Гэта так прыгожа! - Новости компаний на N1.BY

Аляксей Талстоў / Беларусь

Персанальная выстава "Гэта так прыгожа!"

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" запрашае на адкрыццё новай выставачнай прасторы "ЎлоЎ" і прэзентацыю новага праекта Аляксея Талстова.

1 траўня а 17:00 адкрыецца галерэя "ЎлоЎ". Першым праектам прадстаўленым у ёй будзе інсталяцыя маладога мастака Аляксея Талстова "Гэта так прыгожа!".

Новая прастора "ЎлоЎ" дае мастакам, даследчыкам і актывістам сучаснага мастацтва магчымасць супрацы з галерэяй, дазваляе атрымаць досвед дыялогу з інстытуцыяй сучаснага мастацтва і забяспечвае іх пляцоўкай для выставачных, даследчых і культурных праектаў. "ЎлоЎ" - гэта лабараторыя, спроба раскрыць патэнцыял культурнай ідэі і атрымаць трывалы старт для далейшага ўстойлівага развіцця ў сферы сучаснага мастацтва і культуры.

У сваёй інсталяцыі "Гэта так прыгожа!" Аляксей Талстоў іранічна параўноўвае біялагічныя працэсы жыцця з механізмам дзяржаўных ідэалогіяў і стэрэатыпамі сацыяльнай структуры традыцыйнага грамадства. Сутыкаючыся са зменамі ў навакольным асяроддзі, назіраючы сталенне свайго цела, аўтар задаецца пытаннем сувязі біялогіі чалавека з ягонай палітычнай роляй. Метафарычнасць праекту падмацоўваецца выкарыстаннем простых натуральных матэрыялаў і аб'ектаў, якія робяць адсылку да побытавага.

Гукавы кампанент інсталяцыі створаны сумесна з Антонам Сарокіным.

Аляксей Талстоў – мастак, пісьменнік. Нарадзіўся ў г. Мінску ў 1984 годзе. З 2009 года бярэ актыўны ўдзел у працэсах беларускага сучаснага мастацтва і культуры. Мастак галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Рэалізуе персанальныя праекты, стала бярэ ўдзел у групавых выставах у Беларусі і за мяжой. У 2013 годзе адбылася ягоная персанальная выстава "Самакантроль", у 2014 ён прадстаўляў галерэю на міжнародным кірмашы сучаснага мастацтва Supermarket у Стакгольме. У лютым 2016 падчас афіцыйнай імпрэзы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь ажыццявіў крытычную перфарматыўную інтэрвенцыю “Ласунак”.

Адкрыцце прасторы і прэзентацыя праекта адбудуцца 1 траўня а 17-й гадзіне па адрасе: пр-т Незалежнасці, 37А.







X