Францыск Скарына і наш час - Новости компаний на N1.BY

7 красавіка 2016 года а 16-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Францыск Скарына і наш час».

Беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына (1490-1551) з’яўляецца знакавай постаццю нацыянальнага маштабу. Яго вобраз трывала ўвайшоў у сучасную культурную прастору Беларусі. Ф. Скарыне прысвечаны навуковыя публікацыі, існуе навуковая дысцыпліна «Скарыназнаўства», заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды яго імя (медаль і ордэн, якімі ўзнагароджваюцца дзеячы навукі, культуры і адукацыі за выдатныя дасягненні ў галіне прафесійнай дзейнасці), яго імем названы адукацыйныя ўстановы, вуліцы; адкрыты помнікі, прысвечаныя першадрукару.
У межах праекта «волат эпохі Адраджэння», пачынальнік усходнеславянскага кнігадрукавання паўстане як наш сучаснік. Падчас выстаўкі ўпершыню прастора Музея кнігі будзе занятай не кнігамі. Наведвальнік атрымае магчымасць акунуцца ў сучасны свет успрымання сімвалаў і вобразаў беларускага першадрукара, адшукаць яго пазнакі ў прадметах побыту, у школьных аксэсуарах, у студэнцкай і ўвогуле маладзёжнай субкультуры, у асяродку навукоўцаў і калекцыянераў, карпаратыўнай атрыбутыцы, у мастацкім увасабленні тэатра і кіно.
Наведвальнікаў чакаюць гульні і забавы, а таксама іншыя прыемныя нечаканасці.
Экспануюцца матэрыялы са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (філіял «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры», філіял «Музей гісторыі беларускага кіно»), Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, гімназіі №1 імя Ф. Скарыны г. Мінска, Полацкай дзяржаўнай гімназіі імя Ф. Скарыны, кавярні «У Францыска», прыватных калекцыянераў.
Выстаўка рэалізавана пры падтрымцы генеральнага партнёра праекта – кампанii МТС.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 27 22.
Е-mail: pr@nlb.by 







X