Януш Вішнеўскі: Калі я магу паўдзельнічаць у папулярызацыі беларускай мовы, я павінен гэта зрабіць Фота: Agencja Gazeta

Польскі пісьменнік – пра

«Я не разумею, чаму ваша родная мова іграе ў краіне другую ролю: Беларусь стала свабоднай прыкладна ў той жа час, што і Польшча, — гэта былі цяжкія гады, але для таго, каб мова вярнулася, часу было дастаткова», — сказаў знакаміты польскі пісьменнік Януш Вішнеўскі.

Наўрад ці з сучасных польскіх пісьменнікаў нейкае імя вам вядомае лепш за імя Януша Леона Вішнеўскага — інфарматыка, хіміка, фізіка, які ў свой час прагрымеў і грыміць дагэтуль узрушальным раманам «Адзінота ў сеціве». За сусветным бестселерам пайшлі кнігі «Палюбоўніца», «Паўтарэнне лёсу», «На Фэйсбуку з сынам» і іншыя, але нарэшце да выдання гатова тое, чаго аматары Вішнеўскага сапраўды чакалі, — працяг «Адзіноты ў сеціве», які павінен выйсці і ў Беларусі.

Сам аўтар расказаў пра гэта на творчай сустрэчы ў Мінску, арганізаванай у Дзень Польшчы 15 чэрвеня, прычым выказаў намер паспрыяць таму, каб на беларускай мове кніга выйшла раней, чым на рускай. Пасля творчай сустрэчы і ледзь не двухгадзіннай раздачы аўтографаў аўтарка газеты «Звязда» Ірэна Кацяловіч паразмаўляла са спадаром Вішнеўскім.

На стале ляжалі падораныя яму палявыя кветкі, а сам пісьменнік безупынна курыў і раз-пораз смяяўся, расказваючы пра кур'ёзы свайго жыцця.

— Чаму вы хочаце, каб ваша наступная кніга ў нашай краіне выйшла спачатку ў беларускім перакладзе?

— «Адзінота ў сеціве» была вельмі папулярная ў Беларусі, і, я думаю, калі яе працяг выйдзе спачатку на беларускай, людзі будуць больш чытаць на сваёй мове.

Я не разумею, чаму ваша родная мова іграе ў краіне другую ролю: Беларусь стала свабоднай прыкладна ў той жа час, што і Польшча, — гэта былі цяжкія гады, але для таго, каб мова вярнулася, часу было дастаткова.

У Казахстане і Кыргызстане мае кнігі таксама чытаюць на рускай. Я бываў на мерапрыемствах ПЭН-клуба ў Казахстане: яны пачыналіся на казахскай, і некаторыя казахі карысталіся навушнікамі, каб слухаць пераклад на рускую, у выніку сустрэчы ўсё роўна заканчваліся на рускай.

Ва Украіне мае кнігі выдадзены на дзвюх мовах, але цяпер там іншая сітуацыя — мова стала элементам палітыкі. Я нічога не маю супраць рускай, яна вельмі прыгожая, я шчаслівы, што магу чытаць рускую класіку ў арыгінале, бо без яе цяжка ўявіць сусветную літаратуру. Але, думаю, калі я магу паўдзельнічаць у папулярызацыі беларускай мовы — нават такім нязначным элементам, як выданне кнігі, — я павінен гэта зрабіць.

— Да тэмы набыцця незалежнасці: вы неяк сказалі, што ў 1980-х, яшчэ сацыялістычнай дзяржавай, Польшча была «самая свабодная, вясёлая і праветраная». Што гэта быў за час?

— Польшча заўсёды была больш свабодная ў параўнанні з Усходняй Германіяй, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй. Нам можна было, напрыклад, падарожнічаць: нашы пашпарты захоўваліся ў скрынях у аддзяленнях міліцыі, але часам гэтыя скрыні адчыняліся. Ва Усходняй Германіі, праз якую я часта праязджаў на шляху ў Заходнюю, гэта было немагчыма, як і ў СССР, дзе падарожнічаць маглі толькі спартсмены, апаратчыкі і людзі з сувязямі. У 80-х мне было лягчэй паехаць у Амерыку, чым у Расію: каб паехаць у Расію, трэба было атрымаць запрашэнне, але ніхто палякаў запрашаць не хацеў, а для паездкі ў Амерыку гэтага не патрабавалася.

