Кераміка Палесціны - Новости компаний на N1.BY

Выстава арганізавана Пасольствам Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь. На ёй прадстаўлена традыцыйная кераміка з горада Хеўрона – традыцыйнага ганчарнага цэнтра Палесціны. 

Палесціна славіцца сваёй керамікай. У невялікай па тэрыторыі краіне знаходзіцца мноства керамічных цэнтраў з характэрным стылем і жывапіснай школай. Самай папулярнай сярод вядомых у ганчарным рамястве стыляў і школ сёння лічыцца так званая «Іерусалімская кераміка», якая ў большасці сваёй вырабляецца ў горадзе Хеўроне. Хеўрон – адзін з самых старажытных гарадоў свету, для іўдзеяў, хрысціян і мусульман гэта другі па святасці горад пасля Іерусаліма. У пачатку XX стагоддзя пры рэстаўрацыі мячэці Купал Скалы неабходна было замяніць кафлю. У Іерусалім запрасілі сям’ю майстроў з Турцыі, якім была даручана гэтая няпростая задача. У працэсе працы майстрам удалося наладзіць уласную справу ў Палесціне, якая жыве і паспяхова развіваецца па сённяшні дзень. Палесцінская кераміка – гэта дзіўная разнастайнасць стыляў. Чашы, талеркі, блюды, кубкі, збаны, падсвечнікі ўражваюць адточанымі формамі і яркім шматколерным роспісам. Галоўная асаблівасць гэтай керамікі – паліхромны роспіс у выглядзе складанага перапляцення геаметрычных і раслінных форм, фігур рыб і птушак. 

Майстэрні працуюць у адпаведнасці з даўняй традыцыяй, дзе мастак мае вядучую ролю. Спачатку наносіцца малюнак на паперу, затым у майстэрні малюнкі пераносяцца на выраб і распісваюцца. У некаторых выпадках мастак малюе прама на посудзе, пацвярджаючы свае правы творцы. Адрозненні і варыяцыі паміж першапачатковым малюнкам на паперы і яго разнавіднасцямі на посудзе, а таксама мастацтва непасрэднага роспісу посуду або кафлі пакуль яшчэ недастаткова вывучаны і павінны стаць прадметам будучых даследаванняў. 

Акрамя керамікі на выставе прадстаўлены ўзоры вышыўкі і ткацтва.



Выстава прысвечана Дню палесцінскай культуры, які святкуецца 13 сакавіка і супадае з днём нараджэння пачынальніка нацыянальнай культуры Махмуда Дарвіша – паэта не толькі Палесціны, але і ўсяго чалавецтва.

Куратар выставы і аўтар тэксту: Руслан Абрамовіч, навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.







X