«Калядны спрынт»: праект velcom YOUTH разам з Naviband заклікае беларусаў віншаваць адзін аднаго на роднай мове - Экономика и Бизнес на N1.BY

8 снежня прайшоў ужо другі вялікі інтэрактыўны майстар-клас праекта velcom YOUTH – на адукацыйную сесію зноў сабралася поўная зала кінатэатра velcom cinema, а яшчэ больш за тысячу школьнікаў удзельнічалі праз відэа-сервіс VOKA на адукацыйным канале velcom YOUTH. З матывацыйнай прамовай перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі Беларусі на конкурсе песні «Еўрабачанне-2017» – гурт Naviband.

Напярэдадні святочнага перыяду кампанія velcom прапанавала школьнікам паўдзельнічаць у «Калядным спрынце» — запісаць яскравае навагодняе відэавіншаванне на беларускай мове, апублікаваць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #velcomYOUTH і #віншаванка да 8 студзеня 2019 года ды адзначыць у пасце аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў ці сваякоў, якія мусяць працягнуць эстафету віншаванняў. Адзіная ўмова – віншаванка павінна быць на беларускай мове, а працягласць відэа – не больш за 1 хвіліну.



Аўтары самага папулярнага, самага арыгінальнага і самага натхняльнага відэа атрымаюць падарункі ад velcom, а таксама персанальнае «гасцявое» запрашэнне на TEDxYouth@Minsk. Самы папулярны пост будзе вызначаны па колькасці лайкаў, самае арыгінальнае віншаванне абяруць Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка з гурта Naviband, а адно з віншаванняў вызначыць нязменны спікінг-коўч праекта velcom YOUTH Дзмітрый Смірноў. Вынікі «Каляднага спрынту» будуць падведзены 12 студзеня 2019 года на майстар-класе «Майстэрства лідара».



Старт «Каляднага спрынту» быў дадзены 8 снежня на майстар-класе «Майстэрства выступлення» – у свой шосты школьны дзень каля тысячы вучняў 10-11 класаў змаглі не толькі паглядзець прамую трансляцыю на VOKA, але і задаць свае пытанні спікерам.

Сваімі практычнымі прыёмамі падрыхтоўкі эфектыўных бінэс-прамоваў падзялілася Алена Глекава, унутраны трэнер па публічных выступах кампаніі EPAM Systems. Алена расказала, што мець добрую ідэю альбо праект – гэта толькі частка справы, бо важным складнікам поспеху з’яўляецца яшчэ і майстэрства натхніць ёю патэнцыйных партнёраў і саюзнікаў.



З расказам пра праекты ў галіне інклюзіі выступіла кіраўніца Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Ірына Кісялёва. Яна распавяла пра інтэграцыю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў грамадства, а таксама пра супольныя праекты тэатра ў гэтым кірунку.

Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка, гурт Naviband, распавялі пра тое, як важна ісці за сваёй марай і смела пераадольваць цяжкасці. Артысты падзяліліся сваімі прыёмамі нейтралізацыі страха перад сцэнай і тысячамі гледачоў.

Дзмітрый Смірноў, спікінг-коўч TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, генеральны прадзюсар «Радыё Бі-Эй» адзначыў, што ў сучасным свеце вельмі важна ўмець публічна выступаць і эфектыўна даносіць сваю ідэю. Непадробную цікаўнасць і мноства пытанняў у старшакласнікаў выклікалі парады бізнэс-трэнера наконт таго, як не губляцца перад вялікай аўдыторыяй, не страціць лінію сваёй прамовы і захаваць увагу слухачоў.

Адукацыйная частка праекта velcom YOUTH прадугледжвае серыю майстар-класаў для школьнікаў, якія фарміруюць важныя сацыяльныя кампетэнцыі, так званыя soft skills, а інтэрактыўны характар падачы інфармацыі падчас майстар-класаў стаў выдатным напаўненнем для мерапрыемстваў у канцэпцыі шостага школьнага дня. Апошні майстар-клас «Майстэрства лідара» пройдзе 12 студзеня. Адметная рыса праекта velcom YOUTH – уся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале вядзецца на беларускай мове.

Пасля заканчэння адукацыйнай праграмы праекта з 20 студзеня па 20 лютага 2019 г. удзельнікам конкурсу неабходна будзе рэалізаваць сваю ідэю, падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства – майстар-клас, дэбаты ці дыскусію па абранай тэме свайго праекта. Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік дзесяці фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk-2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з найлепшымі ментарамі. Іх выступленні адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у маі 2019 года. Усе дзесяць фіналістаў атрымаюць прызы – смартфоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным кірунку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.

Вынікі першага этапу конкурсу, а таксама інфармацыя пра мерапрыемствы праекта змяшчаюцца на сайце velcom-youth.by.

  • Войдите, чтобы оставлять комментарии
  • 5 просмотров






X