— Свабода выяўлялася толькі ў гэтым?

— Таксама ў становішчы касцёла. Калі ў савецкіх гарадах храм мог стаць, напрыклад, басейнам, то ў Польшчы абмежаванняў у рэлігіі не было. Дакладней, польская савецкая ўлада спрабавала з ёй змагацца, але ведала, што ніколі ў гэтай барацьбе не пераможа. Касцёл стаў нефармальнай апазіцыяй, носьбітам свабоды.

Можна сказаць, рух «Салідарнасць» пачаўся з таго, што Папам Рымскім стаў паляк. Менавіта Ян Павел ІІ прыехаў у Польшчу з меседжам «Свабода». Студэнтам я працаваў гідам для турыстычных груп: калі прыязджалі рускія, яны хацелі перш за ўсё схадзіць на стрыптыз і, хоць на польскай, паглядзець які-небудзь амерыканскі фільм, таму што ў Савецкім Саюзе іх не пракатвалі. У нашых кінатэатрах заўсёды былі амерыканскія, французскія, шведскія карціны, і само польскае кіно 1980-х стала найлепшым у Еўропе. Кшыштаф Кесьлёўскі, Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, Агнешка Холанд заўсёды, можа, і не адкрыта, а паміж радкоў, знаходзіліся ў апазіцыі ўладзе.

— Вы з'ехалі ў Германію толькі з прафесійных амбіцый?

— Так, у 1980-х ва Усходняй Еўропе доступ да тэхналогій быў моцна абмежаваны. На захадзе былі 16-бітныя камп'ютары, а ў Польшчы і Савецкім Саюзе толькі 8-бітныя. Я напісаў кандыдацкую працу па інфарматыцы ў ЗША і калі вярнуўся ў Польшчу, у мяне было адчуванне, што я працую ў музеі і ахоўваю камп'ютар, які ніхто не хоча ўкрасці. Ён быў выраблены ў СССР.

Я шукаў магчымасці з'ехаць туды, дзе змагу выкарыстаць свае веды і развівацца, і аднойчы мой сябар запрасіў мяне зрабіць даклад у адным з інстытутаў у Франкфурце-на-Майне. Мне абяцалі заплаціць за гэта трыста марак, а ў Польшчы ў месяц я зарабляў пяцьдзясят, да таго ж замежная валюта адкрывала ў нашых крамах шырокія магчымасці. І я паехаў. Пасля даклада дырэктар інстытута прапанаваў мне застацца ў іх працаваць. Я спакойна адказаў, што падумаю, а на самай справе трыумфаваў. У першы дзень працы ў Германіі я атрымаў асобны кабінет, дзе на рабочым стале стаялі адразу два найноўшыя камп'ютары, а ў гэты час у Польшчы ў нас на ўвесь універсітэт быў толькі адзін.

Спачатку было цяжка: я не размаўляў на нямецкай і не меў да немцаў якіх-небудзь цёплых пачуццяў, паколькі мой бацька чатыры гады быў вязнем канцэнтрацыйнага лагера. Але ў выніку Франкфурт-на-Майне стаў маёй маленькай радзімай, па якой пасля пераезду ў Польшчу я сумую.

— У мяне якраз было падрыхтавана пытанне аб патрыятызме: вы трыццаць два гады пражылі ў Германіі, але ўсё роўна вярнуліся ў Польшчу...

— Мне здаецца, кожны паляк, знаходзячыся ў эміграцыі, пакідае нераспакаваным адзін віртуальны чамадан, які заўсёды гатовы да вяртання. Усе трыццаць два гады гэты чамадан быў у мяне напагатове. Мае дочкі — ужо іншыя, яны любяць бываць у Польшчы, але жыць там не хочуць. Усё самае важнае ў іх здарылася ў Германіі. Памятаю, мы з сям'ёй былі ў ЗША і зайшлі паабедаць. Нехта спытаў нас, адкуль мы прыехалі: мы з жонкай адказалі, што з Польшчы, а нашы дочкі, што з Германіі. Мы ўсё зрабілі, каб прывіць дзецям польскую мову і культуру, але калі сёння спытаць іх, хто яны, — скажуць, што немкі.

— Як змянілася Польшча ў параўнанні з той, з якой вы з'ехалі?

