Не адступіце, беларускія палкі! - Политика на N1.BY
Не адступіце, беларускія палкі! Не адступіце, беларускія палкі!

Партызанская вайна з узурпатарам і яго цэрберамі набірае абароты і не спыніцца да перамогі.

Жыццёвы вопыт і ўзрост, якога я дасягнуў, дазваляюць пераканацца, як важна аглядацца на гісторыю нацыі і чалавецтва. Загон насельніцтва ў пастку забарончых законаў, сілавы здзек над людзьмі, якімі цяпер заняты рэжымы Беларусі і Расіі, з’явы не новыя. Канцэнтрацыя ўлады ў адных руках заўсёды вядзе да загнівання дзяржаўнай сістэмы, да дыктатуры.



У папярэднім роздуме я нездарма ўспомніў слаўную бітву, калі смелыя продкі мужна адстойвалі свабоду родных земляў і ўласную годнасць. Той, хто зацікавіцца, хай прачытае звесткі пра тыя драматычныя калізіі. Цытую радкі з напісанага ў 2002 годзе верша "Грунвальдскі вецер":

Пад вечар сеча прытамілася,

як жнец,

Хіснуўся левы фланг:

няўжо канец?

Сяброў не кінем у бядзе –

закон такі…

Ідуць у наступ беларускія палкі!

Доля сцякала крывёю

і потым,

Спела прадажнікаў хіжых



віна.

Кубак атрутны бяды

і прыгнёту

Выпіў народ аж да самага дна.

Выпіў,

але паднялася дзяржава,

Дзе першы раз беларус — гаспадар…

Ды гандляры ненажытую славу

Зноў,

як цялушку,

вядуць на базар.

Б’е ў вушы рэха

той далёкае сурмы,

А ў парадзелым войску – толькі мы.

Няма падмогі…

Што тут зробіш, лёс такі…

Аднак за намі і наперадзе – вякі.

Не адступіце,

беларускія палкі,

Не адступіце,

беларускія палкі!

Сёння грамадства незалежнай Беларусі стаіць перад дылемай: далей гібець пад страхам і прыгонам або выйсці на свабоду і будаваць разумнае жыццё?



Дзейнічаць даводзіцца ў цяжкіх, складаных умовах. Як было ўжо не раз, належнай дапамогі няма. Усе захапляюцца смелым, магутным парывам беларускага народа да праўды, законнасці, справядлівасці і здаровага сэнсу, самаахвярным змаганнем з дыктатурай. Але, прамаўляючы змрочнае слова "дыктатура", замежныя палітыкі і насельніцтва дэмакратычных краін нават не ўяўляюць, што гэта азначае ў канкрэтным мясцовым варыянце.

ХХІ стагоддзе, нягледзячы на высокія веды і выніковыя тэхналогіі, раптам дапусціла забытае дзікунства мінулых часоў у стасунках улады і народа. Папустка, бяззубасць і мяккацеласць дэмакратычных сіл унеслі кепскія карэктывы ў сучаснае палітычнае жыццё, узнікла абсалютна неадэкватная рэальнасць.

Цяпер можна спакойна перайсці да ваеннай дыктатуры, не аб’яўляючы яе афіцыйна. Так і зрабіў А. Лукашэнка з хеўрай прыбліжаных чыноўнікаў і сілавікоў, якія спалохаліся грандыёзнага пратэсту абураных грамадзян.

Забойствы, збіццё, паляванні за людзьмі, якія наладжваюць бандыты без апазнавальных знакаў і ў масках, арышты, катаванні мірных грамадзян-іншадумцаў – гэта знешні, самы ўражальны малюнак садызму дыктатуры. Але ёсць тое, што схавана ад астатняга свету.

Барацьба з іншадумствам перайшла звычайныя межы. Сілавікі распачалі бурную дзейнасць у палітычным полі: збіраюць асабістыя дадзеныя грамадзян, фіксіруюць на відэакамеры і тэлефоны абліччы маніфестантаў, вывучаюць сацыяльныя сеткі, вярбуюць агентаў у пратэстным руху або самі ўкараняюцца ў яго, фабрыкуюць маштабную хлуслівую інфармацыю ў інтэрнэце, афармляюць крымінальныя справы за звычайныя крытычныя выказванні.

Хлусня і гвалт сталі руцінай у краіне яшчэ з 1994 года. То дыверсанты здохлым пацуком хочуць атруціць водазабеспячэнне Мінска, то тэрарысты закупляюць жалезныя штыры, каб біць шкло ў Доме ўраду, то межы пераходзяць узброеныя банды і невядома для чаго блукаюць па беларускіх лясах, то школьнікі назапашваюць арсенал для паўстання. Якой толькі дурноты не вылівалі на галовы грамадзян Беларусі правіцель, спецслужбы і афіцыйныя СМІ! Але сёння хлусня і гвалт абрынаюцца на людзей з небывалай лютасцю.

