Складзены першы турыстычны маршрут па пратэставых мясьцінах Менску 2020 году - Политика на N1.BY
Складзены першы турыстычны маршрут па пратэставых мясьцінах Менску 2020 году Складзены першы турыстычны маршрут па пратэставых мясьцінах Менску 2020 году

Мы ніколі ня будзем ранейшымі.

І горад мы ўжо ня зможам успрымаць як раней. Экскурсавод Раман Абрамчук склаў першы турыстычны маршрут, які ахоплівае найбольш знакавыя пратэставыя мясьціны Менску ўзору 2020 году, перадае «Радыё Свабода».

1. Камароўскі рынак

Фото: «Радыё Свабода»

Сто год таму на Камароўскім полі знакаміты авіятар-авантурыст Сяргей Вутачкін сабраў увесь Менск, каб разварушыць Камароўскае балота фэерычным відовішчам — палётам на аэрапляне і катаньнем добраахвотнікаў. А ў 2020-м ужо Сяргей Ціханоўскі разварушваў мэтафізычнае балота сваімі стрымамі ды інтэрвію ва ўсіх ахвотных, сабраўшы чаргу неймавернай даўжыні, якая авіятарскай пятлёй ахапіла квартал рынку і расьцягнулася на кілямэтар з гакам. Пасьля гэтага ўсе загаварылі пра рэвалюцыю чэргаў — на бліжэйшыя месяцы яны сталі галоўным мэтадам пратэсту.



2. Плошча Якуба Коласа

Фото: «Радыё Свабода»

Гэта і ёсьць цэнтар даўняй Камароўкі, былога менскага прадмесьця, якое славілася бруднымі дарогамі ды крыміналам. Акурат на тую адлегласьць, якая аддзяляла Камароўку ад Менску двухсотгадовай даўнасьці — а горад тады сканчаўся ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі — расьцягнулася чарга з ахвотных паставіць свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў увечары 18 чэрвеня. І калі раптоўна пачалася навальніца з моцным градам — многія засталіся ў чарзе, нават не спрабуючы схавацца ад лютай стыхіі.



Тут жа, проста на плошчы — на старых «Камароўскіх вілах», дзе некалі сустракаліся старадаўнія тракты (цяпер — сучасныя вуліцы) — сустрэліся ўдзельнікі роварнага прабегу салідарнасьці і шматтысячны жаночы марш 29 жніўня. Раварысты ўтварылі ганаровае кола для паненак пад іх радасны віск і аплядысмэнты, але сьвяточны карагод хутка быў разагнаны амапаўцамі.

3. Крама Symbal.by

Фото: «Радыё Свабода»

Непадалёк на праспэкце Машэрава (раней вул. Варвашэні) ужо лунаў калісьці бел-чырвона-белы сьцяг: у будынку № 8 доўгі час знаходзіўся офіс партыі БНФ, які, дзякуючы блізкасьці да цэнтру гораду, прытуліў безьліч апазыцыйных палітычных і незалежных культурніцкіх ініцыятыў.



І вось сьцягі вярнуліся сюды разам са зьяўленьнем крамы Symbal.by (пр-т Машэрава, 17), якая актыўна распаўсюджвала нацыянальную атрыбутыку, а напярэдадні выбараў вырабіла партыю маек з надпісам «Псіхо3%». На краму абрынуліся штрафы, канфіскацыі, праверкі, але кожны неабыякавы, адстаяўшы даўжэзную чаргу, мог падтрымаць краму пакупкай. Гэта стала першым прыкладам вулічнай салідарнай падтрымкі рэпрэсаванага бізнэсу.

4. Сьцяна з надпісам «Тут били женщин»

Фото: «Радыё Свабода»

На праспэкце Машэрава, 7, корпус 22, знойдзем тую самую доўгую глухую сьцяну, каля якой 8 верасьня невядомыя ў балаклавах заблякавалі вялікую групу жанчын падчас аднаго з жаночых маршаў. Гэта сьцяна заводу «Гарызонт», вядомага ў савецкі час і па тэлевізарах зь вялікай дыяганальлю, і па легендарным працаўніку — Лі Гарві Освальду. У наш час у карпусах заводу разьмясьцілася некалькі магутных культурніцкіх хабаў, а ўвосень 2020-га — як прамаўляў надпіс на гэтай сьцяне — «тут били женщин».

