Шэры «Гомель майго дзяцінства» ад Антона Пятрова-Рудакоўскага

Источник: tut.by
Размер шрифта: А А А

«Далёкія ўспаміны і сны амаль заўсёды паўстаюць у шэрых танах. Напэўна, гэта ўласцівасць памяці з часам размываць яркія фарбы. Але, тое не тычыцца гэтай гісторыі, таму што Гомель часоў майго дзяцінства быў сапраўды шэрага колеру», — прызнаецца ў сваім аповядзе Антон Пятроў-Рудакоўскі.

Фота з сямейнага архіву Ірыны Янке (Лукашэвіч)

Распачну сваю гісторыю з узгадкі пра адзін нікаму не вядомы юбілей: у бліжэйшыя месяцы спаўняецца роўна 50 гадоў, як быў пабудаваны наш дом па адрасе Рэчыцкая шаша, 4 г у Гомелі.Тады гэта быў амаль край горада, вакол было поле, пяскі і непасрэдна насупраць новазбудаванага дома — вялікі пруд, дзе часам дзеці вудзілі рыбу. Удалечы праглядаліся шэрагі першых пяціпавярховікаў-«хрушчовак», але месца, усё адно, было неабжытае і пустыннае. Усяго гэтага я не бачыў на ўласныя вочы, а толькі ўяўляў сабе са слоў бацькоў, якія атрымалі кватэру ў гэтым доме ў снежні 1967 года. Я ж нарадзіўся на свет толькі праз 11 гадоў.

Фота з сямейнага архіву Ірыны Янке (Лукашэвіч)І тое, што я бачыў вакол ніяк не адпавядала тым успамінам пра першыя гады жыцця ў доме, які ўжо пры маёй памяці знаходзіўся ў самым цэнтры Савецкага раёна Гомеля, нават не столькі ў геаграфічным цэнтры, як у ягоным «сэрцы». Так можна сказаць таму, што непасрэдна перад вокнамі дома з’явіўся будынак райвыканкама і райкама КПБ Савецкага раёна (зараз — раённая адміністрацыя). Таму ўсё «гаспадарча-палітычнае», культурнае і святочнае жыццё праходзіла непасрэдна перад вокнамі на галоўнай плошчы раёна (якая дагэтуль не мае ніякага імя). І мне заўсёды было вельмі цікава, ці сапраўды тут калісці магло быць пясчанае поле з ручаямі і прудам? Адкуль узяўся той густы лес з самых розных дрэваў, што атачаў і наш, і суседнія дамы, дзе, як мне малому здавалася, можна надзейна схавацца падчас розных вулічных гульняў у вайну, хованкі і інш.

Колькі сябе памятаў з дзяцінства — заўжды хацелася пабачыць, што ж тут было да мяне. Нажаль, у тыя далёкія гады фотатэхніка была далёка не ва ўсіх (у адрозненне ад сённяшняга часу), ды яшчэ трэба было пашукаць, хто ў тыя часы стаў бы марнаваць каштоўную фотаплёнку на гэткія «пейзажы».Таму, спадзявацца, што хтосці захавае
на здымках нічым не прыкметную ўскраіну горада, не выпадала. Але тут я памыліўся. Зусім нядаўна атрымалася спраўдзіць мару дзяцінства: знайшліся фатаграфіі з далёкіх 1960-х гадоў, дзе якраз бачна, як будуюць наш дом і ідзе забудова Савецкага раёна. Гэта стала магчыма дзякуючы інтэрнэту, сацыяльным сеткам і знаёмству з былой жыхаркай Гомеля Ірынай Янке (Лукашэвіч), чый бацька быў вялікім аматарам фатаграфіі.

Праз паўтары дзесяцігоддзі, як бачым на фотаздымку 4, тое месца ўжо не пазнаць. Але менавіта такім яно і памятаецца з маленства, бо ўсё яно прайшло ў ваколіцах гэтага раёна. Вакол нашага дома ўзняўся цэлы лес, перад з’явіўшымся будынкам адміністрацыі
сфарміравалася сапраўдная плошча з клумбамі, газонамі, фантанам, які асабліва запомніўся, таму што заўжды была прыемна папляскацца летам ў яго вадзе, што і рабілі ўсе дзеці з наваколля. Нажаль, ён працаваў рэдка, а потым і зусім быў дэмантаваны як і большасць фантанаў горада канца 1980-х.

