Мастацкая выстава «На Радзіме Тадэвуша Касцюшкі» - Новости компаний на N1.BY

Гэта перасоўная  выстава мастацкіх твораў прысвечана 270-годдзю са дня нараджэння славутага сына Івацэвіцкага краю, нацыянальнага героя Беларусі, Літвы, Польшчы, ЗША, Тадэвуша Касцюшкі (1746 – 1817). У выставе прымаюць удзел мастакі з Мінска (Фёдар Ладуцька, Яўген Шунейка), са Слоніма (Васіль Грыневіч, Казімір Кулеш, Тамара і Алесь Стацэнкі, Уладзімір Макарэвіч, Леанід Богдан, скульптар). Ініцыятарам і аўтарам творчай канцэпцыі выставы з’яўляецца мастак Андрэй Лычкоўскі (г. Узда Мінскай вобласці). 



У аснове экспазіцыі – вобраз вольнай беларускай зямлі, за якую пакладзена было безліч мужных жыццяў яе герояў-абаронцаў, змагароў за свабоду. Гэта тыя мясціны, якія памятаюць вызваленчае паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам ў 1794 годзе. Гэта тыя мясціны, па якіх так сумаваў  пан Тадэуш, вялікі сын Беларусі, які быў выгнаннікам і правёў рэшту сваіх дзён у далёкай Швейцарыі, змяніўшы зброю ваяра на пяро асветніка-рэфарматара. 

Кожны з мастакоў знайшоў свой чароўны матыў беларускага краявіду, каб перадаць захапленне і любоў да роднага краю, якія перадаюцца з пакаленне ў пакаленне і мацуюць дух патрыятычнага выхавання. У экспазіцыі знайшлі месца і творы, прысвечаныя вобразу Тадэвушам Касцюшкі, які быў не толькі выдатным ваяром і асветнікам-публіцыстам, але і таленавітым мастаком, творчыя здольнасці якога праявіліся ў Парыжскай акадэміі мастацтваў. 

Падчас з выставай мастакі правядуць жывапісны пейзажны плэнэр, каб узбагаціць фонды Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея новымі творчымі падарункамі, а таксама арганізуюць для гледачоў выставы майстар-клас: хуткае маляванне партрэтаў з натуры, калектыўнае напісанне нацюрмортных пастановак. Мастакі, такім чынам, жадаюць прыўнесці святло сваёй шчырай і натхнёнай творчасці ў сучаснае культурнае жыццё Івацэвіцкага краю, і ўзбагаціць новымі культурнымі падзеямі.   

Пасля завяршэння выставы свае лепшыя творы мастакі падораць раённаму гістарычнаму музею.







X