Колер. Рэальнасць. Фантазія - Новости компаний на N1.BY

30 сакавіка 2016 года а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу Алы Каласенцавай “Колер. Рэальнасць. Фантазія”.

Дамінантай экспазіцыі з’яўляецца сюжэтна-тэматычнае палатно “Дабравешчанне”, над якім Ала Каласенцава працавала два гады. Мастацкая традыцыя адлюстравання Дабравешчання мае вельмі даўнюю гісторыю. Да V стагоддзя асноўныя правілы малюнка ўжо склаліся, пра што сведчыць мазаіка ў храме Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. Тэма Дабравешчання з’яўляецца вельмі прывабнай і для сучасных мастакоў, якія нярэдка ідуць на эксперыменты, прыўносячы ў іх сваё бачанне формы і прасторы. Ала Каласенцава сама стварыла гістарычны інтэр’ер, уважліва сачыла за тым, каб былі вытраманы каноны. Марыя з німбам святой апранута ў блакітнае. Букет лілей у вазе – знак чысціні і бязгрэшнасці Марыі; кніга каля яе на пюпітры – сімвал прароцтва Ісаі; накіраваны на яе прамень святла, які зыходзіць ад голуба – сімвала Святога Духа.
Акрамя тэматычнай карціны, мастачка на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці шмат працуе ў галіне пейзажу, паслядоўна авалодваючы прыёмамі пленэра. На выставе прадстаўлены шэраг жыццясцвярджальных, багатых па каларыту пейзажаў, адзначаных вастрынёй назіранняў, найтанчэйшай перадачай сонечнага святла і паветра. Асноўную ўвагу яна надае лірычнаму адлюстраванню зменлівых станаў прыроды, захапляючыся гульнёй святла, вібрацыяй каляровых адценняў.
У нацюрмортах Алы Каласенцавай таксама адчуваецца цяга да імпрэсіянізму. Мастачка прызнаецца, што спецыяльна наведвала Эрмітаж, каб вывучаць творы мастакоў-імпрэсіяністаў – як пісаць паветра, святло. Аб’ёмныя кветкі на яе палотнах нібы раствараюцца ў паветры, набываючы няпэўнасць контураў.
Ала Каласенцава адзначае: "У мастацтве розных пакаленняў мяне заўсёды прыцягваюць палотны, у якіх глыбіня вобразнай думкі раскрываецца ў кожным мазку, у асаблівым любоўным стаўленні да фарбаў, у актыўнасці кампазіцыйнага рашэння і ў лаканізме выяўленчых элементаў. Прыгажосць колеру, свежасць, цэльнасць мастацкай формы заўсёды захапляюць у карцінах. Тут цяжка адкрыць які-небудзь закон, ды і наогул, творчасць цяжка пакласці ў пракрустава ложа загадзя нарыхтаваных праграм – гэта заўсёды індывідуальна. Мяне заўсёды цікавіць невядомасць: навакольны свет нараджае думкі, вобразы, матывы. Калі б мастак ведаў усё, што яму захочацца напісаць, дык яму было б сумна працаваць. Мастакоў я лічу самымі чуйнымі «датчыкамі» эпохі, інструментамі яе ўспрымання."

Ала Каласенцава
Мастак-жывапісец, педагог.
Нарадзілася 19.10.1955 г. у горадзе Магілёве.
У 1975 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча ім. А.К. Глебава.
У 1981 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Вучылася ў Л.П. Дубара, А.А. Малішэўскага, В.А. Грамыкі, М.В. Данцыга.
Працуе ў станковым жывапісе ў жанры партрэта, нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны.
Удзельнік больш сямідзесяці мастацкіх выстаў, якія праходзілі як на Беларусі, так і за яе межамі.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя. П. Масленікава, Літаратурным музеі А. Блока ў вёсцы Лапаціна Брэсцкай вобласці, фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцыях у Польшчы, Германіі, Францыі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Швейцарыі, Расіі, Чарнагорыі.
У цяперашні час з'яўляецца дацэнтам кафедры малюнка, акварэлі і скульптуры архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Аўтар падручніка для студэнтаў спецыяльнасці “Архітэктура” “Вучэбны малюнак. Інтэр'ер. Экстэр'ер”.

Выстава будзе працаваць з 30 сакавіка па 12 красавіка 2016 года.
Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.







X