5. Схіл ля дома-музэю 1-га зьезду РСДРП

Фото: «Радыё Свабода»

Вуліца Камуністычная раней называлася Шпітальнай і працягвалася далей за сучасны праспэкт: той працяг мы зараз ведаем як вуліцу Фрунзэ, у канцы якой і стаіць былы вайсковы шпіталь, заняты сёньня Сьледчым камітэтам.

14 ліпеня па ўсім горадзе адбываліся масавыя пратэсты супраць нерэгістрацыі Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Акурат там, дзе вуліца Камуністычная падыходзіць да праспэкту, адбылася вялікая бойка паміж пратэстоўцамі і амапаўцамі. На тую бойку дасьціпным вершам адгукнуўся Ўладзімер Някляеў. У пратэстоўцаў тады была відавочная перавага, але некаторыя зь іх пазьней будуць арыштаваныя і трапяць у турмы на значныя тэрміны.

6. Лінгвістычны ўнівэрсытэт

Фото: «Радыё Свабода»

Непадалёк ад плошчы Перамогі, якую атачалі тысячы прыўкрасных жаннаў д’арк у дні жаночых гранд-маршаў, знаходзіцца галоўны корпус Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (вул. Захарава, 21). Мала хто ведае, што менавіта яго скончылі асобы, наўпрост датычныя да тэмы гэтай экскурсіі. Напрыклад, Андрэй Саньнікаў... Але мы падыдзем да ўваходу ва ўнівэрсытэт ня дзеля важных мужчын, а дзеля адважных дзяўчат — студэнтак, якія першымі сярод навучэнцаў менскіх ВНУ пачалі сьпяваць пратэставыя песьні ля ўваходу і ў вэстыбюлі сваёй альма-матэр.

7. Кастрычніцкая плошча

Фото: «Радыё Свабода»

Гэтая вялізная пустка пасярод нэаклясычных палацаў зьявілася на мапе гораду пасьля вайны замест шчыльнай вулічнай забудовы (тут праходзіла вуіца Юрʼеўская), славілася яна высачэзным помнікам Сталіну. Узгадаем на гэтым месцы размашыстыя карнавальныя маршы канца жніўня, калі на ўсю шырыню праспэкта шпацыравала вясёлая стракатая грамада ў лёгкіх бела-чырвоных сукенках, шортах ды майках, разам з артыстамі, аркестрамі, пэрформэрамі, трымаючы ў руках безьліч вясёлых плякатаў.

Пасьляваенная нэаклясычная архітэктура з уласьцівай ёй гігантаманіяй быццам чакала ўсё стагодзьдзе гэтых маштабных разьняволеных шэсьцяў і пэрформансаў. Узгадаем агромністую бчб-кампазыцыю з будаўнічых загародак, створаную гарэзьлівымі дэманстрантамі проста на плошчы 30 жніўня падчас нядзельнага маршу.

8. Купалаўскі тэатар

Фото: «Радыё Свабода»

Гэты будынак зьявіўся ў канцы XIX ст. дзякуючы руплівасьці легендарнага графа Чапскага і надоўга стаў галоўнай тэатральнай пляцоўкай гораду, пасьпеўшы да таго ж у 1917-м прыняць эпахальны Ўсебеларускі зьезд, разагнаны бальшавікамі.

У гарачым жніўні 2020-га тут таксама разганялі, але гэтым разам — «сьпеўкі», што ладзіліся ў знак падтрымкі бастуючых актораў і звольненага дырэктара Паўла Латушкі. Большасьць актораў і рэжысэраў усё ж звольніліся, праявіўшы нечуваную салідарнасьць — і гэтым адзначылі 100-ю гадавіну Купалаўскага.

