Таямнічае начное забойства сабакi - Новости компаний на N1.BY

Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі і Грамадскае аб'яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” (ГА “БелАДДІіМІ”) прапануе драматычны спектакль па творы ангельскага пісьменніка Марка Хэдана “Таямнічае начное забойства сабакi”.

Рэжысёр-пастаноўшчык: Андрей Саўчанка
Мастак: Юрый Вінагарадаў
Музыка: Аляксей Варсоба (Port-Mone)
Акторы: 3 курс “Акторы драматычнага тэатра і кіно” Беларускай акадэміі мастацтваў (Майстэрня народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі).

Для Беларусі, як і для многіх іншых краін, сёння актуальная праблема дзіцячага аўтызму. Аўтызм называюць хваробай цывілізацыі. Паводле дадзеных СААЗ, колькасць дзяцей з гэтым дыягназам расце на 13 працэнтаў у год. Гэта асаблівасць псіхічнага развіцця, звязаная галоўным чынам з парушэннем кантакту з навакольнымі, эмацыйнай халоднасцю і стэрэатыпнасцю дзейнасці. Дзіця з аўтызмам можа з'явіцца ў любой сям'і, не залежна ад прыбыткаў, адукацыі і сацыяльнага статусу бацькоў.
Для таго, каб зразумець, што адбываецца з такім дзіцем, уявіце сабе, што ўсё, што вы адчуваеце… павялічылася ці зменшылася стакратна. Лёгкія дакрананні могуць выклікаць у вас боль цi, наадварот, моцны ўдар – застацца незаўважаным. Яркая рэч, раней звыклыя гукі стануць палохаць, а гаворка суразмоўцы ператворыцца проста ў мелодыю. Складана такое ўявіць, але можна зразумець, што ў такім выпадку свет людзей і свет рэчаў успрымаюцца інакш…
«...Маё імя Крыстафер Джон Фрэнсіс Бун. Я ведаю ўсе краіны свету, іх сталіцы і ўсе простыя лікі да 7507.
І я прапаную вам сваю руку, калі вы пагаджаецеся, я павяду вас праз гісторыю, якая пачалася з таямнічага забойства сабакі.
Я ўздымаю левую руку і шырока разводжу свае пальцы. Я рыхтуюся да фізічнага кантакту. З вамі. Я хачу правесці вас праз маю гісторыю. Усё гэта было са мной насамрэч.
Калі тата ці хтосьці іншы хоча мяне абняць або засведчыць, што любіць мяне, адзіны магчымы для мяне спосаб – судакрануцца падушачкамі пальцаў. Бо я не люблю, калі да мяне дакранаюцца. І гэта адна з так званых “праблемаў паводзінаў”, якія часам даводзілі маму і тату да сапраўднага шаленства. Напрыклад, я: не размаўляю з людзьмі доўгі час, нічога не ем і не п’ю доўгі час, б’ю рэчы, калі злуюся альбо нечага не разумею, не ўсміхаюся, раздражняюся, калі хтосьці перастаўляе мэблю.
У мяне раней было багата “праблемаў паводзінаў”, але цяпер іх не так шмат, таму што я вырас і магу самастойна прымаць вырашэнні і сам рабіць некаторыя рэчы.
І я прыняў вырашэнне распавесці вам пра тое, што са мной здарылася...»

Тэатральная пастаноўка проходзіць у межах праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), які накіраваны на фарміраванне станоўчага стаўлення да людзей з інваліднасцю.
Пасля прэзентацыi спектакля (work-in-progress), якая адбылася 2 красавiка, тэатральнымі крытыками і прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоукі і глыбокае пранікненне ў тэму.

У межах мерапрыемства будзе арганізавана фотавыстава “Не побач, а разам” беларускага фотамастака Антона Матолька.

Дадатковая інфармацыя:
+375 44 486-74-23 Наталля Губар спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ГА “БелАДДІіМІ”,
+375 33 661-03-85 Ірына Логвін, каардынатар праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”.







X