Пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы чатыры гады ладзіць пленэры, запрашаючы на іх вядомых беларускіх мастакоў.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч праводзіць мастацкія пленэры ў касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі — мястэчку на беларуска-латвійскім памежжы. Паводле традыцыі мастакі штораз пакідаюць арганізатару колькі карцін, і ён складае зь іх экспазыцыі, што вандруюць па розных гарадах Беларусі. Ксёндз Сяргей хацеў бы стварыць у касьцёле мясцовую мастацкую галерэю, але пакуль гэта толькі мара, перадае «Радыё Свабода».

Пленэр як дыялёг рэлігіі і мастацтва

Пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ксёндз Сяргей Сурыновіч служыць у Друі шосты год — і чатыры гады ладзіць тут пленэры, запрашаючы на іх вядомых беларускіх мастакоў. Кожны год зьбіраецца да двух дзясяткаў сапраўдных прафэсіяналаў, кажа ксёндз Сяргей.

«Гэта найпершая ўмова — высокі мастацкі ўзровень. Я не займаюся запрашэньнем мастакоў, гэта робяць мастацтвазнаўцы. І на пленэр трапляюць сапраўдныя зоркі сучаснага мастацтва. У гэтым годзе з намі працуюць Аляксандар Даманаў, Уладзіслаў Пятручык, Кацярына Сумарава, Зьміцер Сурыновіч — адзін з найлепшых акварэлістаў Беларусі і на ўсёй прасторы СНД», — кажа сьвятар.

Пленэр стаў міжнародным, дадае Сяргей Сурыновіч. Сёлета побач зь беларускімі мастакамі працавалі прадстаўнікі Кітаю, Расеі, Нідэрляндаў.

Паводле арганізатара, адна з асноўных мэтаў плэнэру — гэта дыялёг паміж рэлігіяй і мастацтвам.

«Бяз гэтага дыялёгу выяўленчае мастацтва няпоўнае. Бо яно бярэ пачатак у заходняй Эўропе, у каталіцтве, — у каталіцкіх абразах. Гэты дыялёг я імкнуся падтрымліваць — ён пра глыбіню, пра сэнс, пра сымболіку».

Сёлета Сяргей Сурыновіч і сам узяўся за пэндзаль — пасьля працяглага перапынку. Увогуле пачаткоўцам у мастацтве яго не назавеш: тры гады, падчас службы ў Калінінградзе, ён навучаўся жывапісу ў майстэрні мастачкі Міраславы Казанцавай і мае некалькі пэрсанальных выставаў.

Мара пра галерэю нарадзілася на Віцебшчыне

Ксёндз Сяргей — асоба творчая. Падчас навучаньня ў Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі ён рэдагаваў газэту «Krynica» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбургу. Пад псэўданімам «Яўген Бартніцкі» выдаў некалькі зборнікаў паэзіі, ягоныя творы публікаваліся ў беларускіх газэтах і часопісах. Займаецца перакладамі і навуковымі дасьледаваньнямі — у галінах тэалёгіі і філялёгіі.

Ён паважае і заўважае творчы падыход да ўсяго ў навакольным жыцьці. Дзякуючы такім назіраньням і нарадзілася ідэя праводзіць пленэры, кажа Сяргей Сурыновіч.

«Я паходжу з Горадзеншчыны. І калі прыехаў на Віцебшчыну працаваць, то быў уражаны: тут людзі з усяго, зь нейкіх амаль выпадковых прадметаў робяць аздобу для сваіх падворкаў, — кажа сьвятар. — Гэта сапраўдныя творы мастацтва. Але такое толькі на Віцебшчыне, у нас такога няма. Убачыў гэтую творчасьць і падумаў: дзе, як ня тут, ладзіць пленэры, каб разьвіваць і мастацтва, і прагу да яго?»

Мастакі, якія прыяжджаюць на пленэр, працуюць і жывуць у кляштарных кельлях. Тут жа, у касьцёле, ладзяцца выніковыя выставы, гледачамі якіх становяцца госьці і вяскоўцы. Працы мастакоў належаць да самых розных творчых напрамкаў — ад рэалізму да авангардызму, кажа ксёндз Сяргей.

Па традыцыі колькі прац мастакі пакідаюць арганізатару на знак удзячнасьці. Збор, які сёньня мае Сяргей Сурыновіч, мог бы стаць гонарам любога знаўцы-калекцыянэра або музэю. І ў пробашча зьявілася ідэя: чаму б не зрабіць у кляштарных памяшканьнях сапраўдную мастацкую галерэю?