Фота:Ірыны Янке (Лукашэвіч)Плошча перад домам 4 г па Рэчыцкай шашы (зараз Рэчыцкі Праспект) у пачатку 1970-х гадоў. Сустрэча Новага года. Яшчэ няма будынка адміністрацыі раёнаАд пачатку Рэчыкай шашы паралельна ёй ішла доўгая чарада магазінаў (з якіх да сёння па першасным прызначэнні працуе толькі магазін мэблі). Яе пачынаў вядомы гастраном «Стужачка» («Ленточка») і завяршала бюро падарожжаў, край якого бачым на фота 4.

У 1985 годзе бюро падарожжаў з’ехала на Чырвонаармейскі праезд. Гэта сталася добрай падзеяй, таму што на ягоным месцы адкрылася кавярня «Пышачная», і я часта туды бегаў за пышкамі, якія пякліся там жа. А яшчэ там было смачнае марозіва, што можна было купіць на вагу ў свой посуд. Я яго часам купляў цэлымі літровымі шклянкамі. Зараз там знаходзіцца піцэрыя.

Яшчэ адным аб’ектам, які не мог застацца па-за ўвагай малога хлопца, гэта значыць, мяне, быў завод «Эмальпосуд», які мясціўся побач з нашым домам. Ягонымі дзвума асаблівасцямі з’яўляліся: грукат, што разыходзіўся вакол, калі працаваў прэсавы цэх, і смярдзючы цёмна-сіні дым, які выходзіў апоўдні з трубы, вісеў над плошчай непасрэдна перад райвыканкамам і бесперашкодна ўваходзіў у нашыя кватэры нават праз зачыненыя вокны.

Тэрыторыя завода ў той частцы, што выходзіла на Рэчыцкую шашу, выглядала вельмі прывабна, і уключала невялікую зону адпачынку з клумбамі, фантанам, ажурнай агароджай і па-мастацку вырабленымі ліхтарамі ў выглядзе падсвечнікаў, якія прыгожа свяцілі па вечарах. Праз гады завод спыніў сваю дзейнасць, цэх вельмі доўгі час стаяў занядбаны. У падлеткавыя гады заўсёды хацелася там палазіць, але ён быў абнесены высокім бетонным плотам з калючым дротам паверху, фарсіраваць які так і не атрымалася.

Фота з сямейнага архіву Ірыны Янке (Лукашэвіч)Завод «Эмальпосуд». 1970-я гадыЗараз гэтае месца набыло вялікую папулярнасць у горадзе, а можа, і ў вобласці, бо ў будынку былога завода месціцца гандлёвы цэнтр «Мандарын-плаза». Хто бы мог падумаць у тыя гады майго дзяцінства, што кожны дзень тысячы наведвальнікаў будуць набываць усё, што захочуць, забыўшы, што такое дэфіцыты і чэргі (пра якія колькі слоў распавяду ніжэй) не ў маленькіх магазінах «Гастраном», «Гарызонт», «Хлебны», а ў сапраўдных гіпермаркетах, якія займуць месца былых заводаў?

Трэба адзначыць, што хаця дзяцінства прыйшлося на сярэдзіну-канец 1980-х і пачатак 1990-х гадоў - час які, сёння можна назваць нестабільным, яно ўспамінаецца выключна пазітыўна. Нездарма кажуць, што ў сучаснага пакалення няма таго дзяцінства, большая частка якога праходзіла на вуліцы, праходзіла разнастайна і актыўна. І невядома, ці будзе што ўспомніць сённяшнім дзецям гадоў праз дваццаць?!

Гулялі ў дварах у розныя гульні. У нашым двары, здаецца, найбольш улюбёнай была «казакі-разбойнікі» — помесь хованак, вулічнай вайны, і іншых «аўтарскіх» дэталяў. Гэтая гульня патрабавала выпрацоўкі навыкаў сачэння, вывучэння асноў крыміналістыкі і, зразумела, вулічнай дракі.

Запомніўся выпадак, калі падчас гэтых гульняў у зараслях дрэў і кустоў, што былі вакол нашага дома, я знайшоў вельмі каштоўную рэч — талон на мыла, які хтосці згубіў (хто памятае 1990−1991 гады — не здзівіцца каштоўнасці гэтай знаходкі). Назаўтра ж гэты талон быў скарыстаны па прызначэнні ў магазіне «Арэса», што месціўся на праспекце Кастрычніка. Там «давалі» імпартнае егіпецкае мыла з дзіўным усходнім пахам. Дваццаць хвілін стаяння ў чарзе — і я трымаў свой унёсак у сямейныя запасы, які потым бярогся яшчэ некалькі гадоў.

Наступным разам мы з сябрам знайшлі цэлы пачак талонаў на гарэлку, але той аказаўся спрытнейшы за мяне і схапіў усе іх першы. Я некаторы час крыўдаваў, што ён не падзяліўся.

