Дабро заўсёды перамагае - Политика на N1.BY
Дабро заўсёды перамагае Дабро заўсёды перамагае фота: tut.by

На стадыёне «Алімпійскі» трыбуны скандзіравалі «Ухадзі!», «Трыбунал!» і «Жыве Беларусь!».

Дабро перамагло. «Крумкачы» навалялі мінскаму «Дынама» ў палітычным матчы на Кубак краіны. Годны ўнёсак у агульную добрую справу ад маленькага, але высакароднага клуба — у той час, як астатнія футбалісты працягваюць маўчаць і баяцца.

У дзень 1 верасня, калі інфармацыйную павестку захапілі мужныя студэнты, свая хвіліна пратэстнай славы дасталася і футбалістам. А менавіта — сталічнай камандзе “Крумкачы”, якая ўзорна-паказальна адлупцавала мінскае “Дынама” ў гульні 1/16 фінала Кубка Беларусі. Матч набыў статус палітычнага маніфеста ў мінулыя дні — у нядзелю і панядзелак, калі двое “крумкачоў” нечакана апынуліся ў аўтазаку, былі пабітыя, пераначавалі ў “казённым доме” і толькі затым выйшлі на свабоду.



Дабро заўсёды перамагае

Не будзем перабольшваць грамадскую актыўнасць Сяргея Казекі і Паўла Расолькі. У замес падчас нядзельнага марша за чэсныя выбары яны патрапілі выпадкова. Вярталіся з трэніроўкі, выйшлі на праспект Незалежнасці, а там… А там ужо амапаўцы не цырымоніліся: схапілі, кінулі за краты, пачалі звыкла апрацоўваць метадамі фізічнага ўздзеяння. У выніку больш пацярпеў Казека — зламаны трэці пазванок, пашкоджаны ныркі… Ноч ён правёў у лякарні, па меркаваннях медыкаў, у футбол не зможа гуляць каля чатырох тыдняў.



Гэта перадгісторыя, да якой патрэбна дадаць самую драбніцу. Страціўшы праз дзяжурны садызм сілавікоў двух гульцоў, “Крумкачы” напачатку разглядалі варыянт радыкальнага рэагавання — у знак пратэсту ўвогуле не выходзіць у аўторак на поле. Але затым усё ж вырашылі гуляць — і справай даказаць, што дабро ў сенняшняй Беларусі перамагае не толькі на масавых акцыях сумленных грамадзян.

С супернікам, дарэчы, пашанцавала. Мінскае “Дынама” — клуб з каранямі, якія вядуць акурат да МУС. Ды тое гісторыя, аднак і сучаснасць у дынамаўцаў адпаведная. Зараз каманда існуе пад крылом аднаіменнага БФСО, дзе кіруюць людзі ў пагонах — пераважна міліцыянеры. Даўно не сакрэт, што яе апекуе міністр спорту Сяргей Кавальчук — былы супрацоўнік Службы аховы дыктатара.



“Крумкачы” на гэтым фоне — родам з народу. Каманду стварыла колькі год таму суполка балельшчыкаў, яна не сілкуецца, як тое ж “Дынама”, ад шчадротаў дзяржавы, а жыве за кошт камерцыйнай актыўнасці. Зразумела, што небагата — але дапамагае энтузіязм і адданасць любімай справе. Дапамае патрыятычная айдэнтыка — беларуская мова ў афіцыйных рэлізах, нацыянальныя матывы ў пазіцыянаванні, і шмат што яшчэ, да чаго дзяржаўныя органы ды тая ж федэрацыя ставяцца насцярожана. Дапамагаюць заўзятары — людзі, таксама арыентаваныя на незалежніцкі лад, якія падарожнічаюць за сваімі хлопцамі па краіне і нідзе не пакідаюць іх без падтрымкі.

Гэтак і сышліся дзве супрацьлегласці. Адна — нібыта флагман з багатай гісторыяй, з велізарнымі амбіцыямі і велічэзнымі заробкамі гульцоў. І другая — энтузіясты-разначынцы, што бегаюць у другім дывізіёне амаль за ідэю і не могуць абараніцца ад міліцэйскага дручка.

Сыйшліся на вуліцы Сурганава — на стадыёне СОК “Алімпійскі”, які разлічаны на 1500 гледачоў і з гэтай нагоды запоўніўся пад завязку. Нават за агароджай стаялі людзі, прагна назіраючы за падзеямі і ловячы атмасферу гульні.

А атмасфера была шыкоўная…

Дзесьці напрыканцы першага тайма ў адным з сектароў заходняй трыбуны загучаў пісклявы дзіцячы голас: “Ухадзі! Ухадзі!” Падняўся рогат, амапавец у масцы, які кантраляваў “законапаслухмянасць”, ніяк не адрэагаваў.

Рэакцыя сілавых структур была прэвентыўнай. За некалькі часоў да матчу праваахоўнікі папярэдзілі: з нацыянальная сімволікай на футбол прыходзіць не варта. Бо будзе кепска і гульні вы можаце не ўбачыць. У пацверджанне свайго гуманнага настрою АМАП падагнаў да стадыёну пару аўтазакаў.

Людзі зрабілі папраўку на вецер — нічога заўважна бел-чырвона-белага на стадыёне не здарылася. Але ж і вуснамі дзіцяці глаголіць ісціна. Тыя крохкія “Ухадзі!” не засталіся голасам адзіноты.

Спачатку трыбуна пратэставалі на маўклівых амапаўцах знешне бяскрыўдную крычалку “Верым! Можам! Пераможам!” — яе і раней выкарыстоўвалі на футболе. Затым у ход пайшлі больш цяжкія зарады — “Ухадзі!” і “Жыве Беларусь!” І нарэшце, пасля перапынку, гледачы гукнулі палітычную вясну па-сапраўднаму — над “Алімпійскім” паняслося “Трыбунал! Трыбунал!”

Вартавыя “канстытуцыйнага ладу” вухам не павялі. Ці не атрымалі прыказу на хапун. Калі так, то рашэнне разумнае, бо цягнуць святочна настроеных людзей — розных узростаў і палоў, многія прыйшлі з дзецьмі — гэта зашквар нават для неразборлівых у сродках юбеларускіх сілавікоў.

Салідарнасць гэта не пра “Дынама”

Між тым уздымны настрой вечару надалі самі “Крумкачы”. Яны выйшлі на поле ў майках з беларускамоўнымі надпісамі “Мы супраць гвалту” і “Рассолька, Казека… і іншыя”. А адразу пасля стартавага свістка суддзі не пабеглі на чужыя вароты, а пачалі апладзіравать. Гэта было працягам акцыі супраць міліцэйскай агрэсіі, што ўсе хутка зразумелі. Заўзятары падняліся са сваіх месцаў і падхапілі апладысменты, якія паступова ператварыліся ў авацыі і працягваліся амаль дзве хвіліны.

Гульцы “Дынама”… Не, яны пляскаць у далоні так і не адважыліся — за выключэннем Яўгена Шыкаўкі. На жаль, салідарнасць — гэта сёння пра клуб “Крумкачы”, а не пра беларускі футбол наогул. Не пабеглі дынамаўцы забіваць, пакуль сапернікі працягвалі перформанс у гонар сваіх пацярпелых сяброў, і на тым дзякуй.

Былі на гульні і Сяргей Казека з Паўлам Расолькам. Аднойчы яны вернуцца ў шэрагі каманды, а пакуль назіралі, як іх аднаклубнікі літаральна разбіралі хваленае “Дынама” на запчасткі. У першым тайме забіў Сяргей Лынько, неўзабаве пасля перапынку дадаў Міхаіл Калядка. 2:0 — партыя. “Бела-блакітныя” так і не змаглі нічым адказаць. Здаецца, увогуле не стварылі за 90 хвілін ні аднаго галявога моманту.

Тры хвіліны, тры працэнты

“Да асноўнага часу гульні дададзена тры хвіліны!” — абвесціў дыктар на самым фінішы. “Тры працэнты!” — падхапілі на галоўнай трыбуне, пакаціўшы зверху ўніз чарговы дасціпны гумар. І пачалі прыспешваць арбітра, які не спяшайся даваць фінальны свісток: “Суддзя з народам!”

Так, было сапраўды весела, лёгка і натхнёна. Сваю сенсацыўную перамогу “Крумкачы” назавуць гістарычнай. А сродкі за рэалізацыю квіткоў перададуць ахвярам міліцэйскага гвалту.

Годны ўнёсак у агульную добрую справу ад маленькага, але высакароднага клуба — у той час, як астатнія футбалісты працягваюць маўчаць і баяцца.

Сяргей Кайко, («Новы час» https://novychas.by/hramadstva/trybuny-skandziravali-uhadzi-trybunal-i-z)

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».