9. Плошча Незалежнасьці

Фото: «Радыё Свабода»

Гэты шыкоўны ансамбль мазаічна складзены з будынкаў і дэкору, што зьяўляліся тут на працягу ста гадоў: ад Чырвонага касьцёла і элегантных дамоў па вуліцы Захарʼеўскай (сёньня яе частка — Савецкая) пачатку XX стагодзьдзя — да грувасткіх журавоў над фантанам пачатку XXI стагодзьдзя. Помнік Леніну, які зьявіўся тут разам з Домам ураду ў 1930-х, уявім сабе абклееным жартоўнымі плякатамі і стракатымі расьцяжкамі. Гэта ня мроі — ён сапраўды набываў гэткі нефармальны выгляд некалькі дзён запар, прымушаючы нас паверыць, што мы ня ў Менску, а ў Бэрліне часоў падзеньня сьцяны. «Гудбай, Ленін!», — так лёгка прамаўлялася ў тыя дні. «Гудбай, савецкае мінулае!», — адгукалася плошча, сьпяваючы «Муры» і скандуючы «Кожны дзень!». У гэтыя ж вечары тут танцавалі, вадзілі карагоды, развучвалі народныя песьні і нагбом пілі свабоду.

Для розных патрэбаў, малых і вялікіх, пратэстоўцы заходзілі ў Чырвоны касьцёл, які гасьцінна і шчодра — па прыкладзе свайго фундатара Эдварда Вайніловіча — адчыніў свае дзьверы для пратэстоўцаў, стаўшы для іх сапраўдным прытулкам і абаронай. Шматкротна пратэстоўцы хаваліся ў яго сьценах, пазьбягаючы затрыманьняў. Але аднойчы затрыманы быў і сам храм: сілавікі заблякавалі яго ўваходы.

10. Пішчалаўскі замак

Фото: «Радыё Свабода»

Легендарную турму пабудаваў шляхціч Пішчала ў сярэдзіне XIX ст. Пра гэтую турму ўзгадваў ейны самы знакаміты вязень Якуб Колас у рамане «На ростанях» (як сьведчаць сучасныя вязьні, коласаўскае апісаньне ня страціла актуальнасьці). А пісьменьнік Сяргей Пясэцкі ў адным са сваіх «менскіх» твораў апісвае паўстаньне вязьняў у гэтай турме ў момант прыходу ў горад бальшавікоў.

У пратэставым 2020-м старадаўні астрог, вядомы сёньня як СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, 2, застаўся верны сваім традыцыям, забраўшы ў свае сутарэньні лепшых: Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Сьцяпана Латыпава, Ігара Лосіка і шмат каго яшчэ. Тут жа доўгі час знаходзіўся Сяргей Ціханоўскі разам зь іншымі фігурантамі заведзенай на яго справы. У канцы жніўня вялікая грамада пратэстоўцаў адзначала ля турэмнай брамы дзень народзінаў Ціханоўскага, шматкротна сьпяваючы яму яго ўлюбёную песьню «Муры» пры дапамозе гукаўзмацняльнай апаратуры, ня ведаючы, што Сяргея акурат напярэдадні перавезьлі ў жодзінскую турму.

Зь ня меншым імпэтам тут жа крычалі лёзунгі падчас маршаў і сыгналілі аўтамабілісты — зь верай, што вязьні пачуюць. А хтосьці падтрымліваў цішынёй і нястомнай прысутнасьцю: дзяўчына гарадзенца Зьмітра Фурманава правяла тут некалькі сутак у ліпені, трымаючы галадоўку.

11. Акрэсьціна

Фото: «Радыё Свабода»

На 1-м завулку Акрэсьціна, 36 знаходзіцца сумнавядомы турэмны комплекс, дзякуючы якому бальшыня беларусаў ужо бязь цяжкасьці расшыфроўвае таямнічыя абрэвіятуры ІЧУ і ЦІП. Цікава было назіраць, як у народнай сьвядомасьці «Акрэсьціна» стала гучаць як назва нейкага пасёлка накшталт «Гатава» ці «Валярʼянава» — бо ня ўсе ведаюць, што завулак, як і прылеглая вуліца, носіць імя лётчыка Барыса Акрэсьціна, які загінуў падчас баёў за Меншчыну ў ліпені 1944-га.

