Гродзенская настаўніца далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі - Политика на N1.BY
Гродзенская настаўніца далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі 1 Гродзенская настаўніца далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі фота: nn.by

Аляксандра Богуш запісала відэазварот.

Аляксандра Богуш — настаўніца англійская мовы ў школе-інтэрнаце ў аграгарадку Азёры, што пад Гродна. Яна абвесціла, што далучаецца да агульнанацыянальнай забастоўцы і апублікавала відэазварот.

Аляксандра патлумачыла «Нашай Ніве», што не бачыць іншых шляхоў.

«Я доўга шукала спосабы, што я магу зрабіць. Пагадзіцца з тым, што адбываецца, з гвалтам і беззаконнем — немагчыма. Збіцці, катаванні — няма такіх правапарушэнняў, за якія так можна было б абыходзіцца людзьмі, — кажа настаўніца. — І пасля мінулай нядзелі людзі зноў з міліцыі трапляюць у бальніцы.



І калі ты не змаўчыш — няма ніякіх гарантый, што гэта не адбудзецца з табой.

Як жыць у такім грамадстве? У мяне самой дзеці, і на пытанне дзіцяці «хто гэта?» пра людзей у чорным, аліўкавым, рэфлекторна адказваеш — гэта бандыты.

Нам навязваюць агрэсію, якой не павінна быць месца ў грамадстве.

Я не бачыла, каб людзі агрэсіўна паводзілі сябе ў дачыненні да сілавікоў. Чула расповеды жанчын, што размаўляеш з сілавіком, а ён стаіць, глядзіць скрозь цябе і плача. Нехта плача, а другі б'е, як так? Невытлумачальна».

фота: nn.by

Аляксандра прыйдзе на заняткі ў сераду, 11 лістапада. Тады і перадасць адміністрацыі школы заяву аб забастоўцы.

«Мае дзеянні не накіраваныя на школу ці калектыў, яны накіраваныя на дзяржаву. Забастоўка — мой асабісты крок.

Я ўяўляю далейшыя падзеі так: каб прытрымлівацца заканадаўства, мне трэба быць на працоўным месцы тры гадзіны, каб не было прагулу. Прыступаць да сваіх абавязкаў я не буду, — кажа Аляксандра. —

Разумею, што мяне могуць звольніць, прычым, найхутчэй, па артыкуле.



Тлумачу гэта так — я ж не губляю прафесію. Я раблю крок наперад не для таго, каб супакоіцца, а для таго, каб гвалт сышоў разам з кіраўніком дзяржавы. Я ўпэўнена, што калі мы пачнем будаваць дэмакратычнае грамадства, варварскія сённяшнія законы не будуць прыняты пад увагу.

Ну і калі ўсё ж звольняць, то бегчы шукаць працу я не буду — бо я ж абвяшчаю страйк.

З мужам я размаўляла. Ён пераканаўся, што гэта не спантаннае рашэнне — і падтрымаў мяне. Я бачу фатаграфіі іншых людзей, маршы, бачу выхад пенсіянераў на вуліцу — гэта таксама падтрымлівае і матывуе.

Ці страшна мне? Безумоўна. Але, ведаеце, калі ўспомніць вясну, пачатак лета, то гаворка ішла аб перабудаванні дзяржавы. І ў будучыні толькі ад тваіх намаганняў будзе залежаць вынік, дзяржава страціць манаполію на ўсё, як гэта адбываецца сёння. Я веру, што так будзе, і раблю ўсё, каб так было, каб мае дзеці жылі ў новым грамадстве, калі яны вырастуць і будуць шукаць працу.

Добра будзе, калі мой учынак кагосьці натхніць. Але нават калі не — гэта ў любым выпадку ўсё не дарма».

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».




X