Любіў спяваць і вельмі спяшаўся жыць. Дачка Івана Мележа раскрыла сакрэты свайго бацькі - Культура и кино на N1.BY

Іван Мележ быў перакананы: «Чалавек без гісторыі, без традыцый, што дрэва без каранёў». Усёй сваёй творчасцю ён імкнуўся ўмацаваць нашы карані. Падрабязнасці — у тэксце карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

Яго трылогія «Палеская хронiка» («Людзi на балоце», «Подых навальнiцы», «Завеі, снежань») — сапраўдны нацыянальны эпас, які і сёння дапамагае беларусам глыбей усвядоміць сябе, сваё месца, свой лёс.

Векавы юбілей аўтара — выдатная нагода не па-шкалярскі перачытаць яго творы. А яшчэ ўспомніць самога класіка. Якім народны пісьменнік БССР Іван Мележ быў у штодзённым жыцці? Як ставіўся да блізкіх? Як працаваў над сваімі творамі? Пра гэта я i пагутарыла са старэйшай дачкой Івана Мележа Людмілай Васільевай.



— У свой час з вялікай цікавасцю прачытала ўспаміны вашай мамы Лідзіі Мележ-Пятровай. Як пазнаёміліся бацькі?

— У 1942 годзе тата пасля атрыманага пад Растовам-на-Доне цяжкага ранення апынуўся ў шпіталі ў Тбілісі. Яму ампутавалі плечавы сустаў. Правую руку ўтрымлівала на адных сухажыллях марлевая павязка. Ён атрымаў адпачынак і вырашыў паехаць у падарожжа, каб пазнаёміцца з роднымі мясцінамі класікаў рускай літаратуры, пра што марыў з юнацтва. Перамяшчацца па краіне ў той час даводзілася па пэўных маршрутах. Невядома, чаму тата вырашыў заехаць у Бугуруслан. У гады вайны там знаходзілася Цэнтральнае даведачнае бюро па вышуку эвакуіраваных. Можа, бацька шукаў кагосьці, а можа, яго вёў сам лёс. У гэтым невялікім мястэчку ў Арэнбургскай вобласці яго размясцілі ў доме ўдавы Клаўдзіі Іванаўны Пятровай, якая жыла са сваёй маці і дачкой Лідай. Іван Мележ адразу звярнуў увагу на Ліду, адзначыўшы ў сваіх дзённіках: «Лідзія — дзяўчына асаблівая. Трэба да яе ўважліва прыгледзецца». Відаць, прыгледзеўся і не расчараваўся. Вельмі маладыя, яны тым не менш адчувалі сябе дарослымі і самастойнымі. І ў красавіку 1943 года, не сказаўшы нікому, папа і мама распісаліся. Вяселля не гулялі. У 1944-м нарадзілася я.



— Калі сям’я апынулася ў Мінску? З якімі месцамі сталіцы звязана жыццё вашага таты?

— У 1945-м бацькі адправіліся спачатку на станцыю Сходня пад Масквой, дзе размяшчаўся БДУ, у ім завочна вучыўся тата, а адтуль ужо ў Мінск. Тады да іх прыехалі мы з бабуляй. Аднапакаёвая кватэра, у якой мы пасяліліся, знаходзiлася на вул. К. Цэткін. Потым жылі на Ульянаўскай, 29, у камуналцы разам з удавой Кузьмы Чорнага Рывекай Ізраілеўнай. Пазней тату далі кватэру ў пісьменніцкім доме на К. Маркса, 36, затым — на вул. Інтэрнацыянальнай, 26. У кватэры на Я. Купалы, 7, тата памёр — на доме вісіць мемарыяльная дошка.



— Ці патрабаваў ад вас бацька быць узорнай дачкой, адпавядаць народнаму пісьменніку БССР?

— Тата быў вельмі добрым. У дзяцінстве мяне выхоўвала ў асноўным бабуля, бацькі вучыліся і працавалі. Калі за мяне ўзялася мама, то не рабіла ўступак, патрабавала бездакорнасці ў вучобе і паводзінах. Да 8-га класа ў мяне за чвэрць і за год былі толькі пяцёркі. У пераходным узросце ўжо не была круглай выдатніцай, але тым не менш скончыла школу з сярэбраным медалём. І ўсё роўна мама часта выказвала мне сваю незадаволенасць.

Бацька ў адным з лістоў да яе нават прасіў: «Ліда, не лай Люду за чацвёркі». Нацярпеўшыся ў жыцці, ён усім спачуваў, баяўся зрабіць больна. Памятаю, як аднойчы на рыбалцы тата так апісаў, як мучыцца злоўленая рыбка, што ў мяне знікла ўсялякае жаданне займацца гэтым.

З жонкай і дачкой Людмілай

— Пра што ўспамінаеце часцей за ўсё, калі гаворка ідзе пра бацьку?

— Самыя яркія ўражанні засталіся ад нашага сумеснага знаходжання ў Ялце. Бацькі рыхтаваліся да нараджэння маёй сястры Ларысы. Цяжарнасць маці праходзіла складана, а ў таты абвастрылася хвароба лёгкіх.

У лістападзе 1960 года мы паехалі ў Крым. Мама амаль увесь час ляжала ў бальніцы. Калі ёй палепшала, яна вырашыла вярнуцца ў Мінск. А мы з татам засталіся. Ён заканчваў «Людзей на балоце», я рыхтавалася да выпускных іспытаў. Тата песціў мяне, купляў прысмакі. Вечарамі мы гулялі з ім па набярэжнай. Аднойчы сустрэлі яго знаёмых, маскоўскіх пісьменнікаў. «О, якая дзяўчына з вамі, Іван Паўлавіч!» — пажартавалі яны. Бацька заўсміхаўся: «Гэта мая дачка, Люда». Я бачыла, як яму прыемна. У чэрвені 1961-га мы атрымалі маміну тэлеграму: «Нарадзілася дачка. Вочкі чорненькія».

— Як працаваў Іван Паўлавіч? Калі яму больш падабалася тварыць?

— Тата любіў гуляць у лесе, калі жыў на дачы, ці ў парку, абдумваючы сюжэты твораў, характары герояў. Працаваў шмат: і раніцай, і ўдзень, нават ноччу ў яго пакоі часта гарэла святло. Калі ён пісаў, у доме ўсё замірала: хадзілі на дыбачках, захоўвалі цішыню. Паглыбленне ў творчасць, нават некаторая адлучанасць былі звычайным станам бацькі. Ён здаваўся чалавекам крыху не ад гэтага свету. Думаю, тата спяшаўся жыць, зрабіць як мага больш. Нягледзячы на падарванае вайной здароўе, лічыў: яму вельмі пашанцавала, ён уцалеў пад кулямі, у той час як большасць аднапалчан не вярнулася дадому.

Іван Шамякін, Іван Мележ і Пётр Машэраў

— Як у вашай сям’і адзначалі святы? Як адпачываў Іван Паўлавіч?

— З нагоды сямейных урачыстасцей бабуля пякла свае знакамітыя пірагі. У такія дні тата дазваляў сабе паспытаць і іх, і любімыя дранікі з кавалачкам сала. А звычайна Клаўдзія Іванаўна адмыслова для яго гатавала вегетарыянскія супы, кашы, тушыла гародніну: бацька прытрымліваўся дыеты з-за праблем з ныркамі. У добрым настроі любіў спяваць. У яго быў мяккі, прыемнага тэмбру барытон. Часта спяваў «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…» па-беларуску, «Гори, гори, моя звезда…» па-руску і «Hiч яка мiсячна, зоряна, ясная» па-украінску. Атрымлівалася вельмі пранікнёна. Тата шмат чытаў, выдатна ведаў сусветную гісторыю мастацтваў. Як старшыня праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшыня Беларускага камітэта абароны міра шмат падарожнічаў: неаднойчы быў у Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Гэта вельмі пашырала кругагляд, разуменне таго, што адбываецца ў свеце.

— Іван Паўлавіч знаходзіў час, каб наведаць малую радзіму, бацькоў, братоў і сясцёр?

— Тата ніколі не забываў пра Паўла Фёдаравіча і Марыю Дзянісаўну. Чым мог дапамагаў братам і сёстрам. У нас доўгі час жыла яго малодшая сястра, Люба. Ён не пакідаў без увагі сяброў, землякоў, нават незнаёмых людзей, якія трапілі ў бяду. Тата вельмі любіў сваю зямлю, свой народ.

З дачкой Ларысай

— Іван Паўлавіч жыў у жаночым асяроддзі: жонка, цешча, дзве дачкі. Як вам здаецца, ён стамляўся ад гэтага?

— Не думаю (смяецца). Яму было добра з намі. Калі тата стамляўся ад працы, звычайна казаў: «Пайду паразмаўляю з хлопцамі». Сябраваў з многімі пісьменнікамі, асабліва любіў маладых. Цікава яму было і ў таварыстве рэжысёраў і акцёраў Купалаўскага тэатра, дзе ставіліся яго творы «Пакуль вы маладыя» і «Людзі на балоце».

— Праўда, што «Людзі на балоце» не адразу ацанілі па заслугах?

— У Беларусі друкаваць асобнай кнігай раман не хацелі. І спачатку яго выдалі ў Маскве.

— Іван Паўлавіч уцягваў членаў сям’і ў творчы працэс?

— Калі стан здароўя таты вельмі пагоршыўся, мама перастала працаваць (яна выкладала на геаграфічным факультэце БДУ) і прысвяціла сябе яму. Разам з мамай мы часта выконвалі карэктуру яго твораў. Па просьбе бацькі я пераклала на рускую мову раман «Мiнскi напрамак».

Ніколі не забуду, як мы з мамай вычытвалі тэкст «Завеі, снежань» для часопіса. Тата зайшоў у пакой, яго погляд упаў на словы «Працяг будзе». І задумліва прамовіў: «Хто ведае, будзе цi не будзе». Ад гэтых слоў усё ўнутры сціснулася….

Іван Мележ і Васіль Быкаў

— Ці паўплываў Іван Паўлавіч на выбар прафесіі вамі, а таксама вашай сястрой Ларысай?

— Тата хацеў, каб я была філолагам. Аднак, калі вырашыла паступаць у ін’яз, не стаў настойваць, прыняў мой выбар. Ларысу з дзяцінства бачыў мастачкай, хацеў, каб яна ілюстравала яго кнігі. Сястра апраўдала надзеі: яна мастак-графік, займаецца афармленнем кніг.

— А ўнукаў Іван Паўлавіч паспеў пабачыць? Ці ёсць праўнукі?

— Тата дачакаўся маю Аню. Замілавана глядзеў на яе, казаў, што яна вельмі добразычлівая. Мая старэйшая дачка выйшла замуж за італьянца і даўно жыве на яго радзіме. 16-гадовая ўнучка Паола Кальдеролі вучыцца ў мастацкім каледжы, а 18-гадовы Нікола хоча быць архітэктарам. Мая малодшая дачка, Дар’я, жыве з сям’ёй у Мінску. Праўнучка Мележа — 16-гадовая Паліна — вучыцца ў гімназіі, а яе малодшая сястрычка Аліса ходзіць у дзіцячы сад.

Сын Ларысы Іван Сямілетаў займаецца манументальным і станкавым жывапісам, графікай. Сваю дачку (праўнучку Івана Мележа) яны з жонкай назвалі Лідай. І ўнукі, і праўнукі (за выключэннем маленькай Алісы) ведаюць пра свайго знакамітага дзядулю і прадзядулю і ганарацца ім.

Прагулка з Шамякіным

Фота з сямейнага архіва Людмілы Васільевай

Падрыхтавала Вольга Аляксандрава