Павел СЕВЯРЫНЕЦ Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

У сваім выступе на прыдуманы ім "Дзень незалежнасці" Лукашэнка заявіў, што маладыя Беларусы павінныя ісці ў войска, каб абараніць Беларусь ад Расеі.

Хітра зачасаны тролінг — калі ўлічваць, што мноства айцішнікаў, хіпстэраў і юных інтэлектуалаў сапраўды разумеюць расійскую пагрозу.

Але ёсць праблема. Кажучы "абараніць Беларусь", Лукашэнка насамрэч мае на ўвазе сябе і свой "скоростной режим". І ўсе гэта ведаюць. Пойдзеце ў войска, апранеце форму, вам у спіну будзе глядзець аўтамат — нікуды ня дзенецеся, маўляў, абароніце. А яшчэ і ў сталіцу перакінем, калі яна раптам бунтаваць будзе.

Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч. Людзі будуць абараняць Беларусь і нават стаяць за яе насмерць тады, калі яны сапраўды будуць ведаць, што абараняюць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну — а не пятлю на ўласнай шыі.

Чым больш хлусьні па тэлевізары, фальсіфікацыяў на "выбарах", крыжаломаў у Курапатах, дэкрэтаў, кантрактаў, пабораў, штрафаў, здзекаў, чым больш праўладных алігархаў у бізнэсе, камуністаў у сістэме адукацыі і расійскіх танкаў на парадах у гонар незалежнасці — тым менш у людзей жадання за ўсё гэта паміраць.

Хочаш абараніць беларускую незалежнасць?

Пакайся перад беларускім народам за ўсё тое, што нарабіў за 25 гадоў. Выпраў шкоду. Вызвалі палітвязняў. Адмяні кантракты, дэкрэты і паборы. Выйдзі з Еўразійскага таёжнага саюза і АДКБ, мы ж нейтральная дзяржава паводле канстытуцыі. Спыні вырубку і вываз лесу, будоўлю шкодных вытворчасцяў і ўшчыльненне вялікіх гарадоў. Вярні людзям пенсіі, перастань душыць прадпрымальнікаў і дай магчымасць зарабляць. Дай, нарэшце дазвол на Беларускі нацыянальны універсітэт. Вярні крыжы ў Курапаты і зачыні Лінію Сталіна. Перастань пакрываць забойцаў маладых жаўнераў. Выкінь з войска партрэты акупантаў, суворавых, дзяржынскіх ды тухачэўскіх — хай байцы бяруць прыклад са сваіх Астрожскага, Хадкевіча, Касцюшкі ды Каліноўскага. Падымі бел-чырвона-белы сцяг. Абвясці свабодныя выбары без Ярмошынай і фальсіфікацыяў.

І сыходзь.

Вось тады ў Беларусі ёсць шанец. Таму што тады беларускі народ будзе абараняць сваю краіну, а не чужую тыранію.

Зможаш гэта зрабіць — застанешся ў гісторыі.

Але дужа я сумняюся, што зможаш.

Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.

Бог даў гэтую краіну беларускаму народу, а не Крамлю, клану ці мафіі.

І рана ці позна народ, здольны абараніць Беларусь, прачнецца.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.