Анжаліка Агурбаш: Я была ўпэўнена, што рэпрэсіўную машыну спыніць армія - Политика на N1.BY
Анжаліка Агурбаш: Я была ўпэўнена, што рэпрэсіўную машыну спыніць армія Анжаліка Агурбаш: Я была ўпэўнена, што рэпрэсіўную машыну спыніць армія

Кожны беларус, які выходзіць на мірны марш — воін святла.

Пляцоўка ля пасольства Беларусі ў Маскве таксама стала пратэснай — людзі тут не перастаюць выказваць салідарнасць з беларускім супрацівам. Кожную нядзелю сюды прыходзіць спявачка і заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш. Аднойчы ля будынка пасольства яе нават затрымалі за «арганізацыю несанкцыянавага мерапрыемства», але пратакол урэшце складаць не сталі. Журналісты «Нашай Нівы» пагаварылі з Анжалікай пра тое, чаму ў апошнія гады яна рэдка бывала ў Беларусі, хто мог спыніць «рэпрэсіўную машыну» і як яна абмянялася смс з Наталляй Эйсмант.



— Вы казалі, што дагэтуль былі апалітычнай. У які момант гэта змянілася?

— Я старалася не паглыбляцца ў палітыку, каб мая творчая энергія заставалася чыстай і некранутай. Але заставацца абыякавым да таго, што цяпер адбываецца, можа толькі абсалютна бяздушны, сляпы і глуханямы чалавек. І потым мы ўсе сталеем, у мяне ўжо два дарослыя сыны — два мужчыны-абаронцы, я ў тым узросце, калі магу смела выказваць свае погляды і рабіць адпаведныя ўчынкі.

— Значыць, можна сказаць, перад апошнімі выбарамі?



— Насамрэч, усё пачалося значна раней, але катэгарычнай мая пазіцыя стала, калі я ўбачыла затрыманне Сяргея Ціханоўскага — відавочную, танную падставу. Арышт Віктара Бабарыкі мяне ўвогуле шакаваў: гэта цудоўны чалавек з такім бэкграўндам, які да таго ж прывёз у Беларусь Шагала.

Апошнія гады, калі я прыязджала ў Беларусь, я разумела, што адбываецца нешта нядобрае. Да мяне даходзілі чуткі, што мяне выкрэсліваюць з канцэртных спісаў. Я не верыла, але потым падумала, што, відаць, сапраўды выкрэсліваюць.



— А з чым вы гэта звязваеце?

— Я шчыра не разумею гэтай сітуацыі. Мяне чамусьці пазіцыянуюць — не ведаю, хто запусціў гэта ў медыя, — як спявачку Лукашэнкі і яго сістэмы. Я ніколі не была ні яго жанчынай, ні яго спявачкай. Так, ён любіў мае песні, любіў мяне, таму што, выбачайце, я была адной з найлепшых выканальніц у краіне і, спадзяюся, ёй застаюся. Але Аляксандр Рыгоравіч не бываў на маіх сольных канцэртах і я ніколі не атрымлівала фінансавай падтрымкі ні ад яго, ні ад яго Адміністрацыі. Таму не ведаю, адкуль такія стэрэатыпы.

Апошнія дзесяць гадоў я вельмі рэдка бывала ў Беларусі: мяне амаль не запрашалі на мерапрыемствы, толькі калі без песні «Белая Русь» зусім нельга было абысціся. Але я паспела ўбачыць, што робіцца за кулісамі і як адчуваюць сябе мае калегі. Я не магла іх пазнаць: яны баяліся выйсці на сцэну, сказаць нешта не так, мой сувядоўца на адным з канцэртаў — Лукашэнка тады сядзеў у залі — баяўся нават адысці ад тэкста, я стучала яму па спіне, каб зняць стрэс. Я была ўражана ступенню кантролю за творчым чалавекам.

— Вы казалі, што кожны беларус павінен, чым можа, дапамагчы беларускаму пратэсту. Як вы самі ў ім удзельнічаеце, знаходзячыся ў Маскве?

— У Расіі ў мяне сэрца разрываецца, паверце, у дзесяць разоў больш, чым нават у тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Ад бясілля і безвыходнасці. Кожную нядзелю я прыходжу да беларускага пасольства, прапусціла толькі адзін дзень, калі захварэў сын. Хай гэта маленькая, але падтрымка.

Ужо тры месяцы я адчуваю сябе быццам у дурным сне, быццам гляджу фільм абсурду. У мяне пачаліся панічныя атакі. Два тыдні я не плачу — загартавалася, але апошні раз раўла, калі разганялі марш пенсіянераў.

Прыходжу да беларускага пасольства — і становіцца крыху лягчэй. Я цудоўна разумею, што адчуваюць цяпер людзі ў Беларусі, — гэты гвалт я перажыла ў сваё асабістай гісторыі. Ты павінен жыць, хадзіць і дыхаць так, як хоча адзін чалавек. Паводле Лукашэнкі, трэба яшчэ і думаць так, як ён.

