Павел СЕВЯРЫНЕЦ Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Лукашэнка кажа, што незалежнасць не аддасць. І тут жа абяцае падпісаць трыццаць дарожных картаў.

Расказвае казкі пра 400 удзельнікаў пратэстаў (яму хочацца, каб так і было — вось для чаго яны палохаюць людзей абзвонамі, судамі і арыштамі).

Гэты чалавек хлусіць у кожным слове. Ён гуляе з крамлёўскімі махлярамі ў падкіднога на Беларусь. Ён гандлюе тым, што яму не належыць і чым гандляваць нельга.

Незалежнасцю. Краінай.

У сваю чаргу, развязныя маскоўскія мафіёзі ўжо ў адкрытую зьдзекуюцца. І нагадваюць:

— Э, чувак, всё, что есть, гоні! Валюта, налогі, власть. Ты чё, плоха поэл?!

А ў нас, беларусаў, толькі адно выйсце і толькі адзін шлях. Плошча. Вуліца.

Прычым ня толькі ў Менску. Трэба выходзіць па ўсёй Беларусі. Так, як зрабілі гэта беларусы ў Гародні, Пінску, Лідзе ды шмат якіх гарадах па ўсім свеце.

Бярыце справу ў свае рукі — не чакайце, пакуль зробіць хтосьці іншы!

Бог задае пытанне кожнаму з нас:

— Гэта твая краіна? Твая, упэўнены? Ты гатовы выйсці за яе?

Нас ужо пачынае чуць свет, пачынае чуць народ — але робіць выгляд, што ня чуе, і затыкае вушы Пуцін. Нам трэба сказаць так, каб і гэтыя пачулі. На поўныя грудзі.

Думаю, у бліжэйшыя дні і расейцы, і рэжым актуалізуюць тэму далейшымі перамовамі, сустрэчай ці падпісаннямі (альбо непадпісаннямі). Але ў любым разе дзясяткі людзей, якія мне пішуць, прапануюць зрабіць акцэнт на тэме: «Што замест Саюза з Расеяй». Як мы абыдземся без таннай нафты і газа, што зробім, калі Расея будзе абмяжоўваць свой рынак у выпадку адмовы ад інтэграцыі і так далей.

Было б супер, калі б дасведчаныя эканамісты, палітыкі, эксперты выступілі 29-га альбо перад. Трэба не складаныя праграмы, а хутчэй лозунгавае пасланне да людзей — у тым ліку і ў форме плакатаў.

Прапануецца зрабіць вялікія карыкатурныя ігральныя («дарожныя») карты, якія несці на шэсці і трымаць падчас мітынгу.

Прапануецца два новых эфекты ў гуку: шмат свісткоў (аглушальны гук, у 1997-м, хто памятае, файна пайшло) і «пратэстны аркестр» — самаробныя барабаны з пустых 5-10 літровых пластыкавых бутляў (папулярная штука на пратэстах у свеце, ці проста барабаны, моладзі добра заходзіць).

Зноў будуць сцягі з гербамі гарадоў.

З рэгіёнаў нас ужо дакладна падтрымаюць Магілёў, Віцебск, Баранавічы, абдумвае Гародня, спрабуем Гомель, Берасце.

Просім падтрымкі ў іншых гарадах, у новых ідэях, у лозунгах і плакатах «Як пражывем без саюза».

Незалежнасць — народная справа, сябры!

НІЯКІХ САЮЗАЎ З ІМПЕРСКАЙ РАСЕЯЙ.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.