— Проста неверагодна змянілася: я з'язджаў з камуністычнай дзяржавы, а вярнуўся ў сучасную заходнюю краіну з дэмакратыяй, свабодай, развітай інфраструктурай, дзе можна купіць усё, чаго было нельга купіць у 1980-х, дзе ёсць магчымасць падарожнічаць, дзе працавітыя людзі могуць зарабляць добрыя грошы.

У 1987 годзе ў Польшчы было толькі дзевяць кіламетраў аўтастрады, і тая пабудаваная немцамі, а цяпер па аўтастрадзе я магу даехаць з Франкфурта ў Варшаву: у 1980-х ні адзін наркотык не прымусіў бы мяне такое ўявіць. Калі ў 80-я рабілася сумна, можна было ўзяць бутэльку гарэлкі і пайсці да некага раздзяліць яе. Цяпер, калі ты прыйдзеш у госці без папярэджання, ні ў кога на цябе не будзе часу. Сённяшняя Польшча зусім іншая.

Фота: dziennik.pl

— Хачу пераключыцца на такі, мяркуючы па ўсім, блізкі вам стан, як меланхолія. Стагоддзямі яе лічылі хваробай і прыдумлялі разнастайныя спосабы лячэння. Як вам здаецца, яе трэба лячыць?

— Не, не трэба, без меланхоліі не было б паэзіі, французскага рамантызму, Міцкевіча і Гётэ. Жыццё ў цэлым вельмі тужлівае: штодня мы робім адны і тыя ж дзеянні і толькі на піках сінусоіды, па якой усё развіваецца, адчуваем шчасце. Нават каханне, якое пачынаецца так ярка, урэшце губляе сваю насычанасць.

Я часта адчуваю меланхолію, у гэтым стане мне лягчэй пісаць, таму што менавіта драмай хочацца дзяліцца. І кнігі мае вельмі сумныя. Акрамя таго, у нас, у славян — беларусаў, палякаў, украінцаў, рускіх — шчасце магчыма толькі праз пакуту. Напэўна, таму, што наша гісторыя ёй поўная. Галандцы, напрыклад, думаюць, што шчаслівым можна быць пастаянна; у Швейцарыі ніякіх войнаў не было, і людзі не ведаюць, што такое сапраўдная трагедыя (але гэта нудны народ).

— У мяне выклікае нейкі дысананс ваша паэтычнае стаўленне да кахання і тое, як вы тлумачыце яго з пункту гледжання навукі. Хіба адно другому не супярэчыць?

— З пункту гледжання фізіялогіі можна растлумачыць любое пачуццё — нуду, пакуту, сорам і гэтак далей. Я гляджу на каханне як навуковец, а ўвечары саджуся пісаць кнігу і гляджу на яго ўжо як паэт. Уявіце сабе астранома, які сядзіць каля мора і глядзіць на змярканне: краявід цудоўны, але астраном ведае, напрыклад, што сонца — гэта сярэдняй велічыні зорка, тэмпература паверхні якой складае шэсць тысяч кельвін, дзе энергія выпрацоўваецца ў выніку сінтэзу гелію і вадароду і гэтак далей, але астраном таксама атрымлівае асалоду ад віду. Так і навуковец, калі ён закаханы, не думае пра хімію. І потым, на галоўныя пытанні, чаму гэтыя канкрэтныя працэсы адбываюцца ў мозгу, то-бок як і калі каханне пачынаецца, ніхто не адказаў. Я ведаю, што адбываецца ў вас у галаве, але не ведаю, чаму. Думаю, навукоўцы ніколі гэтага не пазнаюць. Калі б яны адкрылі, як справакаваць тыя ці іншыя пачуцці, гэта быў бы жах.

— Калі чытаеш вашы кнігі, здаецца, што адной са сваіх задач вы ставіце даследаванне жаночай натуры. Наколькі гэта даследаванне паспяховае?

— Яшчэ маладым чалавекам я заўважыў, што жанчыны іншыя, інакш думаюць, могуць у адну хвіліну перайсці ад абсалютнага энтузіязму да слёз (у мужчын такое бывае толькі ад гарэлкі). У пятнаццаць гадоў я пачаў навучанне ў марской школе.

