«Цяпер я зладзейка» — жанчына абаранілася ад «дармаедзтва», але нажыла праблемы брату

Источник: tut.by
Размер шрифта: А А А

56-гадовая жыхарка Чэрыкава Ала Пятрова дамаглася, каб яе імя выкраслілі са спісаў «дармаедаў». У 2015 годзе ёй паставілі анкалагічны дыягназ і зрабілі аперацыю. Але ўсё адно давялося 4 месяцы збіраць мэдычныя даведкі і даводзіць чыноўнікам, што яна не «сацыяльны ўтрыманец».

Фото: svaboda.org
Цяпер яна занепакоеная сытуацыяй з братам. Ад яго патрабуюць сплаціць грошы, патрачаныя Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва на сястру з прычыны яе часовай непрацаздольнасьці. На гэтае пытанне звярнуў увагу Камітэт дзяржаўнага кантролю. Сума, якую спрабуюць спагнаць з брата, у два разы перавышае тую, якую павінна была сплаціць ягоная сястра згодна з дэкрэтам № 3.

Пасля 35 год працоўнага стажу — «дармаедка»

Гісторыя з «дармаедзтвам» Пятровай пачалася кастрычніцкім ранкам 2016 году. У паштовай скрынцы, крыху ачуняўшы ад перанесенай анкалогіі, жанчына знайшла «ліст шчасця». Таваразнаўцу з 35-гадовым стажам за год да пенсіі запісалі ў «дармаеды» і абавязалі сплаціць падатак на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Тады жанчына яшчэ ня ведала, што дамагацца выкрэсліваньня свайго імя са спісаў «сацыяльных утрыманцаў» ёй давядзецца чатыры месяцы.

«Вось тут маё шчасце, — з сарказмам казала жанчына, раскладаючы на стале сваю перапіску з дзяржаўнымі арганізацыямі, якія вырашалі, ці „дармаедка“ яна. — Гэта дакумэнты пра мой 2015 год: дзе я тады працавала, колькі лячылася і ляжала ў шпіталі».

Чэрыкаўскі раён — адзін з найбольш пацярпелых на Магілёўшчыне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Многія тутэйшыя вёскі адселеныя і ўжо пахаваныя. Сам райцэнтар — за пару дзясяткаў кілямэтраў ад зніклага паселішча Вепрын. Менавіта стан экалогіі, лічыць Ала Пятрова, і стаў прычынай захворвання.

Фото: svaboda.orgПа словах Алы Пятровай, у раённай падатковай інспекцыі слухаць яе тлумачэньні ня сталі. Давялося зьвяртацца ў мэдычныя ўстановы, каб выдалі даведкі пра стан здароўя і лячэньне.

«Выціскала іх сваімі хворымі каленямі, — перабіраючы даведкі, кажа суразмоўніца. — Медыкі з неахвотай давалі выпіскі, бо непакоіліся, што я пазней магу на іх падаць у суд. Я іх супакойвала, спасылаючыся на тое, што ёсць гісторыя хваробы, дзе ўсё пазначана. Сабрала выпіскі і занесла іх у „адно акно“ Там запатрабавалі прынесці даведкі пра заробкі мужа і маю пенсію, бо ў 2016 я ўжо была на пенсіі...»

«З прычыны адсутнасьці дастатковых падставаў адмовіць у льготах па сплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, прадугледжанага дэкрэтам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“», — адпісалі Але Пятровай з Чэрыкаўскага райвыканкаму.

«Атрымаўшы такі адказ, я зразумела, што для ўлады просты чалавек ніхто», — стомлена выдыхнуўшы, кажа суразмоўніца.

У адным з лістоў Але Пятровай напісалі, што яна павінна заплаціць не 360 рублёў збору за «дармаедзтва», а 298. Чыноўнікі адмінусавалі 59 дзён у 2015 годзе, калі яна была на бальнічным.

Старшыня аблвыканкаму Даманеўскі Пятровай: «Зьвяртайцеся ў райвыканкам»

Не знайшоўшы праўды ў Чэрыкаве, жанчына звярнулася да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага, калі ў яго была «прамая лінія» з насельніцтвам. Той загадаў на райвыканкамаўскай камісіі індывідуальна разабрацца са скаржніцай. На камісію, цвердзіць жанчына, яе не запрашалі. Яна наагул сумняваецца, што яе пытанне разглядалася. Рашэнне было для Пятровай адмоўнае.

