Кінапаказ: Дотык анела - Новости компаний на N1.BY

16 сакавіка а 19-й гадзіне ў Музеі гісторыі беларускага кіно (філіяле ДУ «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь») адбудзецца эксклюзіўны паказ польскага мастацка-дакументальнага фільма рэжысёра Марэка Томаша Паўлоўскага « Дотык анела » (Польшча – Германія, 2015 г., 60 хв.).

Гэта паэтычна-дакументальны аповед відавочцы шакавальных падзей пра выратаванне падлетка Гэнрыка Шэнкера з пекла Галакосту. Увосень 1939-га, яшчэ да пачатку стварэння лагеру смерці «Аўшвіц-Біркенаў», у Асвенціме ўзнік Офіс эміграцыі габрэяў у Палестыну, створаны Шэнкерам-старэйшым на загад нацыстаў. І тысячы людзей з усёй Сілезіі пачалі сцякацца ў мястэчка ў надзеі на ратунак. Але ідэя легальнай эміграцыі правалілася… Сам Гэнрык Шэнкер так кажа пра тагачасныя падзеі:



…На маіх карцінах бачны выявы пакутуючых людзей, і ў той жа час зверху анёлы прымаюць іх у свае абдымкі. Мне падаецца, што праз гэтае маляванне я да іх набліжаюся, я іх увекавечваю. Я вырашыў маляваць іх пераход у іншы свет, той лепшы свет. Мой збаўца ў Вялiчцы, я кажу, што ён анёл. Хутчэй за ўсё, гэта быў анёл у чалавечым абліччы. Заўсёды, калі нараджаліся мае дзеці і мае ўнукі, я пра яго думаў,… што ён уратаваў мяне і ўсю маю сям'ю. Ніхто б з іх не жыў, каб не той шляхетны чалавек.

Той габрэй, які ўратаваўся ў час вайны, ніколі б не ўратаваўся, калі б недзе, у нейкай сітуацыі, яму не дапамаглі. Мы не толькі ўдзячныя да апошняга ўздыху тым людзям, якія нас ратавалі. Гэтыя людзі — светачы чалавецтва. Яны былі ціхімі героямі той вайны.

Фільм дэманструецца на беларускай мове.

Уваход вольны.

Колькасць месцаў абмежаваная.

Тэл. +375 (17) 327-10-75.