Лявон Вольскі з гуртом Volski прадставіў новы сінгл “Ворагі народу”.
У лірык-відэа сучасныя здымкі з вуліц Беларусі спалучаюцца з жывапісам сярэднявечнага мастака Іераніма Босха. Аўтар відэа — Мацвей Сабураў.
“Беспакараныя фальсіфікатары, нахабныя палітычныя каментатары, самаўпэўненыя ліквідатары беларускае самасвядомасці, напампаваныя карнікі ў форме і бясформенныя цёткі на пасадах, увесь гэты шэры статак “выжесамівсёпрекраснопонімаете” з патухлымі вачыма і фанатыкі ўлады з завеяй у вачах... Песня-прысвячэнне. Без паўтаноў. Чырвоным па белым”, — напісаў Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
У жніўні Лявон Вольскі таксама выдаў сінгл “Іржавая дзяржава” і ўз’яднаўся на адну песню з N.R.M., у ліпені — заспяваў “Дыхаем зноў” у дуэце з Уладзімірам Пугачам з “J:морс”.