«У мяне няма даверлівага стаўленьня да мясцовых органаў улады, таму прашу вас перагледзець рашэнне Чэрыкаўскага райвыканкаму, зыходзячы з сацыяльнай справядлівасьці», — пісала Даманеўскаму Ала Пятрова.

Той адказаў ёй празь месяц:

«Паколькі збор сплочваецца ў раённы бюджэт, таму пытанне ільготаў знаходзіцца ў кампетэнцыі райвыканкаму...»

Фото: svaboda.orgБудынак Чэрыкаўскага райвыканкаму«Гэта парадокс, калі чалавека перадпенсійнага веку прымушаюць працаваць. Няўжо, адпрацаваўшы тры дзясяткі гадоў, я не магла назбіраць сродкаў, каб у 2015 годзе жыць на іх? Чаму я не фінансую нашу дзяржаву? Я ж іду ў краму і купляю там харчы. У каго такі кучаравы розум, які выдумаў такі дэкрэт? — кажа суразмоўніца. — Выходзіць, калі за плячыма дзясяткі гадоў працы, але ты апынуўся ў цяжкой жыццёвай сітуацыі, дзяржава з лёгкасьцю можа навесіць ярлык, што ты „ўтрыманец“. Такая, відаць, дзяржава ў нас».

У Чэрыкаве вялікіх прадпрыемстваў няма. У бальшыні сваёй гэта камунальныя арганізацыі. Функцыянуе з дзясятак прыватных прадпрыемстваў, якія спэцыялізуюцца на дрэваперапрацоўцы. Акрамя таго, працоўныя месцы ствараюць гандлёвыя фірмы, якія перажываюць ня лепшыя часы, бо спажывецкая актыўнасьць упала. Нямала жыхароў раёну шукаюць заробку ў недалёкай Расеі. Райцэнтар стаіць на найбуйнейшай транзітнай магістралі рэгіёну. Шаша вядзе ў Расейскую Фэдэрацыю.

З аповеду суразмоўніцы вынікала, што сітуацыя са сплатай збору «за дармаедзтва» зрушылася з месца, калі ў дэкрэт былі ўнесеныя папраўкі, якія дазваляюць мясцовай уладзе літасціва ставіцца да тых «сацыяльных утрыманцаў», якія сутыкнуліся са складанымі жыцьцёвымі абставінамі. Ала Міхайлаўна кажа: як былі агучаныя папраўкі, то зноў пачала аббіваць парогі чыноўніцкіх кабінэтаў і дэпутацкіх прыёмных. Урэшце сесія райсавету вызваліла яе ад сплаты падатку на падставе «цяжкой жыццёвай сітуацыі».

«Ня буду гадаць, што змусіла дэпутатаў прызнаць такі факт: ці то мае скаргі ў розныя інстанцыі, ці то іхная міласэрнасьць, — пісала ў сваім звароце да райсавету Пятрова. — Раней на камісіі райвыканкаму мне ў гэтым было адмоўлена. Мне настолькі абрыдлі разборкі з уладамі, што я ня маю ніякага натхнення ад таго, чаго дамаглася праз сваё няшчасце-шчасьце».

Фото: svaboda.orgБілборд на адной з цэнтральных вуліц Чэрыкава, якая вядзе ў забруджаныя радыяцыяй раёныВінавацяць у фіктыўным працаўладкаванніАле на гэтым праблемы Алы Пятровай ня скончыліся. Цяпер яе вінавацяць у фіктыўным працаўладкаваньні. Брат Пятровай Віктар Раманаў — прадпрымальнік. Ён аформіў у сваёй арганізацыі сястру прадаўцом незадоўга да таго, як ёй прызначылі хірургічную апэрацыю.

«Яна ўладкавалася на працу прадаўцом да свайго брата Раманава, — зьвяртае ўвагу першы намеснік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці Юры Фралоў, — імаверна дзеля атрымання аплаты лістка са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».

Фото: svaboda.orgДзяржкантроль: разабраццаСупрацоўнік Дзяржкантролю прапанаваў «вывучыць першасныя дакумэнты ў пэрыяд працы Пятровай у 2015 годзе прадаўцом на прадмет фіктыўнага працаўладкавання». На ягоную думку, Пятрова ведала пра хірургічную апэрацыю. Фралоў адзначыў, што з пачатку 2015 году яна нідзе не працавала.