Каб зрабіць памяшканьне для выстаў, трэба 500 тысяч даляраў

Здавалася б, галоўнае для галерэі — гэта мець выставачныя фонды. Але для стварэньня галерэі ў помніку архітэктуры найважней іншае — тое, што робіць увасабленьне мары ксяндза Сяргея практычна нерэальным.

«Каб зрабіць мастацкую галерэю, трэба знайсьці 500 тысяч даляраў на тое, каб прасушыць гэты будынак. Каб зрабіць рамонт, патрэбна і болей. Калі няма грошай Нясьвіскі замак давесьці да ладу, дык тут тым болей. Для вёскі гэта нерэальна. А вывесіць палотны ў вільготным памяшканьні — гэта загубіць мастацкія працы», — з горыччу канстатуе Сяргей Сурыновіч.

Ён ня толькі аматар выяўленчага мастацтва, але і калекцыянэр-зьбіральнік. І добра ведае: для любога збору вельмі важныя ўмовы захаваньня. Таму рэдкія артэфакты захоўвае ў сябе дома. Тамсама захоўваецца і калекцыя карцін — у той час, калі яны не экспануюцца на выставах у іншых гарадах. Ксёндз Сяргей вельмі рады такой магчымасьці, бо карціны вартыя таго, каб іх глядзелі людзі. А ў маленькай хацінцы, дзе ён жыве непадалёк ад касьцёла, іх можна паказваць толькі гасьцям.

Дарэчы, трапіўшы ў Друю, пробашч сьпярша пасяліўся ў кляштарным памяшканьні. Але неўзабаве адчуў, што празьмерная вільгаць, асабліва ўзімку, шкодзіць здароўю. І ня дзіва: гэты будынак, узьведзены ў 17 стагодзьдзі ў стылі віленскага барока, падзяліў лёс шмат якіх выбітных помнікаў архітэктуры. У 1944-м касьцёл пацярпеў ад прамога пападаньня авіябомбы, каштоўныя абразы і прадметы інтэр’еру загінулі ў пажары або былі раскрадзеныя. Пасьля вайны ў храме разьмясьцілі склад хімікатаў, а ў кляштарных памяшканьнях — вучэльню. Толькі ў 1989-м яго вярнулі вернікам, і дагэтуль там вядуцца рамонтныя працы.

Культурніцкі аб’ект мог бы паспрыяць адраджэньню мястэчка

Названая ксяндзом Сяргеем сума ў 500 тысяч даляраў, за якія можна прасушыць будынак дзеля стварэньня галерэі, не выглядае непад’ёмнай у маштабах дзяржавы. Прыкладам, збудаваць «Лядовую арэну» ў Воршы каштавала бюджэту 32 мільёны даляраў. Сёньня ўтрыманьне гэтага аб’екта ўводзіць горад у страты: мала наведнікаў.

Мастацкая экспазыцыя ў Друйскім касьцёле была б запатрабаваная: гэты помнік архітэктуры ўключаны шмат у якія турыстычныя маршруты. Дый новы культурніцкі аб’ект быў бы далёка ня лішні ў аграгарадку, дзе бавіць час можна хіба ў доме культуры зь ня надта разнастайнай праграмай.

Пашырэньне інфраструктуры з разьлікам на большую колькасьць турыстаў паспрыяла б разьвіцьцю мястэчка, у якім сёньня высокі ўзровень беспрацоўя. Мясцовыя жыхары — пераважна пэнсіянэры, бо моладзь тут не затрымліваецца. Людзі працаздольнага веку езьдзяць на працу ў Браслаў ці Мёры ды з зайздрасьцю паглядаюць на супрацьлеглы бераг Дзьвіны, на якім — колішняя частка мястэчка, а цяпер ужо Латвія, тэрыторыя Эўразьвязу.

Упершыню Друя згадваецца ў летапісных крыніцах у сувязі з падзеямі 1386 году. У 1620-м яна атрымала Магдэбурскае права. У яе гісторыю зрабілі ўнёсак Сапегі і Агінскія, гэтыя мясьціны маляваў знакаміты Напалеон Орда. З часам Друя ператварылася ў тыповае беларускае мястэчка, але канчаткова страціла гарадзкі статус, калі Віцебскі абласны савет у 2005-м годзе пастанавіў зрабіць яе «пасёлкам». А насамрэч — малапэрспэктыўнай вёскай, зьмяніць лёс якой магло б мастацтва.