На габрэйскіх могілках у Магілёве знойдзены пахаванні сваякоў прэзідэнта Ізраілю

Источник: Naviny.by
Размер шрифта: А А А

Ізраільскі амбасадар ратуе могілкі ў Магілёве.

Станам габрэйскіх могілак у Магілёве зацікавілася амбасада Ізраілю. Днямі іх наведаў кіраўнік дыпламатычнай місіі Алон Шогам. З прадстаўнікамі мясцовай улады ён агледзеў старыя пахаванні, якім пагражае знішчэнне, і паабяцаў габрэйскай грамадзе паспрыяць у справе аднаўлення занядбаных надмагілляў.

Амбасадар Ізраілю Алон Шогам на габрэйскіх могілках МагілёваГабрэйскія могілкі першымі трапілі пад увагу Магілёўскага спецыялізаванага камбінату абслугоўвання насельніцтва. Тыя, хто мае на іх пахаванні, гаворыцца ў абвестках, абавязаныя «прывесці надмагільныя збудаванні ў належны стан» да 22 чэрвеня 2018 году.

На прадпрыемстве кажуць: у іх прадпісанне Генеральнай пракуратуры. Яе прадстаўнікі аб’ехалі могілкі ў Беларусі і зрабілі выснову, што закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе» не выконваецца. Праведзеная прадпрыемствам інвентарызацыя выявіла занядбаныя надмагіллі. Упарадкаваць іх належала на працягу двух гадоў.

Новая рэдакцыя закону «Аб пахаванні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае дзяржаўным спецыялізаваным арганізацыям права дэмантаваць і ўтылізаваць надмагіллі, «калі ступень разбурэння выключае рамонт і аднаўленне». З 600 апісаных на габрэйскіх кладах магіл больш за сотню могуць знішчыць.

Габрэйская грамада мае падрыхтаваць зварот у гарвыканкам, каб распачалася працэдура надання могілкам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

На атрыманне ахоўнага статусу, як казалі чыноўнікі ў гутарцы з дыпламатам, адведзена два гады. За гэты час клады павінны быць упарадкаваныя.

Прадстаўнікі гарвыканкаму ў гутарцы з амбасадарам сказалі, што возьмуцца хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб статус гісторыка-культурнай каштоўнасці могілкам быў нададзены.

Разам з амбасадарам могілкі аглядалі намесніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка і старшыня гарсавету Андрэй Кіблоў.

«Да габрэйскай прысутнасці ў Беларусі павінен быць інтарэс дзяржавы»

Габрэйскія могілкі, якія ёсць у Беларусі, — гэта спадчына не толькі габрэйская, але і ўсяго беларускага народу, сказаў амбасадар Ізраілю ў каментары для БелаПАН.

«Беларускі народ, калі хоча паказаць сваю сапраўдную гісторыю і засведчыць нацыянальную спеласць, мае прызнаць той факт, што ў некаторых мясцінах прысутнасць габрэяў сягала сама меней 60 працэнтаў», — казаў дыпламат.

Амбасадар Ізраілю разам з магілёўскімі чыноўнікамі аглядае габрэйскія могілкі«Калі беларус гаворыць пра сваю гісторыю, не згадваючы габрэяў, то ён гаворыць пра сваю мінуўшчыну з заплюшчанымі вачыма, — працягваў Алон Шогам. — Таму зразумела, што да габрэйскай прысутнасці ў Беларусі павінен быць інтарэс і з боку беларускай дзяржавы. Габрэі жылі ў Беларусі і далі ёй тое, што далі, але так сталася, што яны амаль зніклі. Гэта трэба памятаць і не даваць нікому забываць».

«Стан могілак — гэта наш габрэйскі лёс»

На думку дыпламата, віна за стан габрэйскіх могілак у Беларусі ляжыць на гісторыі. Гэта віна не цяперашняя, а даўнейшая, кажа ён.

«Могілкі сталі разбурацца пасля 1940-х гадоў. Можна сказаць, што такі наш габрэйскі лёс. Але іншым разам трэба дапамагаць лёсу, каб не было яшчэ горш. Дзеля ўратавання гэтых могілак патрэбныя немалыя высілкі, каб урэшце быў спынены іх кепскі лёс і распачаўся добры», — кажа Алон Шогам.