Ліст з меркаваннем супрацоўніка дзяржкантролю Віктару Раманаву, па ягоных словах, далі ў раённым аддзеле Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, калі ён пачаў разбірацца ў прычынах прэтэнзіяў да яго.

Такі паварот у сваёй гісторыі з «дармаедзтвам» Ала Пятрова разглядае як помсту ўладаў за яе ўпартасьць у абароне сваіх правоў. Кажа, што была на прыёме ў Фралова і расказвала яму пра абставіны свайго жыцця, якія дазваляюць ёй разлічваць на адмену сплаты падатку па дэкрэце № 3.

«Фралоў толькі ў самым канцы свайго ліста згадвае пра неабходнасьць разгледзець маё пытаньне, — звярнула ўвагу яна. — Выходзіць, я ня толькі „сацыяльны ўтрыманец“, але яшчэ і зладзейка, якая абабрала дзяржаўную казну, каб незаконна атрымаць дапамогу. Калі б я не назаляла чыноўнікам, то не было б праблемаў у брата».

Суразмоўніца настойвае: пра сур’ёзныя праблемы са здароўем, а пагатоў пра апэрацыю ня ведала. Калі ж даведалася пра захворваньне, то нікому пра яго не казала. Калі надышоў час абследаваньня, узяла адпачынак за свой кошт.

Абласное ўпраўленьне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва тым часам лічыць, што Пятрова ня мела права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці за кошт сродкаў дзяржаўнага страхаваньня. Ад бізнэсоўца патрабуюць вярнуць выплаты на Пятрову ў суме 730 рублёў да першага красавіка 2017 году.

Ала Пятрова: прэтэнзіі да брата — помста за маё змаганьне

Віктар Раманаў ня хоча казаць, як ён спрабуе вырашыць спрэчку. Сваёй віны, ва ўсякім разе, не прызнае.

«Няўжо жанчына з 35-гадовым працоўным стажам не зарабіла сабе на страхаваньне? — пытаецца ён. — Цяпер яе лічаць зладзейкай, якая падманула мяне і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зразумела, што я ня буду маўчаць, а буду бараніцца».

У раённым аддзеле фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не выключаюць, што ў выпадку невыкананьня прадпрымальнікам патрабавання абласное ўпраўленне можа звярнуцца з пазовам у суд. У аддзеле таксама паведамілі, што Раманаў напісаў ліст у Міністэрства сацыяльнай абароны, каб яму аргумэнтавалі падставы прэтэнзіяў да яго.

Паводле жанчыны, яе прыклад адстойвання права не плаціць падатак стаў для службоўцаў практычным дапаможнікам у тлумачэньні «складаных жыцьцёвых сітуацыяў».

Фото: svaboda.org

«У Міністэрстве аховы здароўя мне сказалі, што я апярэдзіла іхныя намеры разаслаць мэдычным установам рэкамэндацыі, каб тыя выдавалі даведкі пра стан здароўя пацыентаў дзеля льготаў на сплату падатку на дармаедзтва, — кажа Ала Пятрова.

Хто мусіць плаціць збор, чыноўнікі вызначалі, на яе думку, гэткім парадкам:

«Калі ў чыноўнікаў ёсьць зьвесткі, што ў чалавека ёсьць грошы, то ён ня можа быць у цяжкой жыццёвай сытуацыі. Каб я стала пад царквой з працягнутай рукой, то ад мяне б адчапіліся. Я і думала на такое пайсьці. Нават падрыхтавала была дзве таблічкі. На адной надпіс: „35 год адпрацавала“, а на другой, што я „дармаед“. Задуманага, аднак, здзейсьніць мне не ўдалося, бо мне дазволілі не плаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў», — кажа Ала Пятрова.

Читайте новое за сегодня ↓ или Оставить комментарий

     



Закрыть окно

А Ваше какое мнение? Оставьте комментарий о новости без регистрации:


Ссылка на источник: «Цяпер я зладзейка» — жанчына абаранілася ад «дармаедзтва», але нажыла праблемы брату


Перейти в Афишу, посмотреть Курсы Валют на сегодня, Главные новости

тв программа на сегодня

задать вопрос юристу


inf

inf