«Ведаю, што беларусы загадаюць на Новы год і ўпэўнена, што здзейсніцца» - Политика на N1.BY
«Ведаю, што беларусы загадаюць на Новы год і ўпэўнена, што здзейсніцца» «Ведаю, што беларусы загадаюць на Новы год і ўпэўнена, што здзейсніцца» Фото: onliner.by

Як раней ужо не будзе, беларусы змяніліся.

Марыя трапіла на Акрэсціна ў ноч на 10 жніўня, калі там было самае пекла. Дзяўчына была назіральніцай на выбарах, пазбегла затрымання на сваім участку, але трапіла пад «хапун» увечары ў цэнтры Мінска. Калі праз некалькі месяцаў журналіст «Новага часу» Дзіяна Серадзюк адшукала яе і прапанавала пераасэнсаваць тое, што з ёй адбылося, яна адазала: «Ох, так, шмат часу прайшло. Але ўсё гэта дагэтуль са мной».



«Упершыню бачыла, як у людзей свяціліся вочы»

Марыі 28 гадоў. Яна фрылансер і індывідуальны прадпрамальнік. Да выбараў займалася тым жа, і яшчэ — перакладамі. Па прафесіі Марыя ўсходазнаўца, перакладчыца з кітайскай.

Запытваю ў яе, як яна трапіла ва ўсю гэтую гісторыю з выбарамі і чаму вырашыла стаць незалежнай назіральніцай падчас прэзідэнцкай кампаніі.

— Я два гады жыла ў Грузіі. Вярнулася ў сакавіку. Нашы выбары заўсёды лічыла фарсам, і калі б не з'яўленне Бабарыкі, доўга б ігнаравала ўсе падзеі. Са з'яўленнем Бабарыкі, якому я паверыла, у якім я пабачыла сапраўднага лідара, здольнага прывесці Беларусь да таго стану, да якога б я хацела, я не змагла заставацца не пры справах. Палітыкай я цікавілася і раней, прычым даволі глыбока. Гэта не гісторыя, што я была апалітычнай, а тут натхнілася. Не. Але раней мне не хацелася быць часткай гэтых брудных гісторый з прадказальным канцом.



Цяпер сітуацыя была іншай. Я хацела запісацца ў ініцыятыўную групу Бабарыкі, але доўга вагалася — бо кавід, як я буду хадзіць па кватэрах? Але я вырашыла, што хоць 15 подпісаў па сваіх сябрах збяру. І тое будзе добра. У выніку — сабрала 100. Не вытрывала. Хадзіла ў масцы і пальчатках, сустракалася з людзьмі з розных раёнаў. Вельмі натхняльна было, упершыню бачыла, як у людзей свяціліся вочы надзеяй. Шмат хто казаў, што будзе галасаваць першы раз за 20 год. Людзі паверылі ў магчымасць нейкага цуда. А калі нават у цуд не паверылі, вырашылі, што зробяць хаця б тое, што ад іх залежыць. Так было і са мной. Я проста не магла сабе дазволіць гэтага не рабіць. Крыўдна, што ў выніку ўсе мае подпісы прызналі нядзейснымі.



Потым я намагалася трапіць у выбарчую камісію. Назбірала 15 подпісаў з пад'езда. Менш, чым за гадзіну. Не прайшла. Зноў крыўдна: палічылі мой досвед у выбарчым заканадаўстве недастатковым. Адкуль яны ведаюць? Я прайшла падрыхтоўку загадзя, праслухала курс па выбарчым праве. Вельмі падрабязна разабралася ва ўсіх пытаннях, атрымала характарыстыку з былога месца працы. Але — не: 3 — за, астатнія — супраць.

Майго кандыдата пасадзілі ў СІЗА і не зарэгістравалі 14 ліпеня. Пасля гэтага спектакля ў ЦВК у мяне, шчыра кажучы, пачалася мікра-істэрыка. Было цяжка дыхаць і хацелася гучна крычаць. Чаму? За што? Дзе ваш сорам? На якой адставе вы так упэўнены, што пакарання не будзе? Вы — не народ.

Мой гнеў і крыўда не далі мне проста апусціць рукі. Тады падалася ў назіральнікі. Чым больш праходзіла часу, тым больш я бачыла, што праўда на нашым баку. Што як бы ні было, які б вынік не агучылі 9 жніўня, мы ўсе зрабілі тое, што ад нас залежыць. І ад гэтага не сорамна.