Ізраільскі дыпламат каля мяжы гістарычнай часткі габрэйскіх могілак. У гушчар ён і магілёўскія чыноўнікі не пайшліБез падтрымкі дзяржавы, кажа дыпламат, упарадкаваць габрэйскія могілкі надта цяжка, бо габрэйскія грамады нешматлікія. Яны «ў свой час былі амаль дарэшты знішчаныя».

«Мы гэта разумеем, бо гэта лёс нашага народу, — працягвае амбасадар. — З іншага боку, мы рады, што ёсць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, якія дапамагаюць нам аднавіць могілкі. Нядаўна былі адноўленыя такія могілкі ў Віцебскай вобласці. Там была дужа цяжкая сітуацыя, бо яны амаль нікім не наведваліся ад 1940-х гадоў. Нам дапамагла мясцовая ўлада. Гэта нас цешыць, і мы разумеем, што з гэтай праблемай мы не сам-насам».

«Новыя пакаленні павінны ведаць, што габрэі жылі ў Беларусі»

Амбасадар Ізраілю пагаджаецца з мясцовай уладай, што габрэйскія могілкі павінны стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Мы з гэтым згодныя, хоць і разумеем, што святы статус могілак крыху нівеліруецца з набыццём новага гістарычнага статусу. Разам з тым новыя пакаленні павінны памятаць, што да Другой сусветнай вайны ў Магілёве доля габрэйскага насельніцтва была дужа вялікая, як і іхны ўнёсак у развіццё гораду. Іншым разам і кніг недастаткова для гэтага, а вось могілкі якраз дазваляюць гэта ўбачыць», — кажа ён.

Адказваючы на пытанне, якім чынам Ізраіль можа дапамагчы ратаваць габрэйскія могілкі ў Беларусі, Алон Шогам падкрэсліў: Ізраіль як дзяржава не ўмешваецца ў справы іншых дзяржаў.

На габрэйскім могілках«Ёсць габрэйскія грамады ўва ўсім свеце, якія займаюцца габрэйскай спадчынай, і яны недзяржаўныя. Ізраіль можа аказаць дапамогу ў пошуку гістарычных фактаў, у даследаваннях, збіранні інфармацыі, але ён не стварае могілак і не паляпшае іх стану. Для гэтага ёсць фонды габрэйскага народу, якія прыходзяць туды, дзе габрэйскім грамадам патрэбная дапамога», — сказаў амбасадар Ізраілю Алон Шогам.

На магілёўскіх могілках пахаваныя сваякі цяперашняга прэзідэнта Ізраілю

У 2015 годзе актывісты габрэйскай грамады скончылі каталагізацыю пахаванняў на габрэйскіх могілках. Яны апісалі больш за 600 старых магілаў. Кожная шостая пад пагрозай знішчэння, бо прыгледзець за імі няма каму.

Габрэйскія могілкі — адны з найстарэйшых у горадзе. Паводле архіўных звестак, яны вядомыя з 1745 году. Нямала надмагілляў вырабленыя ў Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Многія з пахаваных укладалі пры жыцці сродкі ў развіццё гораду.

Тут адшуканыя магілы сваякоў цяперашняя прэзідэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна.

Мясцовыя даследчыкі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на звесткі з кнігі «Генеалогія сямейства Рыўліных», а таксама энцыклапедычныя звесткі, сцвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы цяперашняга кіраўніка ізраільскай дзяржавы.

Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць XVI стагоддзя, калі жыў святы рабін Ёсіф.

Бальшыня падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці Ізраілю — людзі з Беларусі. Беларускае паходжанне маюць чатыры прэзідэнты Ізраілю, на беларускай зямлі жылі бацькі чатырох ізраільскіх прэм’ераў.

Оставьте комментарий (0)

Автор: Алесь АСІПЦОЎ

Эти новости могут быть вам интересны









Читайте новое за сегодня ↓ или Оставить комментарий

Tutby   Хартия   Lenta   Белорусский Партизан

Ссылка на источник: На габрэйскіх могілках у Магілёве знойдзены пахаванні сваякоў прэзідэнта Ізраілю


Посмотрите Курсы Валют на сегодня, Главные новости

тв программа на сегодня