Выступы музыкаў прынеслі гледачам сапраўднае задавальненне і добры настрой.

Вуліца рамёстваў, вялізная музычная праграма, забавы, гульні, майстар-класы, дзіцячая пляцоўка, вялікі фудкорт і шмат іншага чакала сёння наведнікаў Музея архітэктуры і побыту ў Строчыцах, пiша «Новы час».

«Мінсктранс» арганізаваў дадатковыя маршруты ў музей. Для тых, хто прыехаў на аўто, былі абазначаны пляцоўкі для бясплатнай паркоўкі. Уваход на фестываль каштаваў 20 рублёў, але тых, хто прыйшоў у народных строях, пускалі бясплатна. Трэба адзначыць, што наведнікаў у этнаадзенні было нямала. На сцэнічных пляцоўках была ўсталяваная вельмі якасная гукавая апаратура, дзякуючы чаму выступы музыкаў прынеслі гледачам сапраўднае задавальненне і добры настрой.

У першай палове дня наведнікаў забаўлялі фолк-гурт "Чарот", "Любанскія музыкі", Патрыцыя Свіціна, этна-студыя Кetri, фолк-гурт "Гаманіна". Сяргей Доўгушаў зладзіў "Спеўны сход" і прэзентаваў публіцы палескія спевы дуэта Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі.

На галоўнай сцэне выступалі гурт "Стары Ольса", Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra, праходзіў паказ элегантных калекцый сучаснага адзення ў этнастылі. На вечар былі анансаваныя ўкраінскія і расійскія гурты, а таксама этна-трыа "Троіца", Лявон Вольскі & Павел Аракелян, гурт Trollwald.

Адначасова на сцэне, арганізаванай у будынку царквы выступалі гурт "Мярэжа", праходзіў канцэрт "Лірніцкі пагост", дзе выступалі Алесь Лось, Дзяніс Сухі, Алесь Чумакоў, Сяргей Чубрык, Каця Радзівілава, Васіль Грынь, Алесь Жукоўскі.