Стоячы пад акрэсьцінскім калючым дротам, уявім сябе роднымі вязьняў, якія чакалі ў шматгадзінных чэргах, каб аддаць перадачу — і далёка не заўжды ім гэта ўдавалася. Уявім сябе і тымі, хто спадзяваўся сустрэць сваіх родных пасьля «доўгіх» сутак — напрыклад, Паўла Севярынца ці Вольгу Хіжынкову — і безвынікова сыходзіў у бясьсільнай роспачы. А саўндтрэкам на гэтым месцы няхай гучыць страшны пакутлівы енк жнівеньскіх начэй, які назаўжды перасяліўся з дыктафоннага аўдыёзапісу валянтэраў у народную памяць.

12. Мэтро Пушкінская

Фото: «Радыё Свабода»

Старадаўні Менск да гэтых мясьцінаў не дасягаў, але добра іх ведаў: непадалёк самыя старыя ў горадзе каталіцкія могілкі (Кальварыя), а ў заходнім напрамку, уздоўж цяперашняй вул.Прытыцкага, працягнуўся фальварак Цівалі, заснаваны ў XIX ст. немцам Тэафілам Гольцбэргам. У тым фальварку быў летні тэатар, рэстарацыя і вятрак. Адным словам, пустынная мэдытатыўная мясцовасьць.

Але 10 жніўня 2020 году ад яе можна было прыкурваць. Ад галоўнага скрыжаваньня ў розныя бакі на некалькі кілямэтраў расьцягнуліся аўтамабільныя заторы: тысячы людзей, нягледзячы на адсутнасьць інтэрнэту, прыбылі да эпіцэнтру супрацьстаяньня пратэстоўцаў зь сілавікамі. Большасьць бачыла толькі водсьветы на паўнеба ад сьвятлашумавых гранат, стоячы ў корках. Многія кіроўцы прапускалі машыны хуткай дапамогі, яшчэ ня ведаючы, што ў іх маглі хавацца сілавікі. Тыя, хто стаяў у заторы бліжэй, бачылі жорсткія сутычкі і сцэны зьбіцьця дэманстрантаў. А хтосьці і сам будаваў барыкады, абараняўся і адступаў у двары панэлек, хаваючыся ў падʼездах, дзе мясцовыя жыхары загадзя пакінулі мэдыкамэнты.

Бліжэй да поўначы ўсіх працяла страшная навіна: загінуў чалавек — Аляксандар Тарайкоўскі, ён стаў першай ахвярай пратэстаў. Аўтазакі і патрулі будуць яшчэ дзяжурыць тут да раніцы, а вечаровыя сутычкі працягнуцца і ў наступныя дні. А ў бліжэйшы выходны тут адбудзецца шматлюдная мірная акцыя ў памяць аб загінулым. З кветак, плякатаў і зьнічоў людзі ўтвораць кранальны мэмарыял ля выхаду з мэтро ў бок Ракаўскага кірмашу і будуць аднаўляць яго штодня ў розным выглядзе, нягледзячы на рэгулярныя разбурэньні і жорсткія рэпрэсіі (пяцёра дэманстрантаў, што спрабавалі напісаць на ходніку фразы ў памяць аб трагедыі — трапяць за краты на значныя тэрміны зьняволеньня).

13. Палац Незалежнасьці

Фото: «Радыё Свабода»

У гэтым месцы сканчаецца ансамблевая позьнесавецкая забудова колішняй Паркавай магістралі (потым — праспэкт Машэрава, у наш час — Пераможцаў). Палац Незалежнасьці паўстаў акурат на мяжы двух фрагмэнтаў праспэкту, забудаваных у дзьве розныя эпохі. Ён стаіць унутры знакамітага водна-зялёнага дыямэтра — ланцуга паркаў і зялёных зонаў, які цягнецца паабапал Сьвіслачы праз увесь Менск і адмежаваны вуліцамі ад шчыльнай гарадзкой забудовы. Першапачаткова гэтая тэрыторыя павінна была мець сацыякультурнае прызначэньне.

