Ісер Харель, або Джэймс Бонд з Віцебску - Общество на N1.BY
Ісер Харель, або Джэймс Бонд з Віцебску Ісер Харель, або Джэймс Бонд з Віцебску Ісер Харель
Фота: David Rubinger/CORBIS

Гiсторыя аднаго са стваральнiкаў Масад.

Увесь свет ведае пра Масад — адну з самых крутых выведак свету нароўні з КДБ і ЦРУ. Масад усіх ворагаў перамог, выкраў нацыскiх злачынцаў, знішчыў арабскіх бандытаў, захаваў усе ядзерныя сакрэты Ізраіля, а таксама здабыў сакрэтны даклад з 20 з’езду КПСС. Ён стаіць на варце Iзраiля пад біблейскім дэвізам «Пры недахопе апекі падае народ, а пры шматлікіх дарадцах — дабрадзенствуе». І ўсё гэта дзякуючы аднаму маленькаму хмурному чалавеку з Віцебска. Ён адзіны, хто ў гісторыі Ізраіля адначасова быў і кіраўніком ўнутранай бяспекі (ШАБАК), і выведкі (Масад). Пры гэтым ён быў вельмі сціплым. І да канца жыцця заставаўся ў чыне палкоўніка, пражываючы ў самай звычайнай кватэры.



Ісер Харель нарадзіўся у 1912 годзе і пры нараджэнні меў імя Ізраіля Гальперына. Ён быў малодшым дзіцем у багатай і вельмі рэлігійнай сям’і. Ягоны бацька Натан паспяхова ажаніўся на Iохевед Левінай — малодшай дачке мільянера з Дзьвінску. У гонар вяселля цесць прызначыў шчаслівага жаніха саўладальнікам свайго завода ў Віцебску.

З прыходам да ўлады бальшавікоў у сям’і адабралі і завод, і дом, ды нават збіраліся расстраляць бацьку як капіталіста. Сям’я паспела ўцячы ў незалежную Латвію. Гэтыя ўцёі ад бальшавікоў з Беларусі і сфармавалі характер маленькага хлопчыка. Замкнёнасць, строгасць, жаданне дзейнічаць, а таксама нянавісць да чырвоных, за якімі ён будзе паляваць ўжо ў незалежным Ізраілі.



Жыццё ў Латвіі наладзіць не атрымлівалася. Сям’я жыла на рэшткі банкаўскіх рахункаў у банках свабоднай Балтыі. Тады ж Ісер захапіўся сіянізмам. Ён уступіў у сацыял-нацыяналістычны моладзевы рух «А-Шомэр а-Цаір», а пасля з’ехаў у Рыгу, каб навучацца ў сельскагаспадарчай школе. Ісер жыў на ферме арганізаванай па тыпу кiбуца і адказаў за яе бяспеку.

У 1929 у Ізраілі пракацілася хваля пагромаў. Самы вядомы з якіх адюбызся ў Хэўроне. За ноч арабы забілі 69 юдэяў. Ісер прымае рашэнне з’ехаць у Эрэц-Ісраэль. Яму тады было 17 гадоў. Увесь ягоны багаж складаўся з валізкі і булкі хлеба, ў якой быў схаваны пісталет.



У Ізраілі ён пасяляецца ў кiбуце Шфаiм і адразу ўступае ў баявую арганізацыю Хагана. Працуе на двух працах: збірае апельсіны і ўкладвае асфальт. Праз пяць гадоў ён пераязджае ў горад Герцылiя і адкрывае сваю ферму па зборы апельсінаў. За працавітасць ў кiбуце ён атрымаў мянушку «Стаханавец».

У Ізраілі ён ажаніўся на польскай юдэйкай Рыўке. Для ўсіх гэта быў дзіўны саюз. Ён быў ціхі, хмурны, сур’ёзны, а яна — вясёлай, смешнай і схільнай да танцаў. Аднак яны пражылі разам ўсё жыццё. Толькі двух чалавек ён мог назваць сваімі сябрамі і толькі ім ён усміхаўся: жонцы Рыўке і першаму прэм’ер-міністру Ізраіля Давіду Бэн Гурыёну.

У 1940 году Ісер Харель да смерці збіў брытанскага афіцэра за антысеміцкі выраз. Пасля гэтага пачалося ягонае падпольнае жыццё. Ён узначальваў у Хагане аддзел па дастаўцы ў Ізраіль нелегальных рэпатрыянтаў. А пасля прымаў непасрэдны удзел у стварэнні правобразу ізраільскай выведкі — службы бяспекі Хаганы «Шай». Таксама Харель узначалiў ўнутраную бяспеку «Шая».

Другі чалавек у Ізраілі

Тады ён атрымаў мянушку «Маленькі Ісер». Бо росту ў ім было ўсяго 155см, да таго ж быў «Вялікi Ісер» — кіраўнік «Шай» Ісер Беры.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Ізраіля Ісер Харель атрымаў пагоны палкоўніка і пасаду першага кіраўніка Службы Агульнай Бяспекі «ШАБАК». Яго галоўнай задачай быў пошук арабскіх агентаў, вярбоўка учорашніх падпольшчыкаў і пошук агентаў СССР у сацыялістычнай партыі МАПАМ і камуністычнай МАКІ. Поспехі былі ўражлівыя. Ў яго атрымалася знайсці нават агентаў Савецкага Саюза ў Генеральным Штабе ЦАХАЛа і канцылярыі прэм’ер-міністра. Напрыклад, Ісраэля Беера.