Назіранне было болем. Большага хамства, дзёрзасці, нахабнасці, ілжывасці я не бачыла ніколі. Захарэўская Анжаліка, дырэктарка школы і старшыня майго ўчастка, павінна панесці адказнасць за свае дзеянні і непасрэдны ўдзел у фальсіфікацыі выбараў. Я ўжо падала на яе скаргу ў праект Ціханоўскай «Кніга рэгістрацыі злачынстваў». У працэсе назірання я падала ёй асабіста 3 скаргі, 1 скаргу ў тэрытарыяльную камісію і 2 скаргі ў пракуратуру. Навошта? Таму што «далбіць, далбіць, далбіць». Усе іх адказы-адпіскі я захоўваю, прыйдзе наш час. Усе панясуць адказнасць.

Я шмат разоў сказала слова «крыўдна». Менавіта гэтае адчуванне не дазволіла мне сядзець дома ціхенька 9 жніўня ў 8 гадзін вечара. Мне плявалі ў твар без перапынку. Яны скралі мае подпісы, яны палічылі мой досвед недастатковым, яны пасадзілі ні за што майго кандыдата, яны мелі нахабства не зарэгістраваць яго, яны выстаўлялі мяне як сабаку за тэрыторыю школы падчас назірання, яны не адказалі ні на адну маю скаргу, яны скралі МОЙ голас. Як я магла быць дома 9 жніўня? Далей гісторыю вы ведаеце.

Пра Ціханоўскую таксама скажу пару словаў. Яна мне не сімпатычная як кандыдат. Я б хацела бачыць прэзідэнтам Бабарыку. Але, як і Бабарыку ў свой час, я паверыла яе шчырасці. Я ведаю асабіста даволі шмат людзей з яе каманды. Гэты глыбока прафесійныя і патрыятычныя людзі, якія хочуць бачыць нашу краіну шчаслівай. Таму я буду падтрымліваць усе іх ініцыятывы, нягледзячы на маё стаўленне да Святланы.

«Я не гатовая да крымінальнай справы»

— Многія кажуць, што для іх жыццё падзялілася на «да» і «пасля» 9 жніўня. Ці ёсць у вас такое адчуванне? Я бачу шмат болю ў вашых словах, але і шмат упэўненасці і намеру дзейнічаць далей. Значыць, гэтыя падзеі вас не зламілі, не прымусілі замаўчаць?

— Для мяне пераломным стала ўсё ж не 9 жніўня. Маё затрыманне — лагічнае завяршэнне падзей, якія пачаліся для мяне ў траўні. Я думала, мяне затрымаюць раней. Цікава, што ў маёй галаве 9 жніўня чамусьці ўяўлялася ўмоўным канцом, да якога я гатовая дайсці. І дайшла, і была гатовая. А высветлілася, што канец яшчэ о-го-го дзе. Нешта я да гэтага не падрыхтавалася. Столькі ўжо адбылося пасля 9-га, што хопіць на тры жыцці.

У маіх словах хутчэй не боль, а вельмі вострае адчуванне несправядлівасці. Раней, калі я чула ад некага ці чытала пра гэтую ўсю дзіч у сістэме, я проста адмахвалася. Не хацела аб гэтым думаць. А тут яна паўстала непасрэдна наўпрост перада мной. І мне прыйшлося праз гэтае ўсё прайсці. Я «арала» з гэтых цудаў і прыблудаў кожны дзень па сто разоў. Але намеру дзейнічаць і працягваць сапраўды гэта не збавіла.

Зараз таксама гэты намер ёсць. Але шмат чаго змянілася. Падзеі мяне не зламілі, але надламілі, прыходзіцца шмат аб чым думаць. Пра бацькоў, пра бяспеку. 9 жніўня я была пад уладай эмоцый, цяпер за эмоцыі можна атрымаць 2,5 года калоніі (як Наталля Хершэ, якая сарвала з амапаўца балаклаву). Я, напэўна, гатовая была б да чарговых содняў, гэтае я зразумела. Ды і гэта я ўжо бачыла. Жахлівей, чым 10-12 чысла, наўрад ці будзе. Але я не гатовая да крымінальнай справы. Люблю сваю краіну, але на такую ахвяру я не здольная. Цяпер, на адлегласці, у мяне атрымліваецца быць разам з пратэстам, нечым атрымліваецца дапамагаць. Мне вельмі цяжка ад таго, што я фізічна не са сваімі людзьмі. Але на адлегласці я магу рабіць больш, чым седзячы дома і кожную хвіліну баяцца вобшуку. Не таму, што мне ёсць, што хаваць. Няма нічога. Але ў нашай краіне з прававым дэфолтам, калі прыйшлі з вобшукам і хочуць нешта знайсці — знойдуць.

Праз тры месяцы запрасілі на медычную экспертызу

— У вас заставаліся недаседжаныя суткі. Пасля вызвалення вамі больш не цікавіліся «органы»? Таксама вы збіраліся падаваць скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, у тым ліку ў ААН. Атрымалася нешта з гэтага?

