Аршанцы змагаюцца супраць вырубкі дрэваў і будаўніцтва гандлёвага цэнтра каля жылога дома - Общество на N1.BY

Разгортванне будаўнічай пляцоўкі каля дома № 10 на вуліцы Сямёнава стала поўнай нечаканасцю для мясцовых жыхароў. Іх паставілі перад фактам, што зялёную зону каля дома знішчаць, а пад вокнамі, літаральна за некалькі метраў, пабудуюць двухпавярховы гандлёвы цэнтр, паведамляе spring96.org.

Нечаканая навіна ўсхвалявала жыхароў, якія збудавалі тут кватэры за ўласныя грошы — бо гэта каапэратыўны дом, а таксама самі пасадзілі дрэвы — каб пад вокнамі былі зеляніна і цень.



«Мы даведаліся пра ўсё толькі тыдзень таму, калі рабочыя пачалі агароджваць плотам будаўнічую пляцоўку, — распавядае мясцовая жыхарка. — Будаўнікі нам сказалі, што тэрыторыю выкупіў прыватны прадпрымальнік, і ён хоча збудаваць адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр. Навошта ён тут, калі ў людзей грошай няма і калі побач — вялікая крама „Алмі“ і невялічкі кірмаш? Навошта вырубаць дрэвы, якія былі зялёным кутком у нашых „каменных джунглях“?»

Эмоцыі ў людзей аж зашкальвалі, дэлегацыя накіравалася ў райвыканкам, але вярнулася ні з чым. Жыхарам сказалі, што яшчэ ў 2013 годзе адбыўся аўкцыён, і нейкі віцебскі прадпрымальнік набыў права на будоўлю ў гэтым месцы. І што вы, маўляў, таксама маглі выкупіць гэты ўчастак, калі б хацелі. А што не ведалі пра такую магчымасць, дык ніхто вам не вінаваты…



Жыхары дома № 10 напісалі калектыўны ліст у райвыканкам, аблвыканкам, Камітэт дзяржкантролю і адміністрацыю прэзідэнта. З апошняй інстанцыі ўжо прыйшоў адказ — што допіс накіравалі на разбіральніцтва да мясцовых уладаў.

«Увесь мінулы тыдзень мы раіліся, правялі 10 красавіка сход і сабралі подпісы пад новым лістом да ўладаў. Ён атрымаўся ўжо не такі эмацыйны, затое з дакладнымі юрыдычнымі фармулёўкамі. Але ў панядзелак, 11 красавіка, гэта ліст у райвыканкаме ў нас не прынялі. Сказалі, што ёсць папярэдні на гэтую ж тэму, таму яшчэ адзін — не возьмуць. Мы лічым, што гэта парушэнне! Хіба ж можна адмаўляць грамадзянам у іх жаданні звярнуцца да уладаў?» — пытаецца жыхарка дома № 10.

Дарэчы, на пашпарце аб’екта, напісана, што будаўніцтва вядзецца на вуліцы імя 60-годдзя БССР. Мясцовыя жыхары не выключаюць, што гэта нейкае махлярства. Яны вырашылі супольна наймаць адваката і судзіцца з тымі, хто дазволіў узвядзенне гандлёвага цэнтра.





X