Ісер Харель

За гэтыя поспехі ён быў адначасова прызначаны на пасады кіраўніка выведкі Масад, аб’яднанага камітэту кіраўнікоў усіх ізраільскіх сакрэтных службаў і дарадцы прэм’ер-міністра па пытаннях абароны і бяспекі. Для яго была прыдуманая адмысловая пасада а-Meмунех (адказны). Фактычна першыя 15 гадоў існавання Ізраіля ён быў чалавекам №2 у дзяржаве.

Ён жа сфармаваў галоўны прынцып набору ў Масад, які можна назваць прынцыпам набору ў любы вызваленчы рух: «Мне патрэбныя людзі, якія перажываюць агіду да забойства, але якіх, тым не менш, можна навучыць забіваць». Многія традыцыі ў Масад пайшлі менавіта ад Хареля. Напрыклад, эканомія, недавер да тэхнікі і падвышаная сакрэтнасць. Пра яго любоў да канспірацыі хадзілі легенды і анекдоты. Казалі, быццам бы ён на пытанне таксіста «Куды ехаць?» адказаў «Гэта сакрэт». Самай знакамітай справай Хареля стала выкраданне і дастаўка ў Ізраіль нацысцкага злачынцы Адольфа Эйхмана, адказнага за «Рашэнне габрэйскага пытання» — масавае забойства габрэяў нацыстамі i iх памагатымі.

У Ізраілі жыло 200.000 учорашніх вязняў канцлагераў і гета. І яны чакалі справядлівага суда на Эйхманам. Акрамя таго ў ізраільскі крымінальны кодэкс быў занесены артыкул, якi пагражаў смяротным пакараннем нацыстам і іх памагатым. Таму Эйхман стаў для Масада мэтай нумар адзін.

23 траўня на пасяджэнні Кнэсета прэм’ер Давід Бэн Гурыён паведаміў што Эйхман дастаўлены ў Ізраіль дзе яго будуць судзіць. Тады ж увесь свет ўпершыню ўбачыў і кіраўніка ізраільскай выведкі. Ісеру Харелю прыйшлося даць справаздачу Кнэсету аб праведзенай аперацыі і раскрыць сябе пасля 20 гадоў таемнага жыцця.

Чалавек, яки ніколі не усміхаўся

Харель быў аўтарытарным кіраўніком. Усе супрацоўнікі Масада падпарадкоўваліся і былі адданыя асабіста яму. Жорсткі стыль Харель спалучаў з клопатам аб супрацоўніках і стварэнні ў іх пачуццяў прэстыжнасці і элітарнасці. Ісер не любіў і не разумеў гумару, а таксама ніколі не жартаваў сам. Адзінае не зусім сур’ёзнае выказванне Хареля: «З усіх людзей маіх блакітных вачэй не баяцца толькі сабакі і дзеці».

Адзін з яго супрацоўнікаў аднойчы заўважыў, што калі б Харель не з’ехаў з Беларусі, то сапраўды стаў бы начальнікам КДБ, а «гэтага монстра Берыю праглынуў бы на сняданак і не папярхнуўся».

Харель быў перакананы, што сапраўдныя абаронцы Ізраіля павінны прытрымлівацца жорсткіх маральных прынцыпаў. Усё сваё жыццё і працу ён падпарадкаваў гэтаму правілу. Тыя хто яго ведалі адклікаліся аб ім як аб чалавеке крышталёвай сумленнасці. Ён адмаўляўся ад генеральскага звання і ад любых узнагародаў.

У сакавіку 1963 г. паміж Харелям і Бэн Гурыёнам паўсталі вострыя рознагалоссі. Яны былі звязаныя з аперацыямі Масада ў Егіпце.

З Бэн Гурыёнам Харель аднавіў адносіны толькі ў чэрвені 1966. У гэты дзень жонка Бэн-Гурыён Пола арганізавала ў сябе дома іх сустрэчу. Яны абняліся, Харель заплакаў, а Бэн Гурыён падарыў яму фатаграфію, на абароце якой было напісана: «Ісеру — абаронцу гонару і бяспекі краіны. Бэн Гурыён».

У 1968 годзе Харель быў абраны ў Кнэсет ад цэнтрысцкай патрыятычнай партыі «Дзяржаўны спіс» на чале з Бэн Гурыёнам і стаў сябрам парламенцкага камітэта па ўнутранай бяспекі.

Харель любіў оперу і раманы Агаты Крысці. Шпіёнскімі дэтэктывамі пагарджаў і казаў, што «такіх шпіёнаў я лавіў б на трэці дзень».

Ён памёр ва ўзросце 91 года ў медыцынскім цэнтры «Бейлінсон» у Петах-Тыкве. Перад смерцю ён даў некалькі інтэрв’ю папярэджваючы, што з масавай эміграцыяй з былога СССР у краіны Захаду і ў Ізраіль патрапіла шмат агентаў КДБ, якія чакаюць загаду праявіць сябе на карысць цяперашняга рэжыму чэкістаў.

А яшчэ, перад смерцю, ён прызнаўся, што на працягу ўсяго жыцця яму сніліся беларускія сасновыя лесы.

Барыс Давід Балтэ, shalom.by





X