Наогул, чэргі за ўсім — гэта першае, што ўспамінаецца, калі прыгадваеш атмасферу тых гадоў. Малым ненавідзеў іх, але хутка зразумеў, што, напэўна так і трэба, і гадоў з дзесяці нават займаў іх (у бліжэйшыя магазіны хадзіў сам гадоў з пяці-шасці). Як мне здавалася, самыя доўгія чэргі збіраліся ў магазіне «Юбілейны», што быў на вуліцы Жукава.

Фота з сямейнага архіву Ірыны Янке (Лукашэвіч)Чарга за бульбай у магазіне «Овощи-фрукты». 1970−1980-е гадыАднойчы выстаяў гадзіны дзве ў чарзе за цукрам, і калі ўжо купіў яго ўбачыў, што не ўсе талоны ўдалася «атаварыць», бо два з іх я забыў дома. Хутка ўзяўшы іх і вярнуўшыся на месца падзей я, зразумела, палез па-за чаргой. Дарэмна я спрабаваў дарослым дзядзькам і цёткам распавясці, што толькі дзесяць хвілін таму стаяў тут, ды не ўзяў адразу ўсе талоны, таму вярнуўся. Ніхто не памятаў, што тут стаяў якісці малы. І хаця наспяваў скандал з бойкай, я ўсё адно прашчаміўся да касы і ўзяў тыя два кілаграмы цукру.

А яшчэ адным разам сапраўдную бойку мы з маці заспелі на цэнтральным рынку. Бачым, стаіць натоўп людзей у выглядзе кола, у цэнтры якога дзве сярэдняга веку жанчыны біліся насмерць, падраўшы адна адной сукенкі і сподняе. І ніводзін чалавек не падыходзіць іх разняць. Як высветлілася пазней — яны не падзялілі чаргу за персікамі.

Фота: Юрыя ЗайцаваФота: Юрыя ЗайцаваТакія выпадкі былі частыя і ў магазінах, і ў дварах, і ва ўстановах, куды людзі прыходзілі каб вырашыць тыя ці іншыя жыццёвыя праблемы, бо час быў непросты, аднак цікавы, хаця хтосці не пагадзіцца з тым, што гэта можна лічыць цікавым. Але ў дзяцінстве дынамічныя і імклівыя падзеі заўсёды ўражваюць і запамінаюцца.

Далёкія ўспаміны і сны амаль заўсёды паўстаюць у шэрых танах. Напэўна, гэта ўласцівасць памяці з часам размываць яркія фарбы. Але, тое не тычыцца гэтай гісторыі, таму што Гомель часоў майго дзяцінства (ва ўсялякім выпадку, тая частка горада, пра якую я распавядаю) быў сапраўды шэрага колеру. Ні цагляныя, ні панэльныя дамы ніколі не фарбаваліся і ўсе мелі брудна-шэрае адценне. Напрыклад, па вуліцы Рэчыцкая шаша (зараз — праспект) толькі такія дамы і сустракаліся. Хаця былі некаторыя выключэнні: на некалькіх дамах былі даволі арыгінальныя пано, якія славілі працоўныя, спартыўныя перамогі і мірнае шчаслівае жыццё, і не маглі не прыцягнуць увагу. Цяпер іх ужо не пабачыць, бо яны схаваны пад тэрмашубай.

Фота А.П. Пятрова-РудакоўскагаАдзін з двух апошніх захаваных ліхтароў-падсвечнікаў з тэрыторыі былога завода «Эмальпосуд». 2016 годНаш дом на сорак другім годзе свайго жыцця таксама спазнаў свой першы капітальны рамонт з тэрмарэнавацыяй і рознакаляровай афарбоўкай у выніку чаго яго стала не пазнаць. Шэрыя колеры адышлі ў мінулае і змяніліся на жоўта-салатныя. Таму, нягледзячы на настальгію і прыемныя дзіцячыя ўспаміны, трэба адзначыць, што зараз наш дом, ды не толькі ён, а ўвесь Савецкі раён і ўвесь горад выглядаюць нашмат аптымістычнее і прыгажэй чым раней.

Читайте новое за сегодня ↓ или Оставить комментарий

     



Закрыть окно

А Ваше какое мнение? Оставьте комментарий о новости без регистрации:


Ссылка на источник: Шэры «Гомель майго дзяцінства» ад Антона Пятрова-Рудакоўскага


Перейти в Афишу, посмотреть Курсы Валют на сегодня, Главные новости

тв программа на сегодня

задать вопрос юристу


inf

inf