Я памятаю, як у часы Савецкага Саюза мы думалі, што на Захадзе ўсе багатыя, шчаслівыя і ездзяць на машынах (калі я стаў наведваць заходнія краіны, зразумеў, як мы памыляліся), — гэта была ідэалізацыя свету, у якім мы не былі. Прыкладна тое ж самае было ў марской школе: дзяўчат туды не прымалі, а калі ў тваім жыцці чагосьці няма, ты пачынаеш гэта ідэалізаваць. Мы сустракалі іх толькі на танцах, менавіта тады я і пачаў сваё даследаванне.

— І зразумелі, што дарэмна ідэалізавалі?

— Я думаю, жанчыны — найлепшы пол. У тым ліку з пункту гледжання фізіялогіі. Мужчынскія паводзіны грунтуюцца на жудасным рэчыве — тэстастэроне, які справакаваў шмат войнаў і разводаў. У жанчын тэстастэрону вельмі мала, затое ёсць неверагодна прыгожае, нават на экране манітора, рэчыва — аксітацын. Яно з'яўляецца ў самыя важныя моманты жыцця — без аксітацыну не было б аргазму, падчас родаў не раскрылася б шыйка маткі, немагчыма было б пакарміць дзіця грудзьмі. Аксітацын таксама адказвае за адносіны, гэта гармон вернасці. У мужчын аксітацыну вельмі мала, толькі ў адзін момант узровень гэтага гармону ў іх высокі — пасля эякуляцыі, і ў гэты час яны адчуваюць, што хацелі б правесці з жанчынай, якая побач, усё жыццё. Праўда, такая канцэнтрацыя аксітацыну для іх нязвыклая, таму пасля эякуляцыі яны часта засынаюць. Так што, калі вы такое назіраеце, не думайце, што ваш мужчына вас не любіць, гэта проста «хімія».

— Ваша кніга-інтэрв'ю «Арытмія пачуццяў» поўная размоў пра тое, як за кар'ернай гонкай у вас не заставалася часу нават на сям'ю. У такім выпадку на якім вопыце вы засноўваецеся, калі пішаце кнігі? Бо ўсе гэтыя гісторыі патрабуюць даследавання, а значыць, і часу.

Фота: tele.ru

— Я шмат працаваў, але гэта не значыць, што я не сустракаўся з людзьмі. Мне часта даводзілася падарожнічаць, неяк я палічыў, што спыняўся ў больш чым 2500 гатэлях, гэта нават стала асновай адной з маіх кніг. Я сустракаў шмат людзей і чуў шмат гісторый, якія потым выкарыстоўваў у сваіх творах.

Мне наогул небяспечна нешта расказваць. Герой «Адзіноты ў сеціве» — мой сябар, правобраз жаночага персанажа — мая знаёмая, я сам прымаў удзел у іх рамане. Калі я напісаў кнігу «Палюбоўніца», стаў атрымліваць тысячы лістоў ад жанчын (па чым можна меркаваць, як шмат у свеце палюбоўніц), у якіх мяне пыталіся, адкуль я ведаю гэтую гісторыю. А я проста знаёмы з гераіняй кнігі і вельмі шмат з ёй размаўляў.

— Але калі вы пісалі «Адзіноту ў сеціве», маглі чакаць такі інтарэс з боку менавіта жаночай аўдыторыі?

— У мяне ў галаве не было наогул ніякага чытача, паколькі я пісаў кнігу як дзённік і ніколі не думаў, што стану пісьменнікам. Гэта быў 1997 год, я перажываў цяжкія часы, мая жонка была нешчаслівая са мной, таму што я быў увесь час заняты работай. Я ж быў упэўнены, што раблю ўсё для сям'і: зарабляю грошы і магу кожныя два гады купіць нам новы «Мерседэс». Наш шлюб распадаўся, і я хацеў нешта зрабіць са сваім сумам. Псіхатэрапеўт параіў мне весці дзённік — я пачаў пісаць і кінуў хадзіць да псіхатэрапеўта.

Аднойчы, праз два гады, я выпіў віна і даслаў урывак з напісанага свайму сябру — літаратурнаму крытыку з Варшавы. Яму спадабалася, і ён прапанаваў гэта апублікаваць. Я спытаў: «Дзе?» — «Ну, у часопісе» — «У якім?» — «У Рlауbоу». У некаторых краінах Рlауbоу быў вельмі амбіцыйны ў галіне літаратуры, у гэтым часопісе пачалі сваю кар'еру Стывен Кінг і Салман Рушдзі, а ў Польшчы дэбютант мог з'явіцца толькі ў Рlауbоу. Я адмовіўся, таму што быў прафесарам ва ўніверсітэце і не мог дазволіць, каб мае студэнты мяне там чыталі, але сябар прапанаваў апублікавацца пад псеўданімам, і я пагадзіўся.