— А вы не думалі далучыцца да нашых нядзельных маршаў?

— Я дзвесце тысяч разоў парывалася прыехаць у Мінск, але сябры папярэдзілі мяне, што пасля прыезду мяне адразу арыштуюць. Я нават да калоны пратэстоўцаў не дайду.

— А сыны, якіх вы згадалі, цікавяцца нашымі падзеямі?

— Канечне, яны перажываюць, падтрымліваюць мяне, таксама рваліся ехаць у Мінск. Трэба абавязкова выходзіць на мірныя акцыі. І нікога не варта баяцца, бо няма каго..

— Ці засталіся сярод вашых блізкіх тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку?

— Ужо не. Падчас выбараў яшчэ нехта сумняваўся і казаў, маўляў, хто, калі не ён, але пасля такога беззаконня ніхто ні ў чым не сумняецца.

Лукашэнка сваімі ўчынкамі сам сябе знішчае. Кожны яго крок, фраза і распараджэнне працуюць супраць яго. Ужо да смешнага даходзіць: паглядзіце, з якой іроніяй пра яго адзываюцца, як з яго ў адкрытую смяюцца.

У Лукашэнкі быў шанс прыгожа сысці яшчэ тры месяцы таму, але цяпер ніхто не даруе яму.

— Ці абмяркоўваеце вы беларускія падзеі са сваімі расійскімі сябрамі і калегамі? Як яны на ўсё гэта глядзяць?

— Ніхто не чакаў такой рэакцыі народа. У першую чаргу, я думаю, не чакаў сам Лукашэнка. Не чакала і ўсё яго асяроддзе і, канечне, Расія і свет. Ён думаў, што падубасіць людзей, усе супакояцца і застануцца па дамах. Але нарасла крытычная маса, беларусы цярпелі-цярпелі, спружына сціскалася і натуральна ў адзін момант усё выбухнула. Народны дух акрыяў.

Як кантрасна на гэтым фоне выглядаюць яго прыхільнікі — такое адчуванне, што гэта іншыя людзі, свет і эпоха. Я глядзела жывы эфір з выступу Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі і была ў шоку: безэмацыйныя твары, палова спіць з расплюшчанымі вачыма — проста аднародная біямаса, як у фільмах жахаў. Мне жудасна глядзець на людзей на пралукашэнкаўскіх мітынгах — загнаныя ў кут, прыгнечаныя, агрэсіўныя, яны ідуць і амаль не ўсміхаюцца.

— Чаму Лукашэнка перастаў быць прыдатным?

— У Беларусі бяда толькі з-за аднаго чалавека. Якую новую Канстытуцыю можна абмяркоўваць з Лукашэнкам і яго атачэннем, якія парушылі ўсе яе пункты? Гэта ж вар’яцтва. Я дагэтуль не разумею, чаму ніхто не спыніў гэтую рэпрэсіўную машыну.

— А хто на ваш погляд мог гэта спыніць?

— У першую чаргу, беларуская армія — нашыя мужныя афіцэры і генералы. Яны павінны былі ўстаць і абараніць свой народ. Як мінімум, яны давалі прысягу. Я шчыра спадзявалася на армію.

— Зыходзячы з нядаўніх словаў Сашы Варламава, у вас былі добрыя адносіны з Лукашэнкам. А як было насамрэч?

— У тым, што сказаў Варламаў, няма ніводнай фразы праўды, усё гэта лухта і хлусня. У мяне не было ніякіх адносін з Лукашэнкам. Канечне, мы знаёмыя, Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да ўлады, калі я была вядомай артысткай, салісткай ансамбля «Верасы». Для ўсіх яго перамога на выбарах была нечаканасцю: яго ўвогуле ніхто не ведаў, усе думалі, што гэта будзе Кебіч. У краіне тады была цудоўная сітуацыя, на Доме ўрада лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Дарэчы, барацьба з бел-чырвонам-белым сцягам надзвычайна працуе супраць улады, бо яго ўспрыманне, мне падаецца, у беларусаў закладзена на генетычным узроўні.

Нават я недаацаніла Лукашэнку — мы бачылі, што ён не вельмі добра размаўляе, ну так, калгас, але ступень падступнасці і жорсткасці мы не ўбачылі. Ніякага доступу да Лукашэнкі ў мяне не было на пряцягу доўгіх гадоў. Адзіны раз мне ўдалося з ім пагаварыць на саміце ЕАЭС у Ерэване некалькі месяцаў таму. Я тады мела шчасце назіраць за яго атачэннем — Эйсмант, Шманай і яшчэ некалькімі асобамі, і ўжо тады зразумела, што там усё хворае.

— А вы самі галасавалі на тых першых выбарах?

— Да гэтага года я ніколі ні за каго не галасавала. Адзін раз толькі схадзіла на выбары за кампанію і прагаласавала супраць усіх. Я ніколі не падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку, але як чалавек нармальнай унутранай культуры, пакуль ён быў прэзідэнтам маёй краіны, ніколі публічна не выказвалася пра яго дрэнна.

— Чаму вы хацелі з ім пагаварыць?

— У ліпені я прыязджала на Дзень Незалежнасці і прасіла Наталлю Эйсмант сустрэцца са мной перад канцэртам: я хацела дамовіцца аб сустрэчы з Лукашэнкам, бо ведала, што ён будзе ў зале, каб пагаварыць з ім пра сітуацыю ў культуры. Усе запалоханыя, зацкаваныя, такой цэнзуры я за трыццаць гадоў не памятаю.

Нейкая Ірына Дрыга — паслухайце, хто гэта? — стаіць за кулісамі і вырашае, каму спяваць, як спяваць і што.

Я падышла да Дрыгі ў Палацы Рэспублікі — многія гады яе калаціла, калі яна мяне бачыла, — дэманстратыўна павіталася і запыталася: «Вось скажыце, чаму вы мяне не клічаце на заўтрашні канцэрт, калі я ўжо ўсё роўна тут?» У выніку я спявала на тым канцэрце, а да Лукашэнкі мяне ніхто не дапусціў.

Я перадала свой асабісты нумар Наталлі Эйсмант і на наступны дзень атрымала смс у адзін канец: «Дзякуй за ваш выступ, да пабачэння». Затое пасля жнівеньскіх падзей я мела магчымасць адправіць смс назад — з заклікам спыніць гвалт.

— Ці бачылі вы навіны пра музыкантаў, якіх затрымалі пасля выступленняў на дваровых канцэртах?

— Гэта настолькі танна з боку Лукашэнкі. Сур’ёзны паважны чалавек выйшаў і звярнуўся б да людзей, а ён іх проста баіцца і робіць выгляд, што нічога не адбываецца і незадаволеных няма. Я ведаю гэты псіхатып, бо жыла з такім жа і прайшла з ім усе стадыі расставання. Хутка ў Лукашэнкі будзе стадыя безвыходнасці, і я баюся, каб ён не нарабіў вялікай бяды. Таму беларусам трэба быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі. За гэтым «любімую не аддаюць» можа пайсці «дык не даставайся ж ты нікому». Глабальна ён гэта і робіць — усіх цісне і мочыць, падняў руку на святое — на дзяцей і дактароў.

— Як думаеце, ці можа чалавек культуры сёння заставацца ўбаку?

— Ніхто не можа заставацца ўбаку. Як гэта магчыма? Канечне, кожны робіць выбар сам. Я бачу калег, якія робяць выгляд, што нічога не заўважаюць, і нікога не асуджаю, але раблю высновы. Я не хачу называць прозвішчы, але мне шкада тых, хто задушыў у сабе усё добрае і шчырае.

Мне спадабалася, як спартсмены сказалі, маўляў, калі зараз наступіць на пачуццё справядлівасці, за што выступаць?

Не будзе ж духу перамагаць на алімпіядах. Тое самае з творчымі людзьмі — а спяваць чым вы будзеце? Каму, якія песні і якім месцам? Беларусы засталіся адзін на адзін са сваім горам. Калі за мяне трымаліся сінімі пальцамі, мяне ніхто не абараніў, і беларусам даводзіцца абараняцца самім.

Кажуць, нехта спансіруе пратэстныя акцыі. А вы вазьміце грошы, прыйдзіце на Марш і прапануйце людзям па тысячы долараў — вас нахрэн пашлюць. Я ўпэўнена, увесь гэты кашмар хутка скончыцца.

— Існуе думка, што працяглы пратэст добры тым, што дае магчымасць беларусам больш кансалідавацца і фарміравацца як нацыя.

— Нацыя ўжо сфарміравалася — паглядзіце, як людзі дапамагаюць адно аднаму, быццам вялікая сям’я. Ведаеце, як шмат гэта значыць у нашым жорсткім, цынічным, матэрыяльным свеце, дзе забыліся на сапраўдныя каштоўнасці.

Цяпер увесь свет глядзіць на беларусаў з захапленнем і ўдзячнасцю. Думаю, як Беларусь адрадзілася, так на яе прыкладзе будзе адраджацца і ўсё чалавечае.

Я сябе дакараю, як, думаю, многія, за тое, што недаглядзела. За тое, што не звяртала на ўсё гэта ўвагі, за тое, што была такой нясталай. Бяда была кропкавай, і людзі, якіх яна не тычылася, нічога не заўважалі, усе жылі па сваіх лёсах. Калі мы адсвяткуем перамогу, я раскажу вельмі шмат цікавага — і чаму з’ехала з Беларусі, і які ціск на мяне аказваўся.

Сёння ж трэба гаварыць пра іншае. Галоўная задача — перамагчы зло. Будучыня заўсёды на баку праўды і святла, а кожны беларус, які выходзіць на мірны марш, — воін святла.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».




X