Кожны дзень бачаць смерць. Як працуюць эксперты і санітары ў віцебскім моргу - Общество на N1.BY

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у віцебскім моргу і пастараўся праверыць міфы і чуткі, зняпраўдзіць стэрэатыпы.

Морг як у кіно

У Віцебску ствараюць першы ў краіне «экспертны гарадок». На яго тэрыторыі плануюць пабудаваць і новы морг.

— Цяперашні 1995 года пабудовы. І гэта «не тыпавы» морг, а прыстасаваны пад канкрэтныя мэты будынак. Для параўнання, у Магілёве новы морг пабудавалі гадоў 10 таму. Віцебску неабходна сучасная спецыялізаваная ўстанова, — расказвае Дзмітрый Рабаў, галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па вобласці, намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па рэгіёне.



Суразмоўца паказвае праект. Будынак будзе двухпавярховым (цяперашні мае адзін паверх). З дзвюма рытуальнымі заламі. Прадугледжаны і спецыялізаваны «адсек» для трупаў з небяспечнымі інфекцыямі. Халадзільнікі будуць высоўныя, як паказваюць у замежных фільмах. Пакуль жа целы ляжаць на стэлажах, а па перыметры памяшкання — халадзільнае абсталяванне.

— «Ячэйкі» касетнага тыпу — вялікі плюс. У прыватнасці, калі чалавек прыйдзе на апазнанне, яму не спатрэбіцца глядзець на ўсе трупы. «Касеты» для нябожчыкаў спросцяць і санітарную апрацоўку памяшкання. Выключаецца і магчымасць перадачы біялагічнага матэрыялу. Напрыклад, калі рука забітага нябожчыка падчас пераноскі выпадкова зачапілася за суседні труп, генатып памерлага можа патрапіць на іншае цела. На другім паверсе размесціцца адна з лабараторый. Фінансуецца будаўніцтва з рэспубліканскага бюджэту. Пра канкрэтныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю пакуль сказаць не магу, — працягвае Дзмітрый Рабаў.

Без даведкі труп жывы

Штогод Дзмітрый Рабаў і яго падначаленыя даследуюць 1200−1300 трупаў. Морг абслугоўвае Віцебск, Гарадоцкі, Лёзненскі, Бешанковіцкі і Сенненскі раёны. Аналагічныя аб’екты ёсць у Наваполацку і Оршы. Раней полацкі морг знаходзіўся каля Сафійскага сабора. Але, зразумела, суседства было не на карысць помніку архітэктуры. Трупы цяпер адвозяць у Наваполацк.

Трупы ў морг судовых экспертыз прывозяць «хуткая», ратавальнікі, міліцыя.

Бывае, што сваякі прынцыпова не дазваляюць ускрыццё. У такім выпадку немагчыма аформіць даведку пра смерць. І нябожчык фармальна «жывы» — да рашэння суда аб прызнанні памерлым. А як хаваць без адпаведнай паперы, выпісаць з кватэры, уступаць у правы спадчыны?

Бывае, не забіраюць целы

У моргу абавязаны трымаць труп 45 сутак. Эксперт гарантуе, што выключаецца магчымасць накіравання сюды жывога чалавека. І ў чуткі просіць не верыць: трупныя змярцвенне і плямы, напрыклад, не выклікаюць сумненняў у смерці.

Калі ў чалавека няма сваякоў, цела пахавае спецыялізаваны камбінат пры ЖКГ. Як і незапатрабаваных нябожчыкаў.

Пасля агляду трупа, калі няма падазрэння на крымінальны характар смерці, лекар складае эпікрыз. Экзэмпляр бярэ ўчастковы, другі аддаюць сваякам. Бывае, блізкія пасля наведвання паліклінікі, дзе выдаецца даведка пра смерць, атрымліваюць грошы з бюджэту на пахаванне. Але пахаваць «забываюць». Так здараецца з тымі, хто злоўжывае спіртным. Калі цяжар па пахаванні бяруць на сябе знаёмыя нябожчыка, суседзі, яны, як правіла, робяць гэта добрасумленна.

Ва ўпраўленні - 15 экспертаў. Праца нядрэнна аплачваецца. Конкурс вялікі. З дыпломам медыцынскай установы неабходна прайсці навучанне ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Хаця 11 месяцаў вучобы не гарантуюць добры вынік. Трэба старанна вучыцца ў калег на месцы, разумець адказнасць работы. Не з усімі, хто адпрацаваў па размеркаванні, працягваюць кантракты. Не ўсе вытрымліваюць нагрузкі. Пры гэтым ёсць ахвотныя працаваць. Такіх залічваюць у рэзерв.

