Этна-трыа “Троіца” святкуе 20-годдзе вялікім сольным канцэртам у Мінску.

Іван Кірчук, Юрый Паўлоўскі і Юрый Дзмітрыеў запрашаюць у чарговае магічнае падарожжа па беларускай спрадвечнай музыцы.

2 снежня ў Палацы прафсаюзаў упершыню разам з “Троіцай” сыграюць і знакавыя беларускія музыкі, імёны якіх будуць раскрытыя трохі пазней.

Адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў у свеце за дваццаць гадоў існавання сыграў на сотні вялікіх фестываляў ад Малайзіі да Чылі, на рахунку “Троіцы” і выступы на папулярнейшым у Еўропе Sziget Festival, а таксама ўдзел у буйнейшым этна-фестывалі WOMAD, які ладзіць экс-удзельнік брытанскага гурта Genesis і прадзюсар этна-выканаўцаў Пітэр Гэбрыэл.

Насамрэч гісторыя “Троіцы” налічвае больш за 20 гадоў. Збіраць фальклор, апрацоўваць і выкладаць яго Іван Кірчук пачаў яшчэ на пачатку 1980-х. Тады ж з выпускнікоў тагачаснай “Культасветвучэльні” быў створаны ансамбль “Дзіва”. Аднойчы ў сярэдзіне 1990-х музыкі Віталь Шкілёнак і Дзмітрый Лук’янчык прапанавалі Кірчуку запісаць сумесна народную песню, якая б добра лягла пад гітарны рыф. І пачалося…

“У мяне акурат была палеская песня “Трава, мая травушка”. Я і кажу: “Давайце паспрабуем!”, — прыгадвае Іван Кірчук першыя крокі “Троіцы”. — Песня вельмі ўдала лягла, і яны прапанавалі збірацца. І тут нас пачалі клікаць амбасады: амерыканская, індыйская… Пасля нас запрасіў Юрый Шаўчук сыграць на разагрэве DDT у Мінску і выступіць на піцерскім рок-фэсце, дзе ён танчыў пад “Яблынь мая”. Далей Стас Намін паклікаў у Маскву... За тры гады мы даволі добра пашумелі. Адно за адно і ўсё пайшло”.

Пасля з'яўлення першага альбома пад назвай “Троіца”, які выйшаў у Галандыі, склад гурта змяніўся. На змену Лук'янчыку і Шкілёнку ў 1999-м прыйшлі два Юрыя — Паўлоўскі і Дзмітрыеў. Мала, хто ведае, што тады трыа нават змяніла назву на “Этна”, але пад націскам прыхільнікаў перайменавалася ў “Этна-трыа Троіца”.

З таго часу сённяшні калектыў і адлічвае свой пачатак. Таму менавіта сёлета адзначае 20-годдзе і запрашае ўсіх адсвяткаваць юбілей разам у Палацы культуры прафсаюзаў.

Музыкі абяцаюць самае лепшае і неспадзяваных гасцей, з якімі сыграюць вядомыя хіты.

Квіткі ўжо ў продажы ва ўсіх касах і на сайтах білетных аператараў. Кошт: ад 28 рублёў.