Марына Адамовіч: Усё хутка павінна памяняцца - Политика на N1.BY
Марына Адамовіч: Усё хутка павінна памяняцца Марына Адамовіч: Усё хутка павінна памяняцца Николай Статкевич

Мікалай Статкевіч – унікальны чалавек.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, якому прысудзілі 14 гадоў у калоніі асаблівага рэжыма, распавяла блогу «Отражение» пра сустрэчу з мужам.

— Я ўжо даволі даўно знаходжуся ва ўзрушаным стане: гэта адбывалася не з-за прысуду, а з-за чакання сустрэчы і няпэўнасці, ці здолею я пабачыць Мікалая. Усё гэтыя паўтары гады я пісала бясконцыя заявы на спатканне і атрымлівала бясконцыя адмовы. Мне здаецца, што да сапраўдных злачынцаў (я называю іх «класава блізкія») ставяцца нашмат лепш.



Што тычыцца прысуду, не столькі ён выклікаў маю напружанасць, колькі пытанне, ці здолею я пабачыць свайго мужа. Да канца не было зразумела, ці атрымаецца ў нас патрапіць на суд. Да апошняй хвіліны ў мяне былі паніка і страх, што гэтага не будзе: стан быў такі, што мне здавалася, я знаходжуся на грані вар’яцтва. І нават нягледзячы на тое, што мне ўжо патэлефанавалі з суда і сказалі, што дапусцяць на працэс аднаго сваяка, я ўсё роўна стаяла пад СІЗА і чакала нейкага ўдара, які не дазволіць нам убачыцца.



Аднак гэта ўсё ж атрымалася. Я ўбачыла свайго каханага толькі другі раз за паўтары гады, і тое ў «клетцы». Калі мы зайшлі у залю, нас «запрасілі» прайсці ў першы рад. Спачатку мы ўзрадаваліся, што будзем побач з роднымі, але аказалася, што яны знаходзяцца ў супрацьлеглым канцы гэтага памяшкання, іх адразу шчыльна атачыла ахова. Тады Мікалай вельмі голасна і ўпэўнена сказаў: «Я прыйшоў сюды толькі для таго, каб пабачыць сваю жонку. Калі вы мне зараз будзеце замінаць на яе глядзець, я вам сарву гэты працэс!» Ну, якія тут могуць быць эмоцыі… У любым выпадку, пабачыць Мікалая было для мяне вельмі доўгачаканай радасцю. Гэта той самы чалавек, з якім і развітвалася: упэўнены, спакойны, такі, які сам вызначае парадак, дзе, як і што будзе адбывацца вакол яго. Глядзела яму ў вочы — і разумела: усё ж ён сапраўды ўнікальны.



Я, канешне, разумела, што Мікалаю дадуць ад 10 да 15 год строгага альбо асаблівага рэжыма — дзеля гэтага дастаткова было зазірнуць у крымінальна-працэсуальны кодекс. Часцей за ўсё на асаблівым рэжыме ўтрымліваюцца людзі, якія асуджаны да пажыццёвага зняволення, альбо тыя, каму смяротнае пакаранне заменена такім зняволеннем, ці асабліва небяспечныя рэцэдывісты. І таму пасля прысуду я адчувала гадлівасць: ну як могуць людзі, якія заведама разумеюць, што яны асуджаюць невінаватых, усё гэта рабіць? І як яны могуць спакойна прыходзіць дахаты? Мне здаецца, гэтыя рытарычныя пытанні мы ўсе задаем сабе ўжо столькі часу…

Аднак на наступны дзень пасля прысуду я сустрэлася з Мікалаем — і цяпер адчуваю сябе спакойна і ўпэўнена. Навіну пра асаблівы рэжым ён пракаментаваў наступным чынам: «Ну што ж, пабываем і там, усё будзе добра, я не баюся». І ведаеце, ён настолькі ўмее надаваць сілы, што ў выніку ўсе мае сумненні і трывогі не паўплывалі на мой стан, як гэта, магчыма, каму-небудзь бы хацелася. Ніхто так, як ён, пры любых умовах не ўсяляе ў мяне ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.

Пытанне, ці давядзецца Мікалаю сядзець 14 год, рытарычнае. «Уходящая натура» і так званае правасуддзе спрабуюць самі сябе пераканаць, што ў іх яшчэ ёсць гэты час. Але асабіста я ўпэўнена, што яго няма. На сённяшні дзень здаецца, што гэтая цемра беспрасветная, што яна будзе цягнуцца бясконца, што Мінск апусцеў, што тут амаль не засталося знаёмых людзей, якія ўвесь час атачалі цябе гэтыя доўгія гады. Аднак Мікалай і сам сказаў, што гэты прысуд яго не хвалюе: «У іх няма і невялікай часткі таго часу, на які яны хочуць нас пасадзіць». Што я зараз успрымаю, як сапраўды страшную рэч — гэта тое, што на асаблівым рэжыме чалавек мае права толькі на адну перадачу і дзве бандэролькі на год. І табе ў гэтыя два кілаграмы бандэролькі трэба ўпіхнуць увесь клопат, усё каханне і ўсю надзею, што ты маеш.

Аднак жа ведаеце, калі Мікалая арыштавалі пасля выбараў у снежні 2010-га, у мяне было разуменне, што наперадзе яшчэ доўгі шлях. Тое 19 снежня было прыгожым узрушаннем пасля дзесяцігоддзя балота. Раптам людзі ўбачылі, што іх шмат, яны прагнуць свабоды. Але тады ўсё ж было зразумела, што гэта толькі першыя ручаіны з-пад снега напрадвесні, але «снега» яшчэ шмат. А вось зараз ёсць іншае адчуванне — такое, што ўсё хутка павінна памяняцца.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».