9 лютага спаўняецца 60 гадоў літаратуразнаўцу Міхасю Казлоўскаму.

Пра калекцыянера, літаратуразнаўца, краязнаўца, бібліяфіла, гісторыка, літаратара і грамадска-культурнага дзеяча з Маладэчна Міхася Казлоўскага доктар філалагічных навук, прафесар Белдзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша неяк напісаў так: “Я не раз казаў і кажу: дай бы Бог хаця б па аднаму такому Казлоўскаму на кожны раён Беларусі, і будучыня нашай Бацькаўшчыны не выклікала б трывогі”.

З прафесарам поўнасцю пагаджаюся. Міхась Казлоўскі, якому 9 лютага спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння, шмат зрабіў і робіць дзеля беларускай культуры і літаратуры.

Ён не лезе ў вялікія пісьменнікі і гісторыкі, ён усё жыццё ціха і спакойна займаецца сваёй любімай працай – вяртае з небыцця імёны забытых людзей, якія заслугоўваюць нашай светлай памяці.

Зроблена Міхасём Казлоўскім шмат таго, што павінны рабіць нашы інстытуты і акадэмія навук разам узятыя. І каб пералічыць усё зробленае, перакапанае ў архівах, бібліятэках, каб прыгадаць усе сцежкі-дарожкі ім пройдзеныя, сотні сустрэч з людзьмі, то не хопіць і аднаго добрага тома.

Міхась Казлоўскі жыве ў Маладэчне. Ён любіць свой горад, ён сябраваў і добра ведаў Генадзя Каханоўскага, Міколу Ермаловіча, Рыгора Семашкевіча, Таццяну Сапач і ўсіх сваіх землякоў, пра якіх пісаў, складаў іх кнігі, праводзіў ім прысвечаныя канферэнцыі. І працягвае гэта рабіць да сённяшніх дзён.

Міхась Казлоўскі – магутны (не пабаюся гэтага слова) даследчык літаратуры і культуры Заходняй Беларусі. Ён ведае ўсё. Ён адзіны на сённяшні дзень у Беларусі і самы дасканалы, грунтоўны даследчык гісторыі беларускай кнігі, экслібрысаў, паштовак, канвертаў, плакатаў, календароў, афіш, ды ўсяго пералічыць немагчыма.

Ён даўно заслугоўвае вялікіх прэмій і ўзнагарод Беларусі, якія ў дзяржавы ёсць. Але гэтага ён не мае. Затое беларусы, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму, маюць выдатныя кнігі яго даследаванняў. Гэта дзякуючы Міхасю Казлоўскаму свет пабачылі кнігі Івана Козела “На хвалях Серабранкі”, Рыгора Семашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне”, Язэпа Драздовіча “Праз церні да зорак”, спадчына Сяргея і Вольгі Сахаравых, Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай, кнігі твораў літаратараў Маладэчаншчыны, Рагачоўшчыны, Глыбоччыны, Смаргоншчыны, два выпускі “Крывіцкіх рунаў”, прысвечаных беларускаму культурнаму мацерыку ў Латвіі і многія іншыя.

З друку выйшлі яго ўнікальныя даследаванні пра навучальныя ўстановы Маладэчна, Радашковіч, Вілейкі і асобаў з гэтых мясцін пад назвай “Галасы разбуджаных птушак”, кніга пра жыццёвы і творчы шлях грамадска-палітычнага дзеяча і ідэолага БХД Адольфа Клімовіча “Нашчадак слаўных крывічоў”, краязнаўчая кніга ўспамінаў “Бацькаўшчыны светлае крыло”, нататкі бібліяфіла і эпісталярная спадчына – “Пра кніжнікаў і кнігі” і “Да кніжных скарбаў дакрануся…”.

Гэта дзякуючы Міхасю Казлоўскаму шмат гадоў у Маладэчне выдаецца альманах “Куфэрак Віленшчыны”. Пад рэдакцыяй гэтага апантанага чалавека выйшлі і выходзяць з друку паштоўкі, буклеты, запрашальныя білеты і праграмкі, прысвечаныя дзеячам беларускай культуры. Ды ўсяго пералічыць проста немагчыма…

9 лютага ў Міхася Казлоўскага – юбілей. Верыцца, што ён не сапсуе творчы настрой гэтаму таленавітаму беларусу, а, наадварот, надасць яму новы імпэт і сілы на нечаканыя адкрыцці, кнігі, сустрэчы і спадзяванні. З юбілеем, Міхась!

Сяргей Чыгрын, Радыё Рацыя