Акурат сюды некалькі разоў скіроўваліся стотысячныя нядзельныя маршы, і менавіта тут — ад агароджы палаца да заводу «Атлянт» (праспэкт Пераможцаў, 61) — кожны раз расьцягваўся шыхт амапаўцаў і вайскоўцаў з комплексамі «Рубеж». Сілавікі з-за агароджы ня безь цікавасьці назіралі прыезд Калесьнікавай, слухалі «Трох чарапах» у выкананьні Піта Паўлава, абмяркоўвалі між сабой стракатую масу дэманстрантаў, трывалі, пакуль юная Сафія Малашэвіч размалёўвала жалезныя шчыты дзёрзкімі надпісамі. А аднойчы над натоўпам праляцеў верталёт. І толькі з навінаў усе даведаліся, што ў ім быў Лукашэнка. У навінах усе пабачаць і сцэну з аўтаматам без магазына на апусьцелым праспэкце, якая разыгралася ў гэтым месцы і стала крыніцай шматлікіх мэмаў.

14. Камсамольскае возера

Камсамольскае возера, выкапанае ў 1940–1941 гадах менчукамі на «дабравольна-прымусовых» асновах, ня толькі вырашыла праблему з паводкамі ў цэнтры гораду, але і стала сапраўдным райскім кутком для адпачынку. Сьвяточныя гуляньні ў гонар завяршэньня працы прызначылі акурат на 22-га чэрвеня 1941 году. Яны не адбыліся, бо пачалася вайна.

Сьвяточны настрой рэзка знік у гэтых мясьцінах і 6 верасьня 2020 году, калі напрыканцы нядзельнага маршу сілавікі раптам атакавалі хвост натоўпу. Ня маючы як больш ратавацца, многія скакалі ў ваду. Супрацоўнікі «Асвода», выконваючы свае абавязкі, дасталі людзей з вады, але, насуперак загадам сілавікоў, перавезьлі на другі бок возера. На наступны дзень уся зьмена асводаўцаў, якая ратавала людзей, апынулася на Акрэсьціна.

15. Стэла

Фото: «Радыё Свабода»

Старадаўняе прадмесьце, якое звалася Татарскімі агародамі, пасьля будаўніцтва тут стэлы ў сярэдзіне 1970-х потым яшчэ доўга будзе нагадваць пра сябе каровамі, што выходзілі на сучасны праспэкт зь некалькіх прыватных падворкаў, якім удалося на некаторы час схавацца ад разбурэньня ў гушчары паркавай зоны.

Мэмарыял «Менск — горад-герой» стане галоўным архітэктурным і ідэалягічным акцэнтам гэтай мясцовасьці. У вечар пасьля выбараў пратэстоўцы на подступах да гэтай сымбалічнай вышыні ўступяць у зацятае супрацьстаяньне зь сілавікамі і ўпершыню даведаюцца, што такое гумовыя кулі і сьвятлашумавыя гранаты. А пасьля гіганцкіх маршаў канца жніўня — калі ўвесь мэмарыял і навакольная прастора афарбоўваліся ў бел-чырвона-белае — стэлу рэгулярна будуць ачапляць вайскоўцы, а па пэрымэтры будуць нацягваць калючы дрот.

