты і я» можна будзе ўбачыць у Тэатры эстрады 14 лютага ў 19:00, а таксама 20 сакавіка і 2 красавіка.