— Я пасля выхаду адразу падала скаргу ў суд, каб перагледзелі справу. Яе перагледзілі. Палічылі, што я ўсё роўна вінаватая, але 5-ці адседжаных содняў дастаткова. Таму тыя 5 — скасавалі.

Але акрамя гэтай скаргі я сама стварыла сабе яшчэ адну праблему — падала заяву ў Следчы камітэт. У падрабязнасцях апісала ўсе катаванні, прывяла сведак. Папрасіла правесці праверку наконт узбуджэння крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў Акрэсціна. Яны не адказвалі мне на заяву амаль 3 месяцы. ВЫПАДКОВА я дазналася, што маю справу аб'ядналі са справай яшчэ адной сукамерніцы. ВЫПАДКОВА дазналася, што яны запрошвалі на мяне характарыстыку з мінулага месца працы. Але ніхто ні разу са мной ці з маім бацькам не звязаўся. Потым праз 3 месяцы прыйшоў ліст «прыйдзіце на медычную экспертызу». Быў указаны нумар тэлефона, я пазваніла следчаму. Па-першае, спытала яго, якую экспертызу медычную ён збіраецца праводзіць праз ТРЫ МЕСЯЦЫ пасля падзей?! У мяне былі сінякі ад нар, але праз тры месяцы, канешне, нічога не засталося. Я сказала, што не ў Беларусі, знаходжуся на лекаванні ў іншай краіне. Мне сказалі «добра», і больш не звязваліся. Усе тэрміны праверак даўно скончыліся, але мне так ніхто нічога і не паведаміў. Я ўжо думаю, і добра. Бо зноў жа, мець справы з нашымі «органамі» не маю ніякага жадання. Пасля вызвалення была на эмоцыях, хацелася справядлівасці. Але ў нашым выпадку справядлівасць — гэта калі ты прыходзіш здымаць пабоі — на цябе заводзяць крыміналку. Ты выйшаў з пад'езда спытаць, чаму невядомыя на дзіцячай пляцоўцы зразаюць стужачкі — цябе забіваюць да смерці.

Я зрабіла, што магла. Дала шмат інтэрв'ю. Падала заяву ў камітэт па расследванні катаванняў. Падалася ў «23.34», у «Кнігу рэгістрацыі злачынстваў». Я захоўваю ўсе лісты ад пракуратуры, выбарчых камісій, фальсіфікаваныя судовыя пратаколы (мне ўклеілі паказанні сведкі пасля падпісання пратакола, хаця дакладней — непадпісання. Я напісала, што не згодная). Пад лістом у ААН я падпісалася. Скаргі ў СК па выніку нам юрысты параілі пісаць асабістыя, сказалі, што так будзе больш сэнсу. Ну, а маем, што маем — ніводнай крымінальнай справы. Некалькі маіх сукамерніц з'ехалі, як і я, за мяжу, некаторыяя пасля 9-га сядзелі яшчэ некалькі разоў. А некаторыя працягваюць па меры магчымасцяў змагацца на вуліцах.

Шчыра кажучы, я шмат працавала з тэрапеўтам пасля ад'езда. Мне было крыўдна, што я нібы збегла, злавалася на саму сябе. Але адно інтэрв'ю са Змітром Дашкевічам мяне нібы супакоіла. Ён кажа пра тое, што нехта гатовы сядзець 15 содняў, нехта — не, нехта гатовы ісці са сцягам, нехта — не, у некага няма часу, нехта перажывае за сям'ю, бяспеку, але робіць, што можа. Зараз так шмат магчымасцяў рознымі сродкамі ўдзельнічаць у пратэсце. Напісаць пост, пагутарыць з родзічамі-ябацькамі, паказаць ім фоткі і відэа, пайсці валанцёрам каля Акрэсціна і Жодзіна, шмат-шмат чаго яшчэ. І ўнёсак кожнага аднолькава важны. Нехта з-за мяжы зробіць больш, чым са сваёй краіны ў пастаянным стрэсе, што да яго зараз прыйдуць. Паглядзіце на тую ж Каардынацыйную раду. Яны так шмат робяць для перамогі.

«Далучэнне сілавікоў да пратэстоўцаў было б пачаткам перамогі»

— Як вы думаеце, беларускія пратэсты прывядуць да перамогі? Альбо што да яе прывядзе? І колькі на гэта можа спатрэбіцца часу?