Менавіта на стэле пачыналася большасьць пратэставых маршаў. І разложысты савецкі мадэрновы праспэкт, дзе самотная вэртыкаль патанае ў разьняволеных прасторай гарызанталях, умяшчаў у сябе ўвесь народны спадзеў і мару. Па ацэнках СМІ, колькасьць удзельнікаў некалькіх маршаў перавышала 200 тысячаў чалавек. Тут, бадай, кожны зможа расказаць нейкі свой эпізод, што здарыўся менавіта зь ім. Але пра адзін зь іх немагчыма не ўзгадаць: сіні вадамёт, у якім пратэстоўцы зламалі гідрант, нечакана стаў падобны да карнавальнага кіта, які пусьціў свой струмень у неба (здарэньне адбылося на адрэзку праспэкта Машэрава паміж стэлай і вул. Ціміразева). Што і казаць, шоў наўрад ці глядзелася б так эфэктна, каб не дэкарацыі разрэджанага архітэктурнага асяродзьдзя.

16. Плошча Пераменаў

Фото: «Радыё Свабода»

На аскепках старога менскага прадмесьця (а менавіта тут сканчалася прадмесьце Пярэспа), у ненавісных старажылам дамах-«сьвечках», неспадзявана паўстаў бастыён пратэсту. І вось мы ўжо вышукваем ня рэшткі старых вулачак (Сморгаўскі тракт, вуліца Аршанская), ня рэшткі старой драўлянай забудовы, а выглядаем сьцягі ў вокнах навабудаў. Знакаміты мурал, што разьмясьціўся на трансфарматарнай будцы па цэнтры двара паміж дамамі па вул. Чарвякова 60, 62 і Сморгаўскім тракце, 1 — шматкротна зьмяняў сваё аблічча, стыль і колеры, але ўпарта вяртаўся на сваё месца пасьля вынішчэньняў. Падчас чарговай спробы адстаяць мурал сілавікі затрымалі мясцовага жыхара Сьцяпана Латыпава, выява якога таксама некаторы час знаходзілася на сьцяне.

Ля мурала, на дзіцячай пляцоўцы, прайшло шмат канцэртаў і дваровых сьвятаў. Тут жа разгортваліся трагічныя падзеі вечара 11 лістапада. У той вечар Раман Бандарэнка выйшаў са свайго дома (вул. Чарвякова, 4), прайшоў усю вуліцу — добра, каб у будучым яна насіла яго імя — і трапіў пад удары невядомых, спрабуючы абараніць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары. У вечар сьмерці Рамана тысячы людзей прыйшлі сюды з кветкамі і зьнічамі, каб аддаць пашану герою. У наступную нядзелю мітынг каля мэмарыялу некалькі разоў штурмавалі сілавікі, пасьля чаго мэмарыял быў разбураны. У той жа час ці ня сотня людзей схавалася ў сутарэньнях і кватэрах бліжэйшых шматпавярховікаў. Цэлую ноч іх спрабавалі «выкурыць» невядомыя ў масках, так што людзі змаглі пакінуць свае сховы толькі раніцай наступнага дня.

17. Кінатэатар «Кіеў»

Фото: «Радыё Свабода»

Назва кінатэатра стала зьвяном канцэптуальнага тапанімічнага ланцужка хрушчоўска-брэжнеўскай эпохі — зрэшты, тады ж паўставаў і архітэктурны ансамбль гэтага раёну: бульвар Шаўчэнкі — Кіеўскі сквэр (за ім яшчэ ёсьць вул. Кіеўская).

Архітэктура застойных савецкіх часоў з даволі ціхай старэчай атмасфэрай ніяк не чакала выбуху, што грымнуў лагодным вечарам 6 жніўня: дыджэі Ўлад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, адказныя за наладку гуку на дзяржаўным мерапрыемстве, раптам уключылі на ўсю моц песьню «Пераменаў» Віктара Цоя, ускінуўшы ўгару рукі зь белымі бранзалетамі і знакам «вікторыі». Тысячы людзей, якія перад тым былі засмучаныя нечаканай адменай канцэрта ў парку Дружбы народаў і прыйшлі падтрымаць Сьвятлану Ціханоўскую, што анансавала свой візыт сюды, — былі цалкам задаволеныя такой «кампэнсацыяй».

