Ініцыятыўная група гамельчан распачала збор подпісаў за вывучэнне, даследванне і ўшанаванне месцаў масавых растрэлаў НКУС 1930-40-х гадоў пад Гомелем.

Зварот будзе накіраваны ў Гомельскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, пракуратуру, упраўленне Следчага камітэту, упраўленне Камітэту дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці.

У склад ініцыятыўнай групы уваходзяць журналісты, гісторыкі, музыкі, грамадска-палітычныя актывісты. Каардынатар групы журналістка Ларыса Шчыракова у відэазвароце распавядае пра сучасны стан месцаў растрэлаў.

“Нявінныя ахвары палітычнага тэрору 30-х — пачатку 40-х гадоў ляжаць тут непахаваныя не па хрысціянскіх, не па чалавечых нормах. Не пад крыжамі і ў трунах, а зваленыя ў яміны. А іх косткі валяюцца на зямлі, іх расцягваць сабакі ды птушкі. Калі мы лічым сябе цывылізаванымі людзьмі, то гэта ненармальна”, — падкрэсліла удзельніца ініцыятыўнай групы.

Для ушанавання месцаў масавых растрэлаў група прапаноўвае:

  • правесці даследванне, раскопкі і вывучэнне (навукоўцамі-археолагамі) масавых пахаванняў з чалавечымі парэшткамі, са слядамі гвалтоўнай смерці ў ваколіцах Гомеля;
  • па выніках раскопак змясціць усю інфармацыю ў мясцовых СМІ;
  • правесці грамадскае абмеркаванне канцэпцыі ўшанавання растрэльных месцаў;
  • надаць месцам масавых пахаванняў асаблівы ахоўны статус;
  • узвесці мемарыял у памяць аб бязвінна загінулых людзях, ахвярах палітычных рэпрэсій;
  • у помніку-мемарыяле перапахаваць неапазнаныя чалавечыя парэшткі, у выпадку, калі магчыма ідэнтэфікаваць парэшткі, даць магчымасць сваякам загінулых перапахаваць іх;
  • кантроль дзейнасці па раследванні і вывучэнні месцаў масавых растрэлаў ажыццяўляць пад кантролем адмысловай грамадскай камісіі.

Подпісы будуць збірацца цягам трох месяцаў у электронным варыянце на сайце Petitions.by, а таксама у сябраў ініцыятыўнай групы.

У БССР у 1920-1950-я гады паводле крымінальных справаў судовым і несудовым спосабам было рэпрэсавана 235,5 тыс. чалавек. Частка гэтых людзей былі растраляны непасрэдна каля Гомеля — у Бутулінскім і Шчыкатоўскім лесе на выездзе з горада справа і злева ад Чарнігаўскай шашы. Дагэтуль нявінныя ахвяры тэрору не пахаваны належным чынам. Існуе небяспека раскопвання парэшткаў “чорнымі капальнікамі” у пошуку артэфактаў.

Сваякі рэпрэсаваных не ведаюць, дзе магілы іх продкаў, куды можна прынесці кветкі і паставіць памятны знак.

Згодна з пастановай Вярхоўнага савету Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года “Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920-х — 1980-х гадоў” органы дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, пракуратуры абавязаны спрыяць сваякам і грамадскім аб’яднанням у адшукванні месцаў пахавання асобаў, растраляных і памерлых у месцах пазбаўлення волі.