паводле твораў Мар’яна Хемара, Юльяна Тувіма, Луіджы Дэнца, Джаакіна Расіні, Віктара Шалкевіча
Рэжысёр – Мікалай Пінігін Лібрэта – Мікалай Пінігін, Ігар Скрыпка Мастак-пастаноўшчык – Алена Ігруша Аранжыроўка – Уладзімір Кур’ян Балетмайстар – Наталля Карчэўская Педагог па вакале – Лусінэ Налбандзян Пераклад песень з польскай мовы на беларускую – Наталля Русецкая
Прэм’ера – 31 кастрычніка 2012 года Працягласць – каля 2 гадзін Спектакль “Местачковае кабарэ” – гэта рэжысёрская фантазія, спроба ўявіць сабе астравок буржуазнага жыцця, які мог напраўду існаваць у Слоніме, Баранавічах, Гародні ці іншых гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі дзе-небудзь у 30-я гады мінулага веку – складаны, зменлівы і насычаны час, поўны адчування шчасця і свабоды.
На думку рэжысёра Мікалая Пінігіна, у беларускім местачковым кабарэ абавязкова спявалі б польскія, беларускія песні, песні на ідыш, штовечар збіраліся б аматары моднага на той час буржуазнага адпачынку. Менавіта таму ў спектаклі выкарыстана шмат твораў польскага паэта, аўтара песень і стваральніка кабарэтных спектакляў Мар’яна Хемара, творы паэта Юльяна Тувіма, музыка італьянскіх кампазітараў Луіджы Дэнца і Джаакіна Расіні, а таксама вядомыя песні Віктара Шалкевіча і народная музыка. Музычныя часткі спектакля злучаюць дасціпныя гісторыі-анекдоты – шмонцэсы.