— Я не палітычны аналітык і не спецыяліст. Але нават і яны не даюць ніякіх прагнозаў. Я дакладна ведаю адно — як раней ужо не будзе. Беларусы змяніліся. Мне застаецца толькі спадзявацца, што гэтая неверагодная і натхняльная салідарнасць нікуды не падзенецца. Што яна не знікне разам з сыходам Лукашэнкі. Той стан, у якім цяпер знаходзіцца народ і яго свядомасць, не апісаць. Я аб гэтым марыла ўсё жыццё: казаць с гонарам, што я беларуска. Хацець вярнуцца, хацець працаваць, каб зрабіць краіну лепшай.

Самі пратэсты да сыхода Лукашэнкі не прывядуць. Думаю, што канец будзе тады, калі на бок пратэстоўцаў пяройдуць сілавікі. Пратэсты цяпер патрэбныя людзям, як вада ці сонца. Гэта моцны псіхалагічны падзарад, які дапамагае потым трымацца тыдзень. Так прыемна побач з сабой бачыць сваіх суседзяў, сяброў, якіх аб'ядноўвае адна мэта. Гэта вельмі важна. Калі на вуліцах не будзе люзей — пратэст не садзьмецца ўсё роўна, але проста настрой будзе больш цяжка падтрымліваць.

— Вы праўда думаеце, што сілавікі пяройдуць на бок народа? Што дае падставы меркаваць, што гэта магчыма? І як пасля з гэтым жыць — і ахвярам, і ім самім — што яны столькі часу чынілі гвалт, падтрымлівалі рэжым, а потым перайшлі на бок тых, каго збівалі і лічылі злачынцамі?

— Мы бачым браджэнні ў іх. Па злівах можна зрабіць высновы, што там не ўсё так адназначна і бескампрамісна. Працэс павольна, але ідзе. Але інтэрв'ю былых сілавікоў сведчаць аб тым, што верагоднасць іх масавага далучэння да пратэсту невялікая. Яны ўжо столькі наварацілі, што нават абяцанні і гарантыі Святланы для іх не працуюць. Позна.

Таму правільней будзе сказаць так: я думаю, што далучэнне сілавікоў да пратэстоўцаў было б пачаткам перамогі. Таксама я думаю, што пачаткам канца ўлады была б першая крымінальная справа на сілавіка.

Як з гэтым жыць? Я думаю, што самыя адбітыя, хто калечыў і катаваў, не пяройдуць. Будуць стаяць да канца. А на сваім судзе, як і ў Нюрнбергу, проста скажуць, што выконвалі загад.

«Я вельмі ганаруся сваім народам»

— Ці думалі вы пра тое, што б вы хацелі зрабіць найперш па вяртанні ў Беларусь?

— Я шмат дзе жыла ў розныя гады, таму вяртанне аднекуль суправаждаецца аднолькавым планам: у першы дзень раніцай даехаць да Нямігі, прайсціся пешшу ад сабора праз тэатр, па набярэжнай, праз парк Горкага, да Кастрычніцкай (вуліцы). Выпіць там каву і з'есці сэндвіч з тунцом. Слава багам, яны не зачынілі «Лаўку». Проста змянілі назву. Вечарам пайсці на сквош, а потым сустрэцца з сябрамі. Яны цудоўныя, вельмі мяне падтрымлівалі і падтрымлівюць. Яшчэ ў мяне няма сцяга дома, таму я б павесіла свае бчб-рушнікі, як летам. А яшчэ я адсюль пішу шмат лістоў і шлю шмат паштовак палітвязням. Думаю, яны не даходзяць. Таму я б адправіла зноў. Ну і запісалася б абавязкова валанцёрам. Я на машыне, магла б дапамагаць.

— Можа, штосьці хочаце сказаць беларусам?

— Мне вельмі цяжка знаходзіцца не ў Беларусі. Вельмі-вельмі-вельмі цяжка. Усе мае думкі, шмат таго, што я раблю, звязана з Беларуссю, але фізічна я не там. Здаецца, дома і сцены дапамагаюць. Я вельмі ганаруся сваім народам зараз, вельмі радая бачыць, як людзі не спыняюцца, як не губляюць надзеі, як выходзяць, як намагаюцца супрацьстаяць. Колькі з'яўляецца ініцыятываў цудоўных, якая неверагодная салідарнасць.

Беларусам я б хацела сказаць, што я іх люблю, люблю свой смелы народ, які так хоча людзьмі звацца і не быць скотам. А яшчэ я ведаю, што ўсе-ўсе беларусы загадаюць на Новы год. І ўпэўнена, што здзейсніцца. Бо не можа не здзейсніцца, мы гэта заслужылі. Я шчыра веру, што тое, што робіць кожны беларус цяпер — ад дзяцей, якія малююць малюнкі і натхняюць сваіх бацькоў. Мы марым аб свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі з прыгожай мовай і прыгожым сцягам.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».