Ксендз Міхаіл Цвячкоўскі: Бог жадае будаваць мір і будучыню толькі на праўдзе і ўзаемнай пашане - Общество на N1.BY
Ксендз Міхаіл Цвячкоўскі: Бог жадае будаваць мір і будучыню толькі на праўдзе і ўзаемнай пашане Ксендз Міхаіл Цвячкоўскі: Бог жадае будаваць мір і будучыню толькі на праўдзе і ўзаемнай пашане Міхаіл Цвячкоўскі
Фото: Catholic.by

У Святы вечар Божага Нараджэння могуць адбывацца сапраўдныя цуды.

Кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіна, ксендз Міхаіл Цвячкоўскі накiраваў вiншаваннi ўciм каталiкам з нагоды надыходзячага свята Божага Нараджэння.

Віншаванне апублікаваў сайт ex-press.by:



«Хвала на Вышынях Богу. А на зямлі спакой людзям!

Паважаныя хрысціяне католікі, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі.

У календары нашага жыцця кожны год да нас прыходзіць свята Божага Нараджэння. Усемагутны Бог нарадзіўся сярод людзей як малое дзіця і ўвайшоў у гісторыю нашага існавання. Стаўшыся падобным да нас ва ўсім, апроч граху, Ён падзяліў лёс чалавека. Ужо ў нараджэнні Хрыста былі прадвешчаныя Яго смерць і ўваскрасенне, якое адчыняе кожнаму вернiку жыццё вечнае.



Хрыстус нараджаецца не ў багатым палацы, а ў беднай стаенцы, бо ён кароль не матэрыяльнага багацця, а жыцця вечнага. Хрыстус агорнуты пяшчотнай любоўю клапатлівай маці Марыі і апекуна Юзафа, бо кожнае жыццё — гэта каштоўны Божы дар. Нараджэнне Хрыста вітаюць хоры анёлаў, бо Божае Дзіця прынясе збаўленне многім і Яго хвалу будуць праслаўляць у вяках. Яму паклоняцца тры каралі, бо распазнаюць, што Ён уладар найвышэйшы з усіх зямных валадароў і слухаць Хрыста — гэта вяршыня чалавечай мудрасці. Дзякуючы Божаму дару Хрыстус праз веру нараджаецца ў людзкіх сэрцах і жыццё чалавека становіцца найпрыгажэйшым храмам, у якім Езус жадае прабываць.



У гэтым, 2020 годзе, святы Божага Нараджэння не будуць вясёлыя ва ўсёй паўнаце. Гэты год у нашай краіне азмрочаны трываючай пандэміяй каронавірусу і грамадзка-палітычнымі падзеямі.

Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, кіраўніку Мінска-Магілёйскай архідыяцэзіі, да 23 снежня не дазволена было вярнуцца на радзіму да сваёй паствы; некаторыя святары апынуліся ў вязніцы; тысячы жыхароў нашага горада і сотні тысяч нашай краіны жывуць з глыбокай ранай сацыяльна-палітычнай несправядлівасці; на вуліцах нашых горадоў пралілася кроў; наш любімы горад, які за межамі краіны ведалі як горад магутных машын, стаў вядомы з іншай «славутасці» — жодзінскай вязніцы… Ўсё гэта ніколі не будзе забытае і закрэсленае з гісторыі і нашай памяці, бо гэта сталася.

Як настаяцель Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіна, выказваючы салідарнасць з тымі, каму баліць, звяртаюся да тых хто стаў ініцыятарам, хто спрычыніўся да гэтага болю. Бог жадае будаваць мір і будучыню толькі на праўдзе і ўзаемнай пашане. Закон хлусні, несправядлівасці, сілы і гвалту нараджае падзел і разлад, боль і слёзы, прыводзіць да затойвання злосці і непрабачэння.

У Святы вечар Божага Нараджэння могуць адбывацца сапраўдныя цуды. Каб гэтыя цуды сталіся, каб свята Божага Нарадэння сустрэць ва ўсёй глыбіні і прыгажосці, неабходна асэнсаваць і папрасіць прабачэння за нанесеныя крыўду і боль. Трэба зрабіць адпаведную кампенсацыю за ўчыненую несправядлівасць. Той, хто перажыў боль і несправядлівасць, няхай зробіць крок у напрамку прабачэння. Гэта адзіная дарога да еднасці і гарманічнага развіцця ў нашых сем’ях, у нашым грамадстве. Іншага шляху няма.

Узлюбленныя прыхаджане, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі! Ад шчырага сэрца жадаю кожнаму быць здольным будаваць мір і згоду, якой так моцна чакае Езус Хрыстус. Кожнага, хто шчыра шукае і прагне Бога, віншую са святам Божага Нараджэння і новым 2021 годам».

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».