Нiна Багiнская: Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і масаю выйшлі - Политика на N1.BY
Нiна Багiнская: Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і масаю выйшлі Нiна Багiнская: Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і масаю выйшлі Нiна Багiнская

Легенда супраціву расказала пра тое, што натхняе асабiста яе на пратэст.

Спецыяльна для Deutsche Welle Нiна Багiнская напiсала каментар пра яе бачанне сiтуацыi ў Беларусi.

– Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці Твае?

«Собака бьющую руку лижет». О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся Каліноўскага! Мы ўжо вам не сабакі!



Беларусь ліцьвінская - краіна жаноцкага роду. Жаноцкі род - гэта вытрымка: вычакаць час, здольнасьць ператрываць мажлівую небясьпеку. Інтэлект жанчыны вышэйшы за мужчынскі, бо, нарадзіўшы дзіця, жанчына мае клопат аб захаваньні роду, а гэта значыць, роднага этнасу, Бацькаўшчыны. Мужчына - ваяр, цяга да войнаў, заваёў, улады - гэта мужчынскі род.

Тысячагадовая гісторыя Беларусі - гэта гісторыя абароны, захаваньня свайго этнасу ад ворагаў, што праз нашу краіну (цэнтар Эўропы) ішлі на ўсе бакі Сьвету. На гэта патрэбна больш адвагі, чым забіваць. Наша хрысьціянская заступніца Беларусі - Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Яе крыж, зроблены Лазарам Богшам, знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музэі, зьнік падчас II Сусьветнай вайны…



Рэпрэсii ў мiнулым i ў сучаснай Беларусi

Пасьля II Сусьветнай вайны людзі пацягнуліся да дабра, да міра. Краіны з імпэрскім таталітарным утварэньнем пачалі руйнавацца. Толькі праўда, справядлівасьць, добрыя ўчынкі захоўваюць жыцьцё людзей, жыцьцё нашай плянэты Зямля. Сэнс жыцьця чалавека - не пагубіць экалёгію чалавека, захаваць добрыя стасункі паміж людзьмі, расьлінным і жывёльным сьветам.

А для гэтага трэба прыпыніць работу зла. Мы нелюдзі, калі ў сучасным Сьвеце Зямлі хоць адна нацыя (народ), хоць адна расьліна ці жывёліна загіне, прыпыніць сваё існаваньне. На жаль, войны, рэпрэсіі не прыпыніліся. У Беларусі аднавіўся сталінскі фашызм 20-30-х гадоў прошлага стагодзьдзя. Лукашэнка збудаваў таталітарную сыстэму, абустроіў зьнішчэньне правоў і свабод чалавека. Фактычна на Беларусі ўзьнікла рабаўладаньне. У гэтым яму дапамагае імпэрская Пуцінская Маскоўская дзяржава - «Россия».



Мы, народ беларускі, вінаваты, што столькі год - больш дваццаці - трывалі ягоную антынародную сыстэму, але ў 2020 г., нарэшце, ізноў падняліся на вызваленьне. Сталі вядомы Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала... Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, забаронены ўладаю Лукашэнкі, і масаю пайшлі на пратэсты.

Беларусы - не рабы

Шэлінг і Гегель, нямецкія філёзафы ў 30-50 гг. 19 стагодзьдзя, зрабілі ўплыў на грамадзкую думку ня толькі свайго народа, але і народа Расеі. Гэтыя філёзафы падзялілі народы на гістарычныя (якія кіруюць) і негістарычныя (якія падпарадкоўваюцца). Мой народ апынуўся ў кагорце негістарычных, але мой народ не раб і на працягу ўсёй гісторыі вызваляўся ад тых, хто жадаў над ім гаспадарыць. Кастусь Каліноўскі натхніў многія пакаленьні на вызваленьне ад прымусу суседніх краін - гэта нацыянальны запавет Паўстаньня ў 1863 годзе.

Зараз у 2020 годзе гісторыя вызваленьня паўтарылася. Народ паўстаў супраць тыраніі Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расеяй, супраць русіфікацыі. Нас рэпрэсуюць турмою, штрафамі, ёсьць забітыя. Гэта грамадзянская вайна. Я ў свае 74 гады не баюся - хто не радзіўся, той не памрэ, дык паміраць трэба чалавекам, а не быдлам-сьвіньнёю.

Прыкладам чалавечнасьці, розуму, сьмеласьці можа быць навагрудзкая лекарка Саламея Пільштынова (Русецкая) «Авантуры майго жыцця».

Маімі арыенцірамі сталі Ларыса Геніюш ("Споведзь"), а яшчэ Зоська Верас (1892-1991 гг.), зьбіральніца словаў і зёлак. «… ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам - пісала вершы і апавяданьні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік», рэдагавала часопісы «Заранка», «Пралескі» і «Беларуская борць» (апошні - спецыялізаваны, для пчаляроў). Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця..." Гэта укладаньне, прадмова Міхася Скоблы да кнігі спадарыні Верас, якая была выдадзена ў 2015 годзе ў Менску, - «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты». Зоська Верас была жывой сьведкай нашай гісторыі і пасьпела ў сваіх лістах данесьці праўду людзям, выкрывала фальш савецкай гістарыяграфіі.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».