Такім чынам, у красавіку 2000 года ў польскім Рlауbоу з'явілася маё апавяданне пад назвай «Сh@аt», а на апошняй старонцы часопіса быў апублікаваны спіс аўтараў, сярод якіх быў і я... з фатаграфіяй і біяграфіяй. Мае студэнты ў выніку прыходзілі да мяне з гэтым часопісам і прасілі падпісаць.

А потым мой сябар прапанаваў апублікаваць кнігу. Для невядомага аўтара гэта было вельмі складана, у мяне было ўражанне, што ў Польшчы больш людзей піша кнігі, чым чытае: спартсмены пішуць, акцёры пішуць, кухары пішуць. Ніхто не чытае — усе пішуць. І калі я разаслаў «Адзіноту ў сеціве» па выдавецтвах, напісаў, што ўжо маю літаратурны вопыт: «Маё апавяданне было апублікавана ў Рlауbоу!» Адказала мне толькі адно маленькае выдавецтва, а астатнія страцілі мільёны.

— Вы чыталі водгукі крытыкаў на вашы раманы?

— Так, у асноўным яны былі негатыўныя. Крытыкам не падабалася, што нейкі вучоны з Германіі з такім банальным прозвішчам напісаў меладраму і прадае так шмат яе асобнікаў.

Літаратурная крытыка ў Польшчы памерла: цяпер гэта фатаграфія вокладкі, зорачкі рэйтынгу і апісанне зместу. Можа быць, у Беларусі інакш. У выніку выдавец папрасіў мяне напісаць другую кнігу. Я спытаў: «Пра што?», а мне адказалі: «Пра што-небудзь». То-бок, «Адзінота ў сеціве» была настолькі папулярнай, што я мог напісаць нават пра тое, як пячы бліны, і гэта б раскупілі.

Ва ўніверсітэце на мой літаратурны поспех глядзелі падазрона. Адзін калега сказаў: «Януш, я думаў, ты сур'ёзны чалавек, а ты раманы пішаш», — праўда, вечарам за келіхам віна ён прызнаўся, што зайздросціць мне. У маім інстытуце ў Германіі восем гадоў ніхто не ведаў пра мае кнігі, хоць яны ўжо сталі бестселерамі, а па «Адзіноце ў сеціве» выйшаў фільм. Усё раскрылася, калі мой шэф паехаў у Санкт-Пецярбург і падчас прагулкі па Неўскім праспекце ў вітрыне кнігарні ў будынку дома Зінгера ўбачыў маю фатаграфію.

— Па тых лістах, якія вам дасылалі, можна сказаць, што вашы кнігі мянялі жыцці людзей?

— У пік папулярнасці «Адзіноты ў сеціве» я атрымаў пятнаццаць тысяч лістоў. Я ўсё чытаў, але не адказваў, некаторыя былі надзвычайныя. На адну з маіх прэзентацый прыйшоў мужчына і без кнігі адстаяў у чарзе па аўтограф, каб, як ён потым сказаў, «даць мне ў морду». Аказалася, яго жонка неяк чытала «Адзіноту ў сеціве», і, паколькі гэта перашкаджала яму спаць, ён «адаслаў» яе на кухню. У выніку жанчына чытала кнігу да чатырох раніцы, узяла чамадан і сышла. У морду ён мне ўсё ж не даў.

З лістоў я даведаўся, што з-за гэтага рамана адбылося каля сарака разводаў, але таксама здараліся і вяселлі, мяне нават на іх запрашалі. 85 працэнтаў е-мэйлаў мне напісалі жанчыны. Яны прызнаваліся, што незадаволеныя сямейным жыццём, і пыталіся ў мяне рады. А мужчыны ў сваіх лістах пратэставалі: казалі, што я — ідыёт, які заблытвае іх жонак. Але некаторыя прызнаваліся, што пасля прачытання «Адзіноты ў сеціве» сталі больш любіць сваю жонку, размаўляць з ёй і купляць ёй кветкі.