18. Курапаты

Фото: «Радыё Свабода»

Гэтае ўрочышча знакамітае гіганцкім могільнікам ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Ад канца 1980-х тут паступова фармаваўся мэмарыял у іх памяць. Гэтая мясьціна вартая асобнай экскурсіі, але мы агледзім поле паміж ім і гіпэрмаркетам «Бігз». Менавіта тут адбылося страшнае «сафары»: невядомыя ў масках са стрэльбамі гойсалі па полі на мікрааўтобусах, «палюючы» на ўдзельнікаў нядзельнага маршу, які тады супаў з традыцыйным шэсьцем на Дзяды.

У гэты ж дзень на вуліцы Каліноўскага, па якой рушыла калёна дэманстрантаў, адзін з удзельнікаў маршу расшпіліў куртку і падставіў грудзі пад дула вайскоўца са словам «Страляй!». А за пару месяцаў да гэтага маршу ад Курапатаў да Акрэсьціна, уздоўж цэнтральных вуліц, працягнуўся жывы «ланцуг пакаяньня», нагадваючы, што абедзьве мясьціны смутку непарушна зьвязаныя адна з адной.

19. Новая Баравая

Фото: «Радыё Свабода»

Мікрараён разьмясьціўся непадалёк ад знакамітага лётнага поля і музэю авіяцыйнай тэхнікі. Пачынаючы з 2009 году на Баравой можна было ня толькі агледзець узоры савецкага і постсавецкага авіяпраму, але і ўзьняцца ў неба з добра падрыхтаванымі інструктарамі. Вось і экстравагантныя назвы вуліц новага мікрараёну аддалі пашану авіятарам усіх часоў і народаў.

Мікрараён праславіўся дваровымі імпрэзамі і раённымі маршамі, але яшчэ і да дня выбараў стракацеў бел-чырвона-белымі сьцягамі на вокнах, а ў вечар пасьля выбараў зь лётчыцкай адвагай абвясьціў, што на некалькіх мясцовых участках перамагла Ціханоўская. А як іначай: у гэтым жылым комплексе пражывае вялікая колькасьць айцішнікаў зь семʼямі, якія сталі інтэлектуальным рухавіком выбарчай барацьбы і пратэстаў. Мясцовы жыхар Віктар Куўшынаў дагэтуль застаецца за кратамі. Ён быў адным з супрацоўнікаў фірмы PandaDoc, дырэктар якой аказваў дапамогу сілавікам, што звольніліся з працы. Жылы комплекс стаў узорным прыкладам моцнай дваровай супольнасьці, якая прайшла хрышчэньне — не, не агнём, а вадой: у час амаль зімовых халадоў тут нечакана перастаў працаваць водаправод, і ўвесь салідарны Менск сьпяшаўся падвезьці біклагі зь пітной вадой ці прыняць пацярпелых у госьці дзеля гарачага душа.

20. Уручча

Фото: «Радыё Свабода»

Тэрыторыя, на якой разьмясьціўся мікрараён, — гэта колішнія балоцістыя землі, што належалі Радзівілам. Таксама як і навакольныя вёскі, назвы якіх захаваліся ў гарадзкой тапаніміцы: Сьляпянка, Уручча (раней — Улучча) і Копішча. На гэтым «дзікім усходзе» праходзілі ці ня самыя масавыя раённыя маршы, калі цэнтрам пратэставай актыўнасьці сталі двары. Немагчыма забыць той эмацыйны момант, калі пад мостам на вуліцы Астрашыцкай сустрэліся дзьве вялікія калёны, якім удалося абысьці ўсе кардоны.

Тут жа ва ўручанскіх лясах пражывае знакаміты бчб-цмок, якога варта адшукаць, каб, дакрануўшыся да яго, загадаць неверагоднае жаданьне.

Паказваючы гэтыя мясьціны сваім прыежджым сябрам, дапоўніце сьпіс уласнымі эпізодамі, а яшчэ лепей — складзіце ўласны маршрут па сваім раёне, каб вашыя госьці ведалі, што плошчы, вуліцы і двары ў нас таксама неверагодныя.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».