Афиша

Ноч музеяў: Ноч мастацтваў у Лошыцкай сядзібе

Описание:

20 мая 2017 г. музей “Лошыцкая сядзіба” – філіял ДУ “Музей гісторыі горада Мінска” у другі раз далучаецца да Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.

Акцыя пройдзе пад агульным дэвізам “Ноч мастацтваў у Лошыцкай сядзібе”. Падчас мерапрыемства ў старадаўняй сядзібе ўдзельнікі музейнай ночы паспрабуюць аднавіць атмасферу Лошыцы пры апошніх яе гаспадарах – Яўстафію Іванавічу і Ядзвізе Геронімаўне Любанскіх. У тыя часы ў маёнтак часта з’язджаліся вядомыя музыкі і мастакі, а дом бачыў шмат цікавых гасцей.

Напачатку вечара ў прысядзібным флігеле вас сустрэне лошыцкі аканом – даволі заняты, але ж, як прынята ў сядзібе, заўсёды рады гасцям. Ён распавядзе пра клопаты вялікай гаспадаркі і паўсядзённае жыццё маёнтка, і нават адкрые некаторыя патаемныя дзверы. На другім паверсе аканом пазнаёміць з мастацтвам беларускай гарбатнай цырымоніі і пачастуе цудоўным напоем.

У сядзібным доме наведвальнікаў музейнай ночы будуць чакаць Клатыльда і Зафія Кеневіч – сёстры пані Ядзвігі. Яны пазнаёмяць гасцей з жыццём дома і сям'і, прадэманструюць лепшыя свецкія манеры і зачаруюць сваёй прыгажосцю і адукаванасцю. Пад іх чулым кіраўніцтвам усе жадаючыя атрымаюць магчымасць папрактыкавацца ў словатворчасці, далучыўшыся да самых папулярных салонных забаў мяжы XIX - XX стст. – бурымэ, скрабла, шарадаў.

Падчас канцэрта “Музыка ў беларускіх сядзібах” з аўтарскай праграмы “Майскія музычныя вечары” у Белай зале вы адчуеце сябе ганаровымі гасцямі музычнага салона Любанскіх. Класічная музыка загучыць у гэты вечар па-асабліваму ўрачыста і святочна, дзякуючы выканаўцам міжнароднага музычнага праекта “Маладыя галасы”.

Ніводная вечарына ў Лошыцы не абыходзілася без танцаў. Развучыўшы пры дапамозе артыстаў з праекта Balance летуценны падэпацінёр, дынамічны рэгтайм, вясёлы ванстэп і рамантычны вальс, вы зможаце стаць паўнапраўным удзельнікам балю пачатку ХХ стагоддзя.

Лірычны настрой дапаможа адчуць паэзія ХІХ стагоддзя, якая будзе гучаць у залах сядзібнага дома. Вы зможаце прадэманстраваць свой літаратурны талент і нават атрымаць узнагароду ад гаспадара сядзібы Яўстафія Любанскага.
Да народнай культуры можна далучыцца бліжэй да кульмінацыі вечара. Народны хор пры кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў выканае беларускія песні ў аўтэнтычнай спеўнай манеры, будзе гучаць дударская і смыкавая музыка.

Для аматараў спакойнага адпачынку падрыхтавана займальная кінападборка – дакуменальныя фільмы пра Лошыцу, стылі мастацтва, а таксама легендарныя кіналенты часоў нараджэння кінематографа.

Праграма "Ноч музеяў - 2017"
20 мая 2017 г.
18:00 - 23:00

Ноч мастацтваў у Лошыцкай сядзібе
Музей "Лошыцкая сядзіба"
праезд Чыжэўскіх, 8-2, 10, т. +375 (17) 285-18-86
Міжнародная акцыя “Ноч музеяў 2017” пройдзе пад дэвізам “Ноч мастацтваў у Лошыцкай сядзібе”, дзе мы разам з вамі паспрабуем аднавіць атмасферу старадаўняй сядзібы, якой яна была пры апошніх гаспадарах Лошыцы Яўстафію Іванавічу і Ядзвіге Геронімаўне Любанскіх. У тыя часы ў маёнтак часта з’язджаліся вядомыя музыкі і мастакі, і дом бачыў шмат цікавых гасцей.

18:00 - 19:00
Як сустракалі гасцей
У Лошыцы гасцей рады сустрэць нават заўсёды заняты аканом, які распавядзе пра клопаты вялікай гаспадаркі і паўсядзённае жыццё маёнтка і адкрые некаторыя патаемныя дзверы.
У сядзібным доме вас чакаюць Клатыльда і Зафія Кеневічы - сёстры пані Ядзвігі. Яны пазнаёмяць з жыццём дома і сям'і, прадэманструюць лепшыя свецкія манеры і зачаруюць сваёй прыгажосцю і адукаванасцю.

19:00 – 20:10
Салон
Музыка ў беларускіх сядзібах
У Белай зале наведвальнікі музея адчуюць сябе ганаровымі гасцямі музычнага салона старасвецкай сядзібы. Музыка ў Лошыцы гучыць па-асабліваму ўрачыста і святочна, дзякуючы артыстам міжнароднага музычнага праекта “Маладыя галасы” і іх аўтарскай праграме “Майскія музычныя вечары”.

20:10 – 21:10
Салон
Танцавальная імпрэсія
Каб танцаваць на Лошыцкім балі, зусім неабавязкова быць выпускніком школы танцаў. Наведвальнікі музейнай ночы змогуць развучыць летуценны падэпацінёр, дынамічны рэгтайм, вясёлы ванстэп, рамантычны вальс і стаць удзельнікамі сапраўднай вечарыны эпохі мадэрна, якую зладзяць удзельнікі праекта Balance.

21:10 – 21:50
Кабінет-канапная
Літаратурны салон
Лірычны настрой дапаможа адчуць паэзія ХІХ стагоддзя, якая будзе гучаць у залах сядзібнага дома. Вы зможаце прадэманстраваць свой літаратурны талент і нават атрымаць узнагароду ад гаспадара сядзібы Яўстафія Любанскага.

22:00 – 23:00
Вялікая экспазіцыйная зала
Народны хор "Талака"
Да народнай культуры запрашаем далучыцца бліжэй да кульмінацыі вечара. Народны хор "Талака" будзе выконваць беларускія песні ў аўтэнтычнай спеўнай манеры. Усе жадаючыя змогуць патанцаваць пад акампанемент дударскай і смыкавай музыкі. Мастацкі кіраўнік калектыва - Вячаслаў Калацэй, кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры Этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

18:00 - 23:00
Для аматараў спакойнага адпачынку падрыхтавана займальная кінападборка - дакуменальныя фільмы пра Лошыцу, стылі мастацтва, а таксама легендарныя кіналенты часоў нараджэння кінематографа.
Для тых жа, хто жадае папрактыкавацца ў словатворчасці - самыя папулярныя салонныя забавы мяжы XIX - XX стст: бурымэ, скрабл, шарада.





Перейти в Афишу, посмотреть Курсы Валют на сегодня, Главные новости

тв программа на сегодня

задать вопрос юристу


inf

inf