Кандыдаты павінны разумець спецыфіку працы. Не кожны медык зможа працаваць з трупным матэрыялам, назіраць за людскім горам. Эксперт павінен навучыцца не быць цвердаскурым. І ўмець абстрагавацца.

Эксперты не толькі займаюцца ўстанаўленнем прычын смерці. Яны выязджаюць на месцы здарэнняў, аглядаюць пацярпелых, згвалтаваных, выступаюць на судовых пасяджэннях.

Пенсійных ільгот эксперты не маюць. А вось працоўны дзень у іх скарочаны: 6 гадзін у тых, хто даследуе трупы. Даецца дадатковы водпуск да 21 дня (у залежнасці ад колькасці дзён працы ў шкодных умовах). 24 дні - асноўны адпачынак.

Ган­на Ба­рыш­ні­ка­ва, афі­цый­ны прад­стаў­нік упраў­лен­ня Дзяр­жка­мі­тэ­та су­до­вых экс­пер­тыз Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь па воб­лас­ці, і Дзміт­рый Ра­баў.Жанчыны — найлепшыя санітарыШмат рознага расказваюць пра санітараў морга.

— Нецвярозы на працы? Нонсэнс! Бяруць гарэлку з родных? Не думаю. Санітарам можа быць чалавек далёкі ад медыцыны. Я лічу, што ў ідэале ён павінен быць па адукацыі таксама медыкам. Тым больш што падчас даследавання трупаў прыходзіцца рабіць спецыфічныя рэчы. Напрыклад, дасведчаны санітар можа распілаваць пазваночнік, — працягвае Дзмітрый Рабаў.

Знайсці добрага санітара складаней, чым эксперта. Колькі разоў кандыдаты на словах даводзілі, што змогуць працаваць у моргу. Расказвалі, што часта дапамагалі падчас пахаванняў адзець цела і гэтак далей. А як уваходзяць у морг, ім становіцца дрэнна. Адзін літаральна збег на прыпынак аўтобуса.

— Найлепшыя санітары — жанчыны! Яны больш старанныя, маральна ўстойлівыя, акуратней аказваюць тыя ж рытуальныя паслугі. Часта ўспамінаем Марыну Міхайлаўну Мітрафанаву, якая шмат гадоў адпрацавала ў моргу, спраўлялася з усім ідэальна. І ёй можна было даручыць работу па захоўванні рэчыўных доказаў. У прыватнасці, высушвала вопратку з трупа, каб потым перадаць у праваахоўныя органы (мыць адзенне ў такім выпадку нельга). Годна гутарыла са сваякамі памерлых. Канфліктаў у яе не было, — расказвае Дзмітрый Рабаў.

Прэстыж працы павысіўся

Пра моргі расказваюць многае з таго, чаго на самай справе няма. Гэтыя ўстановы служаць нагодай для чорнага гумару, анекдотаў. Аднойчы ў СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Чэхіі труп прыгожай дзяўчыны ажыў. Адбылося гэта, маўляў, пасля таго, як яе, мякка кажучы, пацалаваў санітар. Сваякі на судзе прасілі не караць гвалтаўніка.

На жаль, міфаў, стэрэатыпаў пра моргі нямала. У прыватнасці, пра тое, што пасля смерці здабываюць органы.

— Мы гэтым не займаемся! Калі ў спецыяльным падраздзяленні Міністэрства аховы здароўя ёсць неабходнасць у органах, могуць прыехаць і ў Віцебск. Нагадаю, калі чалавек пры жыцці не напісаў заяву, што ён супраць выкарыстання органаў, іх могуць «забраць» для выратавання людзей. Нашы эксперты прысутнічаюць падчас гэтага. Дазваляюць браць толькі тое, што не паўплывае на вынікі судова-медыцынскай экспертызы, — падкрэсліў Дзмітрый Рабаў.

Дзякуючы стварэнню Дзяржаўнага камітэта судмедэкспертыз прэстыж працы экспертаў значна павысіўся.

Дарэчы, у Віцебску плануюць пабудаваць крэматорый — першы ў абласных цэнтрах. Гэта будзе інвестыцыйны праект.

Читайте также

Судмедэксперт о том, чем болеют и от чего умирают белорусыРепортаж не для всех: предпоследняя остановка — морг