Скарбы князёў Радзівілаў у Скарбцы Мірскага замка - Новости компаний на N1.BY

31 сакавіка ў Мірскім замку адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы, прысвечанай князям Радзівілам. Мерапрыемства прымеркавана да пяцігоддзя стварэння музея «Замкавы комплекс «Мір» як самастойнай установы.

Выстава «Скарбы князёў Радзівілаў у Скарбцы Мірскага замка» з’яўляецца сумесным праектам музеяў Біржайскага краю «Села», Кедайняйскага краю, «Палаца вялікіх князёў літоўскіх», «Замкавага комплексу «Мір» і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж". Канцэпцыя выставы звязана з легендарнымі асобамі эпохі XVI стагоддзя - Мікалаем Радзівілам Чорным і Мікалаем Радзівілам Рудым. 



На выставе ў вітрынах прадстаўлены музейныя экспанаты, якія адносяцца да дадзенай эпохі: кафлі з палацаў Радзівілаў, наканечнікі стрэл, дошкі з эпітафіямі, гравюры, манеты ВКЛ XVI ст.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае арыгінальнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 г. з фондаў Музея Біржайскага краю "Села". На тытульным лісце гэтага фаліянта выгравіраваны герб Радзівілаў. На першай старонцы - прысвячэнне каралю Жыгімонту Аўгусту. Усе тэксты Старога і Новага Запаветаў суправаджаюцца каментарамі і шматлікімі ілюстрацыямі. Радзівілаўская Біблія неаднаразова перавыдавалася ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, а таксама ў Расіі і Германіі. Усяго ў Брэсцкай друкарні, па дадзеных гісторыкаў, выйшлі ў свет 40 кніг на польскай і лацінскай мовах. Пры іх афармленні выкарыстоўваліся рэнесансная графіка, вытанчаны наборны арнамент, фігурная ксілаграфія, гатычны шрыфт. 

Выстава «Скарбы князёў Радзівілаў у Скарбцы Мірскага замка» будзе доўжыцца да 28 мая 2016 г.







X