Новую лухту А. Лукашэнкі пра нейкіх тэрарыстаў, якія "везли тоннами оружие через Украину", МЗС суседняй краіны назвала мякка – "інсінуацыямі". Дыпламатычны этыкет не дазваляе гаварыць наўпрост.

Следам за свамі гаспадарамі А. Лукашэнкам і У. Пуціным прапагандоны Беларусі і Расіі шалеюць ад злосці ў інфармацыйнай прасторы, абліваюць паклёпамі пратэстуючых беларусаў, расіян, ЗША, Еўразвяз, дэмакратычныя сілы… Расійскі пісьменнік Д. Быкаў кажа: "Чем более оголтелая и наглая ложь, чем более бесстыжая пропаганда ненависти льется в уши населению, тем одобрительней воспринимаются эти зловещие клоунады".

Але яго заўвага тычыцца болей Расіі. У Беларусі Лукашэнку, спецслужбам і прапагандонам вераць толькі інертныя людзі, якіх "корміць" інфармацыяй БТ і СБ. Такіх застаецца з кожным днём усё меней і меней.

Пакланенне сілавікоў і "ябатьков" іхняму "аграфюрэру" (выраз, які гуляе ў замежных СМІ) нагадвае паводзіны старажытных "цёмных" продкаў, якія палахліва ўкленчвалі прад "шклоўскім ідалам", просячы дажджу. Трэба сказаць, што многія сілавікі ў інтэлектуальным развіцці не дацягваюць нават да стану далёкіх па часе абарыгенаў.

Валтузня аб’яднанай цемрашальскай арміі мясцовых і расійскіх сілавых структур, чыноўнікаў, прапагандонаў скіравана на тое, каб пераканаць міжнародную супольнасць, што пратэстны рух у Беларусі ідзе на спад, перараджаецца ў радыкалізм. Але падтасоўкі махляроў не спрацоўваюць.

Не дапаможа А. Лукашэнку і дыпламатычная дэмагогія, якой займаюцца С. Лаўроў, У. Макей і астатнія "перамоўшчыкі". Не трэба шукаць дурняў, якія павераць, што кіруючая злачынная мафія шукае "золотую середину между обеспечением в полной мере прав и свобод граждан и поддержанием в обществе необходимого уровня безопасности и порядка". "Ошибки" або "далекие от идеальных решения" дыктатуры прывялі да ахвяраў і вялікай колькасці пакалечаных людзей, чаго беларусы ніколі не даруюць злачынцам.

Мяне надзвычай трывожыць знешняя пагроза руху народа да свабоды і дэмакратыі. Паводзіны аўтарытарных правіцеляў Расіі і Кітая ў дачыненні да Беларусі прадугледжваюць уласныя меркантыльныя інтарэсы. У. Пуціну важны геапалітычны аспект, нейкі саюзнік, хоць і не выключана яго замена на новага "свайго чалавека", а Сі Цзыньпін зацікаўлены пляцоўкай для транзіту ў Еўропу. Таму позірк скіраваны толькі на "дружбана". Словы пра тое, што яны жадаюць дабра беларускаму народу, трафарэтныя і пустыя.

Агульнымі намаганнямі можна паставіць на месца любога ўладалюбца і злачынцу. Але для гэтага ЗША, Еўразвязу, асобным краінам, канкрэтным палітыкам і бізнесменам трэба паступіцца ўласнымі эканамічнымі інтарэсамі, рашуча адпрэчыць стасункі з узурпатарам. Варта задумацца: каму выгадна зацягнутая агонія А. Лукашэнкі, якая прывядзе да новых ахвяраў, да тысяч зламаных лёсаў смелых, разумных і таленавітых людзей?

Я ведаю, як лёгка можна загубіць палахлівасцю, здрадніцвам і згодніцтвам любую выдатную справу. Але веру, што беларусы, хоць і жывуць у жахлівым пекле, пад дзікім сілавым прэсам, усё ж не здадуцца, пакуль не скінуць ненавісную дыктатуру. Заўважаю гэта па рэвалюцыйных зменах у глыбіні народнага жыцця. "Мірная партызанская вайна" з узурпатарам і яго цэрберамі набывае розныя формы, набірае абароты і не спыніцца да перамогі.

Слаўныя продкі ўважліва глядзяць нам у вочы, мужнымі сэрцамі і ўчынкамі заклінаюць: "Не адступіце, беларускія палкі!"

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».