Журналiст: Беларусы заўсёды прарасталі праз любы асфальт - Политика на N1.BY
Журналiст: Беларусы заўсёды прарасталі праз любы асфальт Журналiст: Беларусы заўсёды прарасталі праз любы асфальт

Мы на тым самым баку дабра, на якім былі і нашыя героі 160 год таму.

Журналiст Дзмітры Гурневiч разважае пра дзень палітычнага нараджэння новай Беларусі.

– 1 лютага – важная дата. Гэта, па-сутнасці, дзень палітычнага нараджэння новай Беларусі, якая дагэтуль існавала пад гістарычнымі назвамі і Русь, і Літва. 1 лютага 1863 году ў Вільні быў створаны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пачалося паўстанне. Гэта была першая ў гісторыі праява палітычнай суб’етнасці новай Беларусі.



У гадавіну пачатку ў Вялікім княстве Літоўскім Паўстання Кастуся Каліноўскага ізноў у галаве ўзнікаюць паралелі са жніўнем 2020 году. Асабліва таму, што часцей чую: а можа падзеі жніўня былі непатрэбныя, магчыма беларусы дарма выходзілі, бо навокал столькі болю, слёз і людскіх трагедый, а сядзелі б ціха, то нешта, магчыма, было б, але пазней.

На жаль, любы гістарычны здабытак роўны таму ахвяраванню, якое гатовыя за яго зрабіць людзі.

На шчасце, зроблены беларусамі ўчынак у 2020 роўны любому нацыянальнаму паўстанню. І як учынак паўстанцаў 1863 году, якія ўпершыню засведчылі палітычную суб’етнасць Беларусі, так беларусы ў 2020 годзе зрабілі сябе, свой народ, суб’етам палітыкі. Цяпер ён у турмах, або запалоханы, ці ў выгнанні, але ён нікуды не знік. І не забывайма, што шмат беларусаў у Беларусі дзейнічае няглядзечы ні на што.



Беларусы, зрэшты, заўсёды прарасталі праз любы асфальт. Таму нічога не скончана. І гэта, як ніхто лепш, разумее сёння хунта, якая другі год не можа вярнуцца назад. І ўжо не вернецца. Проста гістарычна яе час мінуў.

Парадаксальна, але менавіта сама хунта не дае людзям забыць пра тое пачуццё несправядлівасці і злосці на рэжым, якое вывела народ у 2020 на вуліцы. Ужо паўтара года яна амаль штодзённа дае нагоды, каб пра гэта памятаць, каб гэты агеньчык агіды да яе тлеў і тлеў.



Але нельга і самім забывацца, наколькі важны быў і ёсць той уздым для нашай гісторыі, для нас. Калі мы сябе ўбачылі іншымі, зусім іншымі, чым нас прымусілі сябе ўяўляць. Годнасць, гонар, прыгажосць, мудрасць, адвага, а не рахманасць, не «а можа так і трэба», не «чарка і скварка». Для свету мы больш не белая пляма. Але самае важнае, якія мы для сябе.

Гэта працяг той самай справы, якую пачалі ў лютым паўстанцы Каліноўскага. Тады яны змагаліся за ідэю дзяржавы. Дзяржава ёсць, але там народ усё яшчэ для ўраду, а не наадварот.

Беларусы ў 2020 выступілі за тое, каб у гэтай дзяржаве гэта яны прымалі рашэнні. І яны нанеслі (тут думка Сяргея Чалага) смяротны ўдар па пачвары. Гэтае цуда-юда канае, б’ецца сваёй тушай аб усё навокал, нішчачы, на жаль, шмат што.

Падзеі 2020 году былі неабходнымі, бо так вырашыў народ. Мяне калоціць, калі я чую пра дарэмныя ахвяры. Тады, выходзіць, былі дарэмнымі і авяры паўстанцаў амаль 160 год таму і варта прызнаць іх лузерамі? Канешне, не.

Мы носім выяву Кастуся на вопратцы, называем яго нацыянальным героем, плакалі на яго пахаванні ў Вільні і плачам на Росах, дзе ён пахаваны, не таму, што нам шкада яго «дарэмнай ахвяры» або «а мог бы яшчэ пажыць», а таму, што ён гістарычна перамог і мы сваімі слязамі дзякуем яму за гэта. Разам з усімі героямі паўстання ён стаў для нас зброяй і шчытом.

Менавіта таму ў нас слёзы, калі мы прыгадваем уздым 2020-га, бо мы на тым самым баку дабра, на якім былі